Памятаюць і ганарацца

У Маларыцкай раённай гімназіі значная ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. З гэтай мэтай ладзяцца розныя мерапрыемствы. Не выключэннем стаў і сёлетні месячнік абаронна-масавага, спартыўнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання “Мы, нашчадкі Перамогі, славу Радзімы захоўваем”, прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і 100-гадовага юбілею Узброеных Сіл Беларусі.

Да агляду-конкурсу строя і песні “Прыгожы ў страі, моцны ў баі” вучні 5—11 класаў рыхтаваліся сур’ёзна на працягу некалькіх тыдняў. Класам неабходна было выступіць адзінай згуртаванай камандай. Сёлета спаборніцтва праводзілася ў 2 узроставых групах: сярод вучняў 5—7 і 8—11 класаў.

Адкрылася ўрачыстае мерапрыемства выступленнем каманды піянерскай дружыны імя Нюры Кіжаватавай “Рытм”, якая нядаўна ўдзельнічала ў І Рэспубліканскім конкурсе піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!” у намінацыі “Айчыне назаўжды верныя!”. Далейшыя выступленні ацэньвала журы на чале з лейтэнантам Максімам Севярынам з пагранічнай камендатуры “Маларыта”. Пераможцамі агляду-конкурсу сталі атрады 7 “Б” класа “Арляняты” і 8 “Б” класа “Юнацтва”.

Фестываль-конкурс ваенна-патрыятычнай песні “Я памятаю! Я ганаруся!” сабраў не толькі настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, але і служачых тэрміновай службы пагранічнай камендатуры “Маларыта”, і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыла мерапрыемства дзесяцікласніца Таццяна Равінская, пераможца раённага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”. Дзяўчына прачытала на памяць урывак з дакументальнай аповесці Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”.

Падчас фестывалю-конкурсу дзеці танцавалі і спявалі ваенныя песні. Журы адзначыла лепшыя выступленні ў 5 намінацыях. Лепшыя нумары падрыхтавалі вучні 6 “А”, 6 “Б”, 7 “А”, 7 “Б” і 8 “А” класаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.