Памяць пра славутага земляка

- 11:31Адукацыйная прастора

Значнай падзеяй у жыцці аграгарадка Машканы Сенненскага раёна стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар знакамітага земляка, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы Пятра Міронавіча Машэрава. Яе размясцілі на будынку, дзе знаходзіцца мясцовы сельвыканкам і адміністрацыя СУП “Саўгас імя П.М.Машэрава”.

У цырымоніі прынялі ўдзел мясцовыя жыхары, прадстаўнікі райвыканкама і сельвыканкама, вучні нашай школы. З Мінска ў Машканы завітала з мужам і сынам Наталля Пятроўна, дачка Пятра Міронавіча. Пасля ўрачыстага моманту госці наведалі нашу ўстанову адукацыі. Дырэктар школы Святлана Аляксандраўна Іванькова гасцінна запрасіла ўсіх у школьны музей баявой і працоўнай славы, якому ў гэтым годзе споўнілася 40 гадоў. Юныя краязнаўцы аб’яднання па інтарэсах “Памяць” Валерыя Гаручка, Кацярына Ціханава, Карына Шалуха, Дарына Ізмайловіч правялі для гасцей тэматычную экскурсію, прысвечаную П.М.Машэраву. А потым госці наведалі залу, дзе размешчана фотаэкспазіцыя “15 крокаў Вялікага Чалавека”. Значную дапамогу ў правядзенні сустрэчы аказалі настаўнікі гісторыі Таццяна Міхайлаўна Бабарыка і Таццяна Казіміраўна Яблыкава.

Шмат добрых слоў было сказана Наталляй Пятроўнай нашым вучням і настаўнікам. Яна выказала вялікую ўдзячнасць за ўшанаванне памяці яе бацькі, якому ў школьным музеі прысвечана вялікая экспазіцыя. На ганаровым месцы там знаходзяцца перададзеныя дачкой рэчы, якімі карыстаўся Пётр Міронавіч. Наталля Пятроўна абяцала даслаць музею яшчэ некаторыя рэчы бацькі, бо, па яе словах, машканцы шчыра цікавяцца жыццёвым шляхам Пятра Міронавіча, шануюць імя чалавека, які прысвяціў сваё жыццё людзям.

Сімвалічна, што такія падзеі і сустрэча адбыліся ў Год малой радзімы. Вельмі важна, каб кожны вучань памятаў, што жыве на роднай зямлі П.М.Машэрава і што трэба любіць яе так, як рабіў гэта ён, — светла, самаадданна і ўсім сэрцам.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Голас юнага краязнаўца”
Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.

Фота аўтара.