Памяць нашчадкаў

- 8:10Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Вынікі абласной патрыятычнай акцыі “У памяці нашчадкаў вёрсты, абпаленыя вайной” падвялі на Магілёўшчыне.

— У сучасных рэаліях асаблівую значнасць набывае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Узра­стае і роля ўстаноў адукацыі ў гэтай справе. Педагагічныя намаганні сёння павінны быць накіраваны на тое, каб выгадаваць чалавека не толькі адукаванага, але і выхаванага. Чалавека, які любіць сваю сям’ю і родных, свой народ і Ра­дзіму, сапраўднага грама­дзяніна. Для гэтага неабходна даваць дзецям не толькі веды і ўменні, але і развіваць іх асобасныя якасці, духоўны свет. Бо быць патрыётам — зна­чыць, мець актыўную грама­дзянскую пазіцыю, адчуваць сваё дачыненне да мінулага, сучаснасці і будучыні роднай краіны. Менавіта таму ў нашым рэгіёне рэгулярна право­дзяцца тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне ў вучняў гэтых пачуццяў. І радуе, што яны заўсёды знахо­дзяць жывы водгук сярод мола­дзі, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.

Удзел у названай акцыі прынялі звыш 460 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі рэгіёна. Свае патрыятычныя пачуцці і грамадзянскую пазіцыю юнакі і дзяўчаты дэманстравалі праз творчасць. Больш за 130 эсэ было прадстаўлена на конкурс “Становіцца гісторыяй вайна”, 330 дзіцячых работ сталі экспанатамі выставы “Мы памятаем подзвігі герояў”. Лепшых канкурсантаў адзначылі дыпломамі.

У лік пераможцаў увайшоў навучэнец Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска Мацвей Коржык. На сваім малюнку хлопчык адлюстраваў апошні бой — момант перад аб’яўленнем Перамогі.

— Натхніўся важнасцю і значнасцю свята 9 Мая. Мой прадзядуля таксама ваяваў, быў разведчыкам. Я ўдзячны ўсім героям-салдатам за сённяшняе мірнае жыццё. Хочацца, каб такі страшны час больш ніколі не паўтарыўся, — расказаў Мацвей.

Пераможным дыпломам была адзначана і творчая работа вучня Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу Горацкага раёна Аляксея Яшчанкі. Хлопец разважаў аб няпростым лёсе галоўнага героя аповесці Уладзіміра Багамолава “Іван”.

— Напісанне эсэ далося складана, бо тэма вельмі цяжкая. Але мяне ўразіла неверагодная мужнасць, сіла духу і гераізм Івана. Мой аднагодак, ён быў сапраўдным патрыётам, абараняў Радзіму, уносіў свой уклад у Перамогу, — падзяліўся Аляксей.

— Цяперашняе пакаленне навучэнцаў ведае аб вайне толькі з аповедаў. Таму мы стараемся як мага часцей запрашаць у школу ветэранаў, вязняў канцлагераў. Гэтыя сустрэчы заўсёды праходзяць вельмі эмацыянальна. Часам у ходзе такіх гутарак слёзы блішчаць у вачах як у нашых гасцей, так і ў дзяцей. Думаю, менавіта такія моманты пакідаюць значны след у сэрцах вучняў. Яны пачынаюць усведамляць, што вайна не павінна паўтарыцца, што подзвіг герояў трэба шанаваць, а заваяваны імі мір — берагчы, — упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ленінскага ВПК Алена Туркова.

Падобныя сцвярджэнні неаднаразова гучалі і падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання канкурсантаў. Гаварылася таксама аб важнасці правядзення такіх акцый.

— Падобныя мерапрыемствы — своеасаблівая цаглінка ў падмурку нашай агульнай гістарычнай памяці, — падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных, намеснік пракурора Магілёўскай вобласці старшы саветнік юстыцыі Андрэй Волкаў.

Дарэчы, агульным падарункам для пераможцаў і навучэнцаў стаў прагляд тэатралізаванага канцэрта “Салдатамі былі ўсе” ад калектыву абласнога Цэнтра творчасці. Тэатралізацыя ваенна-гістарычных эпізодаў вызвалення Магілёва і вобласці ў спалучэнні з сучасным песенным матэрыялам, вершамі, харэаграфічнымі кампазіцыямі дазволіла юным гледачам адчуць маштаб гераічнага подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

НА ЗДЫМКАХ: навучэнец Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска Мацвей Коржык разам са сваім педагогам Янай Русецкай; у лік лепшых эсэ ўвайшла работа вучня Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу Горацкага раёна Аляксея Яшчанкі.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.