Памяць сэрца жыве і гучыць

- 13:18Адукацыйная прастора

Адкрыццё адноўленага мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Шапуры 21 снежня дало старт рэспубліканскаму патрыятычнаму праекту Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Памяць сэрца” ў Віцебскай вобласці.

— Вельмі важна не дапусціць перапісвання гісторыі, таму адной з галоўных задач для нас з’яўляецца стварэнне ўмоў для таго, каб моладзь магла выву­чаць дакладныя факты пра страшныя па­дзеі 1941—1945 гадоў, — паведаміў першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. — Наш праект — даніна памяці гераічнаму пакаленню дзядоў і прадзедаў.

Удзел у прысвечаным знамянальнай падзеі мітынгу-рэквіеме прынялі прадстаўнікі грамадскасці, маладзёжнага валанцёрскага і студатрадаўскага руху. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, другі сакратар абкама БРСМ Жанна Нарыцына, старшыні абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр’ян Мацкевіч і Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Сяргей Альсевіч. Старшыня Віцеб­скага абласнога Савета дэпутатаў акцэнтаваў увагу на высокай грамадскай значнасці ініцыятывы БРСМ, да якой далучыўся паўночны рэгіён.

— Праект “Памяць сэрца” накіраваны на захаванне гістарычнай справядлівасці, — падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў. — Мы павінны памятаць пра тых людзей, якія ахвяравалі сваім жыццём за мірнае неба над намі. Дзякуючы ім, мы жывём у свабоднай краіне, а наш сцяг лунае каля будынка штаб-кватэры ААН. Наш абавязак — перадаваць гэтую памяць з пакалення ў пакаленне. На Віцебшчыне знаходзіцца каля 1,5 тысячы воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе спачываюць каля 450 тысяч абаронцаў Айчыны. На сёння вядомы больш за 210 тысяч з іх.

У брацкай магіле ў вёсцы Шапуры Віцебскага раёна спачываюць звыш 17 тысяч савецкіх воінаў, якія аддалі свае жыцці за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943—1944 гадах. Гэта адно з найбуйнейшых воінскіх пахаванняў у нашай краіне. Толькі ў 2020 годзе ўстаноўлена звыш за 600 новых імёнаў, і работа пошукавікаў працягваецца. Сярод герояў, чые прозвішчы выбіты на плітах мемарыяла, — ураджэнец Кастрамской вобласці Пётр Васільевіч Шысцераў, які здзейсніў свой апошні подзвіг за некалькі дзён да пачатку аперацыі “Баграціён”. Калі гітлераўцы пайшлі ў атаку, ён у адзіночку стрымліваў ворагаў аўтаматным агнём, затым адбіваўся гранатамі і загінуў у няроўным баі. За мужнасць і адвагу Пятру Шысцераву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

На рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу ў Шапурах за 3 месяцы асвоена каля 125 тысяч рублёў, заробленых у ходзе суботнікаў. У выніку пашырана і добраўпарадкавана тэрыторыя комплексу, устаноўлены пліты з прозвішчамі загінуўшых і падсветка, умацаваны і абліцаваны гранітам мемарыяльная стэла з абноўленым барэльефам і пастамент для ўскладання памятных вянкоў і кветак.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абкамам БРСМ.