Памяць пра подзвіг юных падпольшчыкаў беражліва захоўваюць у Обалі

- 13:201944: путь к освобождению

Беларусь была вызвалена ад нямецка-­фашысцкіх захопнікаў не толькі дзякуючы мужнасці чырвонаармейцаў і партызан. Наш народ ніколі не забудзе і пра подзвіг падпольшчыкаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Важнае пытанне

У іх гонар названы вуліцы, пастаўлены помнікі. Іх імёны носяць установы адукацыі. Напрыклад, Обальскай сярэдняй школе, што ў Шумілінскім раёне, яшчэ ў верасні 1964 года было прысвое­на імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай.

Зінаіда Мартынаўна… Так паважліва называюць адважную падпольшчыцу обальскія школьнікі, расказваючы яе біяграфію. Можа падацца, што вучні гавораць пра сталую жанчыну, хаця Зінаідзе не было і 18 гадоў, калі пасля жудасных катаванняў яе, пасівелую, гітлераўцы вялі на расстрэл у студзені 1944-га.

Наогул, калі знаёмішся з гераічным жыццём обальскіх падпольшчыкаў, здзіўляешся не столькі іх мужнасці і адвазе, палымянай любові да Радзімы, колькі іх узросту. У асноўным гэта былі падлеткі, піянеры. Міжволі задаешся пытаннем: “А ці змагла б сённяшняя моладзь, калі спатрэбіцца, здзяйсняць гераічныя ўчынкі?”

Незабытыя імёны

— Падпольная антыфашысцкая арганізацыя “Юныя мсціўцы” складалася з 38 хлопцаў і дзяўчат, большасць з якіх вучыліся ў нашай школе. Няпоўныя два гады дзейнічала Обальскае падполле, але “юныя мсціўцы” пас­пелі здзейсніць 21 дыверсію: спа­ліць электрастанцыю, ільнозавод, пілараму, знішчыць некалькі мастоў, аўтамашын, падарваць вадакачку на чыгуначнай станцыі, у выніку чаго ў Обалі і Полацку спыніліся варожыя саставы (іх паспяхова разбамбілі савецкія лётчыкі). Яны таксама знішчылі чыгуначны мост. На некалькі месяцаў на стратэгічным для гітлераўцаў кірунку прыпыніўся рух, — расказ­вае кіраўнік школьнага музея настаўніца гісторыі Таццяна Ула­дзіміраўна Гудзімава.

Марыя Дзяменцьева, Яўген Езавітаў, Марыя Лузгіна, Мікалай Аляксееў, Аркадзь Барбашоў… Асаблівая ўвага падчас экскурсіі — Зінаідзе Партновай. Яе імя калісьці было вядома кожнаму савецкаму школьніку. Дзесьці пра адважную падпольшчыцу пачалі забываць, дзесьці імёны піянераў-герояў выкраслілі з падручнікаў гісторыі. Але толькі не ў Беларусі, а тым больш у Обалі. Ужо 60 гадоў Обальская сярэдняя школа носіць імя Зінаіды Мартынаўны. Настаўнікі і вучні даглядаюць дом, у якім у час вайны жыла дзяўчына. Рэгулярна
праводзяцца памятныя мітынгі, тэматычныя мерапрыемствы, экскурсіі ў школьным музеі.

Па словах Т.У.Гудзімавай, пасля школьных экзаменаў Зіна ра­зам з сястрычкай Галяй прыехала на летнія канікулы з Ленінграда да родных у Ваўкавыск. Тут іх і застала вестка пра пачатак вайны. Яны спрабавалі вярнуцца ў Ленінград, але далей Віцебска пасажырскія цягнікі ўжо не ішлі, таму дзяўчаты дабраліся да вёскі Зуі, дзе жыла іх бабуля Ефрасіння Іванаўна Яблакава. Праз свайго дзядзьку Івана Яблакава Зіна ўстанавіла сувязь з партызанамі. Па іх заданні разам з вучнямі Обальскай школы, у першую чаргу Жэнем Езавітавым, яна распаўсюджвала антыфашысцкія лістоўкі, збірала зброю. З 1942 года Зіна з’яўлялася членам кіруючага камітэта арганізацыі “Юныя мсціўцы”, створанай Сіроцінскім падпольным райкамам партыі. На той момант дзяўчыне было 16 гадоў.

— Самым рызыкоўным заданнем для Зіны стала атручванне нямецкіх афіцэраў. Недалёка ад Обалі ў пасёлку торфазавода знаходзілася армейская школа, куды на перападрыхтоўку з акупіраваных тэрыторый прыязджалі гітлераўскія танкісты і артылерысты. Падпольшчыкам удалося ўладкаваць Зіну ў сталовую. Яе працавітасць падабалася немцам, таму ёй нават дазволілі захо­дзіць на кухню. Туды яна насіла ваду, дровы. Але да катлоў, у якіх гатавалася ежа, яе не падпускалі.

