Памятаюць, шануюць, ганарацца

Да сёлетняга адкрытага ўсерасійскага ўрока “Я памятаю”, прысвечанага 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, далучыліся і брэсцкія школьнікі, удзельнікі ваенна-спартыўнага клуба “Рубеж” з Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра і юнармейцы ганаровых каравулаў мемарыяльных атрадаў паста памяці ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці-героі. Арганізатарамі тэлемоста выступілі Міністэрства асветы Расіі і інтэрнэт-партал “ПроеКТОрия” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі.

Моладзь сабралася ў адным з музеяў мемарыяльнага комплексу “Брэсц­кая крэпасць-герой”, каб абмеркаваць прафесіі, якія дапама­гаюць захаваць гістарычную памяць і спадчыну. У размове ўдзельнічалі дырэктар мемарыяла Р.Р.Бысюк, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, міністр асветы Расіі В.Ю.Васільева, дырэктар Дзяржаўнага Эрмітажа прэзідэнт Саюза музеяў Расіі М.Б.Піятроўскі, дырэктар Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў (музея Перамогі) А.Я.Школьнік і заснавальнік карпарацыі “ЭЛАР” найбуйнейшы стваральнік электронных архіваў у Расіі С.В.Баландзюк. На сувязі з галоўнай пляцоўкай урока — музеем Перамогі — знаходзіліся юнакі і дзяўчаты з гарадоў-герояў: Валгаграда (мемарыяльны комплекс “Героям Сталінградскай бітвы” на Мамаевым кургане), Санкт-Пецярбурга (музей Піскароўскіх мемарыяльных могілак) і Мурманска (атамны ледакол “Ленін”). Беларускія школьнікі ўдзельнічалі ў мерапрыемстве ўпершыню.

Міністр асветы Расіі В.Ю.Васільева спыніла ўвагу на важных якасцях гісторыка (уседлівасці, карпатлівасці, няспешнасці, цікаўнасці), якія дазваляюць паспяхова выконваць прафесійныя абавязкі. Гісторык, як і настаўнік, лічыць міністр, павінен добра ведаць і любіць свой прадмет.

Падчас тэлемоста вялася гаворка пра гуманітарныя (і не толькі) прафесіі, звязаныя з пошукам, захаваннем, апрацоўкай і алічбоўкай інфармацыі. Сярод іх — музеязнаўцы, экскурсаводы, рэстаўратары, археолагі, палеографы, фаністы, гісторыкі, спецыялісты па алічбоўцы музейных фондаў і інш.

Расійскія і беларускія школьнікі расказвалі пра сваіх родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.