Памятаць і быць удзячнымі

Па ўсёй краіне стартавалі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Патрыятычныя акцыі дапамагаюць вывучаць урокі мінулага, актуальныя ва ўсе часы. З мэтай патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення на прыкладзе подзвігу беларускага народа Міністэрствам адукацыі сумесна з галоўнымі ўпраўленнямі па адукацыі рэгіёнаў складзены план наведванняў навучэнцамі памятных месцаў, музеяў, мемарыяльных комплексаў. Так, на Міншчыне напярэдадні важнай гістарычнай даты навучэнцы змаглі наведаць шэраг знакавых мясцін.

Навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя наведалі помнікі і мемарыялы Барысаўскага раёна, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. А кульмінацыяй іх гістарычна-патрыя-тычных падарожжаў стала паездка ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Трагічную гісторыю спаленай вёскі юнакам і дзяўчатам расказала выкладчыца гісторыі ліцэя Алена Уладзіміраўна Андрэева. У склад групы, што адправілася ў Хатынь, увахо-дзілі першакурснікі, якім раней не даводзілася бываць у месцы, што стала сімвалам трагедыі беларускага народа ў гады вайны.

Мемарыяльны комплекс “Хатынь” наведалі таксама вучні Івянецкай сярэдняй школы Валожынскага раёна ў рамках школьнай патрыятычнай акцыі “Глядзі і памятай”, прымеркаванай да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Навучэнцы Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя, актывісты БРСМ і валанцёрскага атрада “Ліцэіст” наведалі мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. Валанцёрскі атрад ліцэя працуе ў грамадзянска-патрыятычным напрамку. Валанцёры клапоцяцца аб ветэранах і займаюцца добраўпарадкаваннем месцаў пахавання герояў. Выхаваўчая работа ва ўстанове будуецца такім чынам, каб падчас вучобы ліцэісты абавязкова наведалі ўсе памятныя месцы Чэрвеньскага раёна. Асаб-лівую ўвагу тут удзяляюць мемарыяльнаму комплексу “Папова Града”, які ўвекавечвае памяць вёскі, што раздзяліла лёс Хатыні. Наведванне Кургана Славы стала для ліцэістаў адметнай і хвалюючай падзеяй.

— Памяць аб нашых продках — гэта святое. Кожны ў нашай краіне абавязаны памятаць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і разумець каштоўнасць Вялікай Перамогі. У ліцэі мы робім усё магчымае, каб гістарычная памяць стала падмуркам для выхавання навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Уладзіміраўна Тамковіч. — Дзякуючы паглыбленню ў гісторыю, датычнасці да мемарыялаў, юнакі і дзяўчаты па-іншаму ставяцца да жыцця, разу-меюць, што такое сапраўдныя каштоўнасці, становяцца міласэрнымі, удзячнымі за тое, што сёння маюць.

Наведванне навучэнцамі ўстаноў адукацыі памятных месцаў стала важнай часткай і абласнога свята Піянерскай дружбы. Урачыстае мерапрыемства сабрала разам 350 навучэнцаў з усіх раёнаў Мінскай вобласці і Жодзіна. Піянеры ўсклалі кветкі да помніка Г.К.Жукаву, а таксама наведалі гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэем.