Памятныя мясціны, трагічныя лёсы…

- 9:10Выхаванне

Прэзентацыя інтэрактыўнай кнігі “Памятныя мясціны Беларусі” прайшла ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На 252 старонках кнігі прадстаўлена інфармацыя аб 100 помніках і мемарыяльных комплексах, музеях, абелісках, прысвечаных трагічным падзеям той вайны. У выданні гаворыцца аб лёсах вайскоўцаў, падпольшчыкаў, партызан і мірных жыхароў.

Даніна памяці героям

Кніга з’яўляецца вынікам двухгадовага супрацоўніцтва выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Аўтарам-укладальнікам выдання — супрацоўніку выдавецтва Дзмітрыю Кашавару і вучонаму сакратару музея Валерыю Надтачаеву — удалося саб­раць шырокі факталагічны, фота- і відэаматэрыял. Аўтарам тэкстаў выступіла журналіст і пісьменнік Ларыса Кучарава. Многія факты былі апублікаваны ўпершыню.

Як адзначыў дырэктар музея Уладзімір Варапаеў, гэтая кніга — даніна памяці тым, хто склаў галовы ў барацьбе з жорсткім ворагам, хто вызваліў нашу краіну і падняў яе з руін. Разам з апісаннем памятных мясцін вайны на старонках выдання, якое не мае аналагаў, расказваецца пра муж­насць і гераізм савецкіх салдат, партызан і падпольшчыкаў, пра стойкасць і трагедыю мірных жыхароў, ваеннапалонных і вязняў гета. Гэтую праўду, заснаваную на гістарычных фактах, мы павінны заха­ваць, прымножыць і данесці нашаму падрастаючаму пакаленню.

Дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Валянцін Навагродскі адзначыў: “У дзяцінстве я з захапленнем чытаў кнігі пра Вялікую Айчынную вайну. І мне вельмі хацелася пабываць у тых мясцінах, пра якія ішла гаворка ў кнігах. Сёння наш юны чытач, се­дзячы ў сябе дома або ў класе, маючы ў руках смартфон, можа ­здзейсніць экскурсію па памятных мясцінах, якія прадстаўлены ў нашай інтэрактыўнай кнізе, дакрануцца да гісторыі. Уключаныя ў выданне фатаграфіі і дапоўненая рэальнасць у фармаце відэаролікаў дазволяць чытачам даведацца больш пра падзеі ваенных гадоў”.

Урокі для душы

Перад прысутнымі ў зале, сярод якіх былі студэнты — будучыя гісторыкі, школьнікі, выступіў заслужаны акцёр Беларусі, рэжысёр, прафесар БДАМ Валерый Анісенка. Яго называ­юць голасам кнігі “Памятныя мясціны Беларусі”, бо відэаматэрыялы, што прадстаўлены ў выданні, агучаны менавіта ім. “Я сам з Віцебшчыны, з Талачына, — адзначыў Валерый Данілавіч. — У нашым раёне ёсць вёскі, якія так і не адра­дзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. І мы павінны памятаць пра іх. Хацеў бы звярнуцца да моладзі: вы падрастаеце, абапіраючыся на плечы папярэднікаў, на іх справы. Таму нельга быць манкуртамі, людзьмі, якія не пом­няць сябе і гісторыю сваёй Бацькаўшчыны”.

Слова ўзяў адзін з аўтараў манумента маці-патрыётцы ў Жодзіне — скульптар, лаўрэт Дзяржаўнай прэміі СССР, народны мастак Беларусі Іван Міско: “Той, хто не быў у Жодзіне, абавязкова з’ездзіце туды і пагля­дзіце на манумент у гонар маці-патрыёткі, правобразам якой стала Настасся Купрыянава, жыхарка гэтага горада. Пяцёра яе сыноў загінулі на франтах вайны. Помнік стаіць ля дарогі, дзе праходзіць шаша Мінск — Масква. Па гэтай дарозе маці праводзілі сваіх сыноў і мужоў на вайну, на ёй і сустракалі з вайны. Асабліва зацікавіў скульптараў вобраз малодшага сына — Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава, які загінуў у 18 гадоў, закрыўшы сваімі грудзьмі амбразуру варожага дзота. Аўтары праекта адлюстравалі кранальны момант: Пеця ніяк не можа развітацца з мамай, усё гля­дзіць на яе, а тая быццам гаворыць яму: “Ідзі, твае ж браты пайшлі”.

Я вельмі добра памятаю першыя дні вайны, акупацыю, партызан. Памятаю і Дзень Перамогі, — працягвае Іван Якімавіч. — Мы прыйшлі ў школу, а нам сказалі, што заняткаў не будзе, каб мы ішлі дадому, а па дарозе захо­дзілі ў кожны дом і расказвалі ўсім, што вайна скончылася. Сёння мне вельмі хацелася б паста­віць помнік удовам Вялікай Айчыннай вайны, якія вынеслі на сваіх плячах гэты найцяжэйшы час, выхоўвалі дзяцей, вучылі іх, кармілі”.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь пісьменнік Уладзімір Ліпскі — аўтар кнігі “Крутыя вёрсты”, прысвечанай лёсу Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, — расказаў пра гэтую незвычайную жанчыну, з якой яму пашчасціла сустрэцца: “23-гадовая санінструктар Зінаіда пасля атрымання цяжкага ранення ўмерзла ў снег. У выніку засталася без рук і без ног. Але пражыла годнае жыццё, выхавала дваіх дзяцей. Муж Іосіф Марчанка не адмовіўся ад яе. Гэта было каханне, высокае пачуццё. Вайна падзяліла іх. Зінаіда, дарэчы, і вырашыла пайсці на фронт (для гэтага скончыла курсы медыцынскіх сясцёр), каб сустрэць на вайне свайго Іосіфа. Ужо афіцэрам з ордэнамі Іосіф вярнуўся дадому. Мама падрыхтавала Зіну да сустрэчы з маладым чалавекам і пакінула іх удваіх. Праз некалькі гадзін Іосіф агучыў сваё рашэнне застацца ў іх доме. На наступны дзень маладыя распісаліся. Больш шчаслівай сям’і ў сваім жыцці я не бачыў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.