Памяць. Трагедыя. Землякі

- 10:05Нам пішуць

У памяць аб чарнобыльскай трагедыі ў Верасніцкай сярэдняй школе Жыткавіцкага раёна з 18 па 27 красавіка праходзіць дэкада грамадска-патрыятычных спраў. Увесь гэты перыяд праводзяцца конкурсы малюнкаў, плакатаў, выступленні агітбрыгад.

18 красавіка навучэнцам 5—11 класаў быў паказаны мастацкі фільм Аксаны Байрак “Аўрора”. 21 красавіка школу наведалі жыхары нашай вёскі ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Іван Васільевіч Блоцкі і Мікалай Фёдаравіч Матарас. Адзінаццацікласнікі разам з настаўніцай Галінай Іванаўнай Матарас падрыхтавалі для вучняў 5—9 класаў і гасцей відэапрэзентацыю, у якой былі прадстаўлены звесткі аб пажарных і працаўніках ЧАЭС Гомельскай вобласці, што цаной уласнага жыцця выратавалі свет ад больш страшных наступстваў катастрофы. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся з дзецьмі сваімі ўспамінамі. Пасля аповеду вучні з задавальненнем задавалі пытанні, разглядалі ордэны і медалі нашых гасцей.

Вучні даведаліся пра чарнобыльскую трагедыю шмат новых фактаў, пачулі імёны нашых землякоў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Таццяна САМЦОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.