Памяць пра мінулае — гэта адначасова і клопат пра будучыню

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гістарычная памяць і  патрыятызм — найважнейшыя фундаментальныя каштоўнасці беларускага грамадства і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз” прайшла ў Палаце прадстаўнікоў. У цэнтры ўвагі былі пытанні захавання гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання ў нашай краіне. У мерапрыемстве прынялі ўдзел парламентарыі, прадстаўнікі выканаўчай галіны ўлады, вучоныя, студэнты і замежныя госці.

Канферэнцыя была падрыхтавана пры ўдзеле Нацыянальнай акадэміі навук і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

Свет павінен памятаць страшную праўду пра вайну, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі.

“Памяць пра мінулае — гэта адначасова і клопат пра будучыню. Шырокі грамадскі дыялог, праведзены ў Беларусі, выявіў недапушчальнасць скажэння гісторыі і гераізацыі нацызму на ўзроўні Канстытуцыі і ў заканадаўстве. Таму галоўная задача нашай канферэнцыі — падагульніць назапашаны вопыт захавання гістарычнай памяці ў Беларусі і выпрацаваць канкрэтныя прапановы адносна таго, што трэба зрабіць па яе абароне перад сучаснымі выклікамі і пагрозамі. Важнасць выканання гэтай місіі падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў сваім звароце да суайчыннікаў у сувязі з 78-й гадавінай хатынскай трагедыі”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

“Ніводная іншая вайна не рабіла пагрозу фізічнага знішчэння беларускага народа настолькі рэальнай. Менавіта памяць аб гэтай ахвяры і вялікім подзвігу нашых продкаў заўсёды была найважнейшай рысай нацыянальнай ідэнтычнасці і крыніцай, з якой народ чэрпаў духоўныя сілы і волю ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў. Немагчыма перадаць словамі, што давялося перажыць савецкім людзям у гады акупацыі. Але якім бы ні здаваўся чалавек, у лёсавызначальныя моманты ён можа праяўляць каласальную сілу духу. Нягледзячы на тактыку выпаленай зямлі, вораг не змог паставіць наш народ на калені, — адзначыў спікер. — Беларусь адказала гарачым супраціўленнем. Дзеянні гарадскога падполля і партызанскіх злучэнняў дапамаглі Савецкай Арміі правесці на тэрыторыі рэспублікі адну з самых магутных у гісторыі Другой сусветнай вайны наступальных аперацый”.

“У рэалізацыі свайго знешнепалітычнага курсу мы заўсёды зыходзілі з таго, што свет павінен памятаць страшную праўду пра вайну, а міжнароднае права — абараняць усіх жыхароў зямлі. І практычна нязменна мірныя ініцыятывы Беларусі знаходзілі станоўчы водгук у міжнароднай супольнасці. Але сёння мы жывём у прынцыпова іншай рэальнасці. Ужо вырасла некалькі пакаленняў, якія ведаюць пра Другую сусветную вайну ў лепшым выпадку па падручніках. Больш за тое, сучасная моладзь касмапалітычная. Таму яна часцей за ўсё і становіцца ахвярай тых, хто спрабуе адрадзіць ідэалогію і сімвалы нацызму, апраўдаць генацыд. Гэта сур’ёзны выклік не толькі для Беларусі”, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў час свайго выступлення на форуме адзначыў, што захаванне гістарычнай памяці чырвонай ніткай праходзіць праз змест вучэбнага працэсу.

“Абарона і захаванне гістарычнай памяці чырвонай ніткай праходзіць праз змест вучэбнага працэсу, у першую чаргу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Гісторыя Беларусі ад першых паселішчаў і Полацкага княства да нашых дзён заклікана выпрацаваць у вучняў імунітэт супраць чужых ідэалаў і каштоўнасцей. Беларускія асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны — толькі некаторыя з вядомых асоб, якія праславілі зямлю беларускую і якія заклалі падмурак нацыянальнай гістарычнай памяці. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі сумесна з акадэміяй навук, універсітэцкімі вучонымі праводзіць цыкл канферэнцый, семінараў, сімпозіумаў па актуальных пытаннях беларускай гісторыі”, — сказаў Ігар Карпенка.

Міністр падкрэсліў, што сёння мы сутыкаемся са спробамі перапісваць гісторыю ў кан’юнктурных палітычных мэтах. “За аснову бяруцца асобныя негатыўныя факты, якія ганяць гістарычнае мінулае Беларусі. Асабліва гэта тычыцца савецкага перыяду і Вялікай Айчыннай вайны. У мінулым годзе першым крокам у пытаннях супрацьстаяння фальсіфікацыі гісторыі стала выданне дапаможніка для педагогаў “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”, распрацаванага ў 2020 годзе сумесна з навукоўцамі Расіі. Такая работа будзе працягнута і па іншых гістарычных перыядах”, — адзначыў ён.

Вывучэнне Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў ва ўстановах адукацыі Беларусі вядзецца на вучэбных прадметах “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”, “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”. “Вучэбнымі праграмамі прадугледжана вывучэнне такіх зместавых аспектаў, як гераізм і патрыятызм савецкіх людзей у Вялікай Айчыннай вайне, партызанская і падпольная дзейнасць на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, уклад беларускага народа ў перамогу над нацысцкай Германіяй.

Прадугледжаны таксама асобны ўрок “Наш край”, на якім навучэнцы вывучаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, заснаваныя на мясцовым краязнаўчым матэрыяле. Акрамя таго, барацьба з фашызмам вывучаецца школьнікамі на факультатыўных занятках “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. У 2020 годзе гэты вучэбна-метадычны дапаможнік абноўлены”, — сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, у наступным навучальным годзе адбудзецца поўны пераход на новыя вучэбныя праграмы і вучэбныя дапаможнікі. “Новая вучэбная праграма па гісторыі Беларусі ў 11 класе прадугледжвае разгляд праблемы калабарацыянізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа. Зараз ідзе работа над метадычным дапаможнікам, прысвечаным гісторыі беларускіх дзяржаўных сімвалаў. Плануецца да выдання дапаможнік па тэматыцы ўз’яднання беларускага народа ў верасні 1939 года”, — сказаў на заканчэнне міністр.

Нацыянальная культура — адзін з тых краевугольных камянёў, на якіх узведзены будынак беларускай дзяржаўнасці, заявіў міністр культуры Анатоль Маркевіч.

“Як адзначыў у адным са сваіх выступленняў кіраўнік дзяржавы, без апоры на высокую культуру мы не зможам выхаваць грамадзяніна-патрыёта, руплівага працаўніка, клапатлівага сем’яніна, асобу творчую і духоўна багатую, — сказаў Анатоль Маркевіч. — Зберажэнне і папулярызацыя нацыянальнай культурнай спадчыны, стварэнне твораў мастацтва, якія ўмацоўваюць у людзях гордасць за Беларусь, захаванне гістарычнай праўды сродкамі музейнай і бібліятэчнай дзейнасці, выхаванне таленавітай моладзі ў духу патрыятызму сталі прыярытэтамі культурнай палітыкі Беларусі”.

Па словах міністра, за чвэрць стагоддзя існавання інстытута прэзідэнцтва мы змаглі рэканструяваць больш архітэктурных помнікаў, чым за савецкі і постсавецкі перыяды. “Адроджаныя гістарычна-культурныя каштоўнасці і помнікі становяцца культурнымі брэндамі сваіх гарадоў і раёнаў, каталізатарамі развіцця турызму”, — адзначыў ён.

Анатоль Маркевіч падкрэсліў, што на выхаванне патрыятызму і павагі да гісторыі свайго народа нацэлены грамадска-культурныя акцыі і канцэртныя праграмы, якія праводзяцца Міністэрствам культуры падчас святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Беларусі.

Міністр акцэнтаваў увагу: падзеі 2020 года прымусілі перагледзець падыходы да патрыятычнага выхавання маладых людзей. “Галоўныя задачы — паказаць маладым людзям тыя магчымасці, якія дае дзяржава для іх творчага развіцця, сфарміраваць у іх пачуццё гордасці за сваю краіну. Ва ўстановах адукацыі ў сферы культуры праходзяць мастацкія выставы, навуковыя канферэнцыі, ладзяцца спектаклі і канцэртныя праграмы патрыятычнай накіраванасці. У 2021 годзе аб’яўлены новы рэспубліканскі конкурс на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі, прысвечаны Году народнага адзінства. Правядзенне такіх конкурсаў павінна стаць добрай традыцыяй для ўсіх творчых работнікаў”, — сказаў на заканчэнне Анатоль Маркевіч.

“У крызісныя перыяды гістарычнага развіцця людзі асабліва схільныя да ўнушэння, лёгка адгукаюцца на розныя новыя стымулы і ідэі, а таксама больш схільныя да інфармацыйнага ўздзеяння, — заявіў на канферэнцыі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — На гэты час працэс абмену інфармацыяй у грамадстве характарызуецца вельмі высокай аператыўнасцю і інтэнсіўнасцю. Адзначаецца роля сацыяльных сетак, інфармацыйных сайтаў навін як інфармацыйных крыніц. Медыйнае поле Беларусі сёння даволі насычанае і разнастайнае. Разам з тым дзяржаўныя СМІ займаюць толькі трэць інфармацыйнага поля рэспублікі. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, наколькі важныя захаванне гістарычнай памяці і падтрымка дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў цэлым”.

Паводле яго слоў, абгрунтавана гаварыць аб пераарыентацыі асноўнай мэтавай функцыі СМІ з інфармацыйнай, азнаямленчай, рэтранслюючай на функцыю ўплыву і мэтанакіраванага ўздзеяння. “Такім чынам СМІ становяцца не сродкамі масавай інфармацыі, а сродкамі масавага ўздзеяння, адным з фактараў гарантавання нацыянальнай бяспекі Беларусі. Менавіта гэтае азначэнне неабходна прымаць пад увагу грамадству, якое імкнецца захаваць сваю самабытнасць і гістарычную пераемнасць”, — адзначыў намеснік міністра.

Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што ў Беларусі шмат робіцца для захавання гістарычнай памяці. “І задача СМІ — шырока і прафесійна падаць грамадству, асабліва моладзі і падрастаючаму пакаленню, усю гэтую маштабную работу. Ажыццяўляць гэта неабходна ўсім нам разам: сям’і, школе, СМІ, дэпутацкаму корпусу, навуковай супольнасці, каб у кожнага з нас не толькі хапала сродкаў на жыццё, але і было тое, дзеля чаго варта было б жыць”, — сказаў ён на заканчэнне.

У час канферэнцыі прагучала шмат змястоўных выступленняў навукоўцаў, дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадскасці.