Памятаюць і паважаюць

- 9:30Адукацыйная прастора

З нагоды 60-годдзя першага палёту чалавека ў космас Міжнародны дабрачынны грамадскі фонд “Дыялог культур — адзіны свет” перадаў Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна бронзавы бюст Ю.А.Гагарына. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка і часовы павераны ў справах Расіі ў Беларусі П.В.Фралоў. 

Сімвалічна, што скульптуру першага касманаўта Зямлі ўстанавілі на малой радзіме першага беларускага лётчыка-касманаўта двойчы Героя Савецкага Саюза П.І.Клімука — у адзіным у краіне музеі касманаўтыкі, створаным больш за 40 гадоў назад у мясцовай школе. Аўтар работы — вядомы скульптар А.Д.Ляонаў, чые бюсты А.С.Пушкіна ўпрыгожваюць у Брэсце ліцэй і цэнтральную гарадскую бібліятэку, якія носяць імя вялікага рускага паэта. 

— Дзень касманаўтыкі ўвасабляе дзве каштоўнасці. Па-першае, свята аб’ядноўвае нашы краіны. Па-другое, гэта трыумф навукі, трыумф першаадкрывальніка, трыумф даследавання. Вельмі важна, што свята ўшаноўвае не воінскія подзвігі, а ажыццяўленне мары чалавецтва, якое глядзела на неба і зоры. А паляцелі да іх першымі мы. Мы заўсёды былі першымі ў космасе і ніколі не будзем другімі, — падкрэсліў П.В.Фралоў.

Ю.В.Шулейка прызнаўся, што ўражаны мадэлямі ракет, вырабленымі школьнікамі. 

— Мы выдатна разумеем, наколькі складана, але і ганарова быць касманаўтам. Мы ганарымся дасягненнямі сучаснай касманаўтыкі. Прыемна, што беларусы актыўна ўдзельнічаюць у расійскай касмічнай праграме, — адзначыў кіраўнік Брэстчыны, які пажадаў школьнаму музею новых экспанатаў.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ганаровыя госці азнаёміліся з багатай музейнай экспазіцыяй і фактамі з жыцця першага беларускага касманаўта П.І.Клімука, а таксама паглядзелі відэазварот расійскага касманаўта беларускага паходжання А.В.Навіцкага, які сёння ўзначальвае экіпаж міжнароднай касмічнай станцыі. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.