Зінаіда Партнова, Ефрасіння Зянькова (пасляваенны здымак), Аркадзь Барбашоў

Аднойчы Зіна замяняла пасудамыйку, што аблегчыла ёй доступ да катлоў. Толькі вось шэф-повар уважліва сачыў за кожным рухам. Яна чакала, пакуль пачнецца закладка ў катлы прадуктаў, каб незаўважна дабавіць туды атруту. На снеданне гэта зрабіць не ўдалося, затое атрымалася на абед… Неўзабаве на нямецкіх вайсковых могілках каля Обалі хавалі некалькі дзясяткаў афіцэраў. Усе падазрэнні палі на дзяўчыну, хаця шэф-повар і яго памочнікі на допыце сцвярджалі, што пільна сачылі за Зінай. Тады гітлераўцы прымусілі падпольшчыцу пакаштаваць атручаны суп. Яна моўчкі гэта зрабіла, што зняло ўсе падазрэнні. Зіна цудам засталася жывая. Яна ледзь дайшла да дома бабулі. Тая адпаіла яе зёлкамі, сыроваткай, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна.

Каб выратаваць дзяўчыну ад магчымага арышту, падпольшчыкі пераправілі яе ноччу ў лес да партызан. У жніўні 1943 года яна стала разведчыцай партызанскага атрада імя К.Я.Варашылава. Тут навучылася трапна страляць з трафейнай зброі, хадзіла на заданні ва Улу і суседнія вёскі, дзе здабывала звесткі пра колькасць варожых гарнізонаў. Дзякуючы ёй паміж партызанскім атрадам і “юнымі мсціўцамі” падтрымлівалася сувязь.

Моцныя духам

Доўгі час акупанты нічога не ведалі пра дзейнасць обальскіх падпольчышкаў. Яны лічылі, што ўсе дыверсіі здзяйсняюць партызаны. Першымі, хто трапіў у рукі ворага, былі сёстры Марыя і Антаніна Лузгіны. Нават падчас жорсткіх катаванняў дзяўчаты не выдалі імёны сваіх таварышаў. Аднак зрабіў гэта дэзерцір Чырвонай Арміі, былы вучань Обальскай школы. 12 падпольшчыкаў былі схоплены і расстраляны.

Вучаніца 7-га класа Яна Яроменак знаёміць са школьнай экспазіцыяй, прысвечанай Зінаідзе Партновай

Праз некалькі месяцаў партызанскае камандаванне адправіла Зіну ўстанавіць сувязь з астатнімі падпольшчыкамі. Вяртаючыся назад, яна трапіла ў засаду каля вёскі Масцішча. Пасля безвыніковага допыту ў паліцыі дзяўчыну адвезлі ў гестапа. Там яна, калі надарыўся момант, схапіла пісталет афіцэра, застрэліла яго і яшчэ двух нямецкіх салдат. Спрабавала ўцячы, але была схоплена. Больш за месяц 17-гадовую Зіну Партнову катавалі ў полацкай турме, але яна так і не назвала імёны сваіх таварышаў па падполлі…

Героі сярод нас

Часам пра сучасную мо­ладзь можна пачуць, што яна нявыхаваная, абыякавая, не паважае старэйшых, любіць спажываць усё гатовае і праводзіць вольны час у гаджэтах… І ўсё ж часцей мы чуем куды больш пазітыўнага. Заслуга ў гэтым у першую чаргу настаўнікаў, якія выхоўваюць сённяшніх школьнікаў на яскравых прыкладах патрыятызму. Дык ці здольна сённяшняя моладзь на гераічныя ўчынкі? Канечне, здольна! І сярод нас шмат герояў — самых звычайных, на першы погляд, хлопцаў і дзяўчат.

Даведка

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі актыўна дзейнічала антыфашысцкае падполле. Для яго арганізацыі пад нямецкай акупацыяй засталося больш за 8 тысяч камуністаў і 5 тысяч камсамольцаў. Усяго ў складзе савецкага падполля з ворагам змагаліся больш за 70 тысяч жыхароў БССР. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі 10 падпольных абкамаў партыі і камсамола, амаль дзве сотні міжрайкамаў, райкамаў і гаркамаў КП(б)Б, УЛКСМБ.

Шмат падпольшчыкаў за мужнасць і гераізм былі ўдастоены высокіх узнагарод, у тым ліку звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх і члены обальскай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы” Зінаіда Партнова (пасмяротна) і Ефрасіння Зянькова.

2 лютага 2024 года, згодна з Указам кіраўніка дзяржавы № 44, гарадскі пасёлак Обаль быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з адкрытых крыніц