“Памяццю і смуткам свет пераможа вайну”

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Напярэдадні 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў мемарыяльным комплексе памяці ахвяр фашызму “Урочышча Пяскі” ў Полацку прайшла масавая духоўна-патрыятычная акцыя.

Раніцай 18 чэрвеня на пероне гарадскога вакзала ў Полацку зрабіў прыпынак перасовачны музей “Цягнік Перамогі”. Унікальны праект уяўляе сабой імерсійную інсталяцыю, размешчаную ў 12 стылізаваных вагонах, 9 з якіх экспазіцыйныя з асобным сюжэтным напаўненнем — ад перадваенных гадоў і пачатку вайны да яе пераможнага заканчэння. У Полацку “Цягнік Перамогі” наведалі сотні людзей: моладзь і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны (для якіх правялі спецыяльную экскурсію), прадстаўнікі розных устаноў і грамадскіх арганізацый. Прыходзілі паасобку, групамі, сем’ямі: вайна пакінула чорны след у гісторыі кожнай беларускай сям’і, і памяць пра яе незагойная, а імкненне зберагчы мір — наш святы абавязак перад загінулымі. Сімвалічна, што менавіта ў гэты ж дзень у горадзе адбылася яшчэ адна паўтысячная акцыя, прысвечаная Году народнага адзінства, 80-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 60-годдзю з дня заснавання Беларускага фонду міру. Яе ўдзельнікамі сталі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы рэспублікі, ветэраны і родныя загінуўшых, прадстаўнікі органаў выканаўчай і заканадаўчай улады, кіраўнікі ўсіх рэлігійных канфесій, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, арганізацыі і грамадзяне Беларусі, якія ўнеслі вялікі ўклад у будаўніцтва мемарыяльнага комплексу “Урочышча Пяскі”, міратворчы актыў усіх абласцей краіны.

Урочышча Пяскі знаходзіцца на ўскраіне Полацка побач са Спаса-Ефрасіннеўскім манастыром і вайсковай часцю. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся нямецкі перасыльны лагер для савецкіх ваенна-палонных “ДУ ЛАГ- 125”. Цяжкая праца, ледзь не поўная адсутнасць харчавання і хваробы амаль не пакідалі вязням шансаў на выжыванне. Смяротнасць дасягала двухсот чалавек у дзень, памерлых і забітых хавалі на былым стрэльбішчы. Згодна з “Актам ад 7 мая 1945 года па ўстанаўленні і расследаванні фактаў злачынстваў і зверстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх саўдзельнікамі ў перыяд часовай акупацыі г. Полацка з 15 ліпеня 1941 года па 4 ліпеня 1944 года”, складзеным спецыяльнай следчай камісіяй на падставе пратаколаў апытання былых вязняў, сведак, актаў аб раскопках масавых пахаванняў савецкіх ваеннапалонных ва урочышчы Пяскі, за час існавання лагера ў Полацку ў ім было знішчана больш за 40 тысяч ваеннапалонных. У маі 2010 года Полацкая раённая арганізацыя Беларускага фонду міру выступіла з прапановай аб будаўніцтве на месцы трагедыі мемарыяла памяці ахвяр фашызму. Ініцыятыву падтрымалі гарадскія выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў, крыніцай фінансавання былі бюджэтныя сродкі, бязвыплатная спонсарская дапамога і добраахвотныя ахвяраванні. Адкрыты 22 чэрвеня 2020 года мемарыяльны комплекс са Сцяной памяці з устаноўленымі прозвішчамі загінулых, знакамі канфесій і рэлігій — праваслаўя, каталіцызму, іудаізму і ісламу — стаў сімвалам усенароднай памяці і смутку. Сюды ад сцен Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў дзень акцыі накіраваўся вялікі хрэсны ход, які ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён здзейсніў чын асвячэння капліцы ў гонар Святога вялікамучаніка Георгія Пабеданосца, пабудаванай на тэрыторыі мемарыяла, і адслужыў памінальную літыю.

— Капліца асвечана, і цяпер тут будуць ажыццяўляцца малітвы аб упакаенні людзей, якія так трагічна і сумна завяршылі тут сваё зямное жыццё, — адзначыў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Зямное жыццё пераходзіць у жыццё вечнае. Душы іх будуць адчуваць нашу памяць і падзяку. Вечная памяць аб іх хай будзе ў сэрцах нашых.

Акцыя пачалася з пранізліва-кранальнай тэатралізаванай патрыятычнай пастаноўкі, падрыхтаванай акцёрамі народнага тэатра “Пілігрым” (рэжысёр Вера Кісялёва) сумесна з навучэнцамі ўстаноў адукацыі і ваеннаслужачымі Полацка.

— Ёсць раны, якія не лечыць час, — падкрэсліў у сваім выступленні падчас урачыстага мітынгу старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. — Памяць аб тых стратах і пакутах, што давялося вынесці беларусам у гады фашысцкай акупацыі — пастаянны і невыносны боль. Але пакуль мы адчуваем гэты боль, мы застаёмся людзьмі. Памяць — гэта пастаяннае абавязацельства пакаленняў. Нам кажуць сёння: “Давайце ўсё забудзем”. Але гісторыя не цацка, з якой можна гуляць, як захочацца, якую можна скажаць. Існуюць справядлівасць, факты, доказы. Калі мы забудзем мінулае, на жаль, мы можам у яго вярнуцца. Мы павінны не дапусціць гэтага, захаваць памяць аб мінулым, каб працягваць дыялог у цяперашнім і забяспечыць будучыню. Урочышча Пяскі — сведчанне страшнай трагедыі, якая разгарнулася ў самым цэнтры Еўропы і забываць пра якую мы не маем права. Генацыд супраць беларускага народа — адна з самых чорных і ганебных старонак найноўшай сусветнай гісторыі. Ніякага забыцця, а тым больш выбачэння гэтых злачынстваў быць не можа.

Наша памяць напоўнена болем і смуткам, але адначасова і гордасцю за тых, хто зрабіў усё магчымае і нават немагчымае, каб вайна скончылася перамогай савецкага народа. Наш народ не толькі выстаяў. Мы адрадзілі краіну, даказалі сваё непахіснае права быць свабоднымі і незалежнымі. Нягледзячы на ўсе перашкоды, Беларусь адбылася як суверэнная, развітая і дабрабытная краіна. Наш абавязак — свята берагчы гэтую зямлю, ісці наперад па шляху стварэння. Камусьці сёння гэта вельмі не падабаецца. Цяперашнія паслядоўнікі фашыстаў і іх памагатых спрабуюць дэзарыентаваць людзей, у першую чаргу маладых, неакрэплых, незагартаваных. Абяцаюць лёгкія грошы і салодкае жыццё. Мы разумеