Памятаць правілы, каб захаваць жыццё

- 12:33Сацыяльны ракурс

Як паказваюць злёты юных інспектараў дарожнага руху, ПДР ведаюць далёка не ўсе

Як сведчыць статыстыка, за няпоўныя два месяцы мінулага лета на тэрыторыі Брэсцкай вобласці зарэгістраваны 82 ДТЗ з удзелам дзяцей: пяцёра непаўналетніх загінулі і 82 атрымалі цялесныя пашкоджанні. Толькі ў Пінску было зарэгістравана 6 ДТЗ. Гэта 15% ад усіх дарожна-транспартных здарэнняў па краіне. Лета-2015 не за гарамі, таму тэма дарожна-транспартнага траўматызму дзяцей сёння набывае асаблівую актуальнасць.

Старшы інспектар УДАІ Брэсцкага аблвыканкама маёр міліцыі Наталля Мілюкова заўважае, што найбольшая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх прыходзіцца на жнівень — верасень. Напрыклад, у мінулым годзе за гэты перыяд загінулі 9 і атрымалі цялесныя пашкоджанні 55 дзяцей. Тлумачыцца такое становішча тым, што школьнікі пасля летніх канікул паводзяць сябе легкадумна, няўважліва. Таму ДАІ штогод у гэты час праводзіць мерапрыемства “Увага — дзеці!”.
Па словах Наталлі Віктараўны, важна, каб Правілы дарожнага руху сістэматычна вывучаліся, як біялогія або матэматыка. Бяспека дзяцей на дарогах павінна быць на першым месцы. Нездарма кожнае ДТЗ з удзелам дзяцей, як гром з яснага неба, узрывае грамадскасць. Прадухіліць жа такія здарэнні ў нашых сілах.
Менавіта з гэтай мэтай штогод у Баранавіцкім раёне праводзіцца злёт юных інспектараў дарожнага руху. Традыцыйна гэтае мерапрыемства (сёлета 37-ы раз) прайшло на базе сярэдняй школы ў пасёлку Мірны. Тут створаны сучасны гарадок для вывучэння ПДР, выкладчык фізічнага выхавання і здароўя Васіль Васільевіч Ярмольчык праводзіць круглагадовую ўнутрышкольную спартакіяду. Наогул, у Мірным праходзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў на ўзроўні раёна і вобласці.
Судзілі конкурсы супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, аддзела адукацыі, спорту і турызму і раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа. Начальнік Баранавіцкага раённага аддзялення ДАІ падпалкоўнік міліцыі Андрэй Кучур заўважыў, што задачамі такіх злётаў з’яўляюцца папярэджанне выпадкаў дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, паляпшэнне вывучэння Правіл дарожнага руху, актывізацыя дзейнасці атрадаў юных інспектараў руху і распаўсюджванне перадавога вопыту работы, а таксама прыцягненне школьнікаў да ўдзелу ў прапагандзе сярод аднагодкаў правіл бяспечных паводзін на дарогах.
За перамогу змагаліся 14 каманд юных інспектараў дарожнага руху. 1 месца занялі навучэнцы Гарадзішчанскай сярэдняй школы. Яны і прадстаўлялі раён на занальным злёце, які крыху пазней прайшоў у сярэдняй школе № 2 Баранавіч. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел юныя інспектары руху з Бярозаўкі, Баранавіч (сярэдняя школа № 4 і раён), Ганцавіч, Івацэвіч, Пружан, Ляхавіч. Каманды прымалі ўдзел у пяці конкурсах: па аказанні першай медыцынскай дапамогі, веданні ПДР, конкурсе “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху”, па фігурным кіраванні веласіпедам, конкурсе “Агітацыйна-мастацкі паказ”.
Пры падвядзенні вынікаў злёту Н.Мілюкова адзначыла, што ён прайшоў цікава. Але ж гэтае мерапрыемства не ідзе ў параўнанне з тым, што прадставілі іншыя раёны вобласці, злёт якіх адбыўся раней, асабліва з тым, што тычыцца мастацкіх паказаў. Несумненна, былі прадстаўлены цікавыя сцэнарыі, але большасць паказаў праходзілі млява і сумна, дзецям не хапала жвавасці і запалу. Некаторыя каманды абмежаваліся канстатацыяй фактаў вядомай статыстыкі. Іншыя каманды “прамчаліся галопам” па дарожных знаках: расказалі, што яны дазваляюць і што забараняюць. Таму такія выступленні не мелі належнага эмацыянальнага ўздзеяння на гледачоў.
Па выніках спаборніцтваў у намінацыі “Агітацыйна-мастацкі паказ” 1 месца заняла каманда Гарадзішчанскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Яна перамагла і ў конкурсе “Аказанне першай дапамогі пацярпеўшым”. У намінацыі “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху” перамаглі юныя інспектары з Ганцавіч.
Наталля Мілюкова адзначыла, што ў цэлым усе каманды былі слабымі і ў тэарэтычным экзамене па ПДР, які яна судзіла. 3 усіх удзельнікаў гэтай намінацыі толькі чатыры школьнікі не дапусцілі ні адной памылкі. Некаторыя ўдзельнікі памыляліся па шэсць разоў. Шмат памылак канкурсанты дапусцілі па дарожных знаках. Лепшымі знаўцамі ПДР сталі выхаванцы раённага Цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці Ганцавіч. Яны ж вызначыліся ў фігурным кіраванні веласіпедам. І агульнакаманднае 1 месца прысуджана ім.
Дарэчы, іх да злёту рыхтаваў настаўнік гісторыі Алег Іванавіч Новік. Гэты вопытны педагог з’яўляецца энтузіястам руху. Ён ужо 17 гадоў рыхтуе каманду юных інспектараў да спаборніцтваў. Яго выхаванцам заўжды спадарожнічае поспех. Напрыклад, тры апошнія гады запар каманда займала першыя месцы.
Трэба адзначыць, што на злёце паспяхова выступіла дружная і зладжаная каманда Гарадзішчанскай сярэдняй школы, якая заняла 2 месца. 3 агульнакаманднае месца дасталася сярэдняй школе № 4 Баранавіч.

Канстанцін СТАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.