Памяць сэрца гаворыць: “Блакады больш не трэба”

- 12:15Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Новы экспанат (унікальная інсталяцыя, перададзеная Палацам дзіцячай (юнацкай) творчасці Маскоўскага раёна Санкт-Пецярбурга) з’явіўся нядаўна ў музеі “І памяць сэрца гаворыць…” сярэдняй школы № 7 Мінска, прысвечаны жыхарам і абаронцам блакаднага Ленінграда. Гільзы вінтовачных патронаў, пісталета-кулямёта Шпагіна і зенітнага снарада, сапёрная рыдлёўка, кавалачкі гранат, маслёнка, часткі процівагаза і каска — усё гэта, што захавалася ў зямлі з часоў вайны, стала часткай пастаяннай экспазіцыі музейнага пакоя.

Як распавяла дырэктар школы Наталля Анатольеўна Баравік, інсталяцыя з’явілася ў музеі дзякуючы звароту старшыні грамадскага аб’яднання “Жыхары і абаронцы блакаднага Ленінграда” Фрунзенскага раёна Мінска Наталлі Іванаўны Мядзведзевай. Падчас уручэння медалёў героям блакады ў Нацыянальнай бібліятэцы 3 ліпеня да пецярбургскай дэлегацыі паступіла просьба аб перадачы адзінаму ў Беларусі музею падобнай тэматыкі якога-небудзь матэрыялу. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбылося ў пачатку навучальнага года і было прысвечана Дню памяці ахвяр блакады Ленінграда.
Сам музей існуе ў школе яшчэ з 2004 года, а ў верасні 2014-га адкрыўся пасля рэканструкцыі. Новае афармленне, сучаснае абсталяванне — і музей зноў гатовы прымаць наведвальнікаў. Прыйсці можа любы жадаючы. У музеі захоўваецца вялікая колькасць дакументаў, біяграфічных звестак пра абаронцаў горада, пра побыт жыхароў. Важна, што сярод экспанатаў ёсць такія ўнікальныя рэчы, як цацкі, сшытыя дзецьмі ў часы блакады; плойка для завіўкі валасоў, якую жанчыны клалі на чыгунок і маглі выкарыстоўваць пасля награвання; медаль “За абарону Ленінграда”, з якім звычайна неахвотна расстаюцца ветэраны і іх блізкія.
“З дзецьмі мы займаемся тут трэці год. Ініцыятыўная група спачатку вывучала матэрыялы, вучні праводзілі пошукавыя работы, збіралі інфармацыю. Самі экскурсіі праходзяць рэгулярна”, — паведаміў настаўнік гісторыі і кіраўнік музея Дзмітрый Іванавіч Блізнюк.
Традыцыйна ў школе праводзяцца сустрэчы з ветэранамі, якія перажылі блакаду. Да ўсіх памятных дат ладзяцца мерапрыемствы, і нават у афармленні залы педагогі імкнуцца ўлічваць спецыфіку і атмасферу гістарычных падзей. Чарговая сустрэча адбудзецца ў лістападзе.

Вольга КАПУСТА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.