Памятаюць і ганарацца

- 10:18Выхаванне

Акцыя “Беларусь памятае” набірае абароты і пашырае маштабы. Да яе далучыліся і летнія лагеры. На Міншчыне за апошнія дні мерапрыемствы ў рамках акцыі прайшлі ў Дзяржынскім і Стаўбцоўскім раёнах. У цэнтральнай вобласці акцыя ладзіцца пад лозунгам “Беларусь памятае. Міншчына ганарыцца!”.

У аздараўленчым лагеры  “Сяброўства” Дзяржынскага раёна прайшла  ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”. Знаёмае многім з дзяцінства спаборніцтва трансфармавалі і зрабілі ўпор менавіта на патрыятычны складнік.

 Кожны з 4 атрадаў лагера ператварыўся ў пэўны род войскаў: пагранічныя, паветрана-дэсантныя, авіяцыйныя і танкавыя. Перад кожнай камандай стаяла задача прайсці ўсе этапы гульні, карыстаючыся маршрутным лістом, набраць пры гэтым як мага больш балаў і ў самы кароткі тэрмін вярнуцца са сцягам сваёй каманды. Гульцоў чакалі 6 этапаў. Удзельнікі спаборнічалі ў выпрабаваннях на трапнасць, дэманстравалі свае турыстычныя навыкі і ўменне арыентавацца на мясцовасці, арганізатары правяралі іх веданне воінскіх званняў і ўменне аказваць першую медыцынскую дапамогу. А галоўным выпрабаваннем стала віктарына “Патрыёт”, у якой дзеці адказвалі на пытанні аб Беларусі, гісторыі і культуры краіны і гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Адпачывальнікі ў аздараўленчым лагеры “Нёман”, што на Стаўбцоўшчыне, наведалі самыя цікавыя і знакавыя мясціны раёна. Удалося ім гэта зрабіць усяго за адзін дзень і нават не пакідаючы тэрыторыі лагера. Як такое магчыма? Супрацоўнікі лагера падрыхтавалі для дзецей віртуальную экскурсію “Славутыя імёны Бацькаў­шчыны”. Гэта гульня-квест, кожная станцыя якой была прысвечана пэўнай славутасці. Рухаючыся па станцыях, дзеці выконвалі заданні і даведваліся шмат цікавага. Напрыклад, на станцыі “Мой родны кут…” дзецям расказвалі аб Стаўбцоўшчыне як аб радзіме Якуба Коласа і аб філіялах літаратурнага музея, якія тут размешчаны. На станцыі “Дзяржынава” ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з Музеем-сядзібай Ф.Э.Дзяржынскага. Аб адным са скарбаў беларускай прыроды — Налібоцкай пушчы — даведаліся на аднайменнай станцыі. Таксама станцыі былі прысвечаны святыням Стаўбцоўшчыны і парку-музею інтэрактыўнай гісторыі “Сула”. 

Гераічныя падзеі мінулага і сучаснасці нашай краіны паўстаюць перад удзельнікамі мерапрыемстваў у рамках акцыі “Беларусь памятае”. У летніках такія мерапрыемствы маюць свае асаблівасці — яны прадугледжваюць больш рухальнай актыўнасці і гульнявых момантаў. Аднак яны паспяхова дасягаюць галоўнай мэты — фарміруюць грамадзянскасць і патрыятызм, духоўна-маральныя якасці і нацыянальную самасвядомасць.

Дар’я РЭВА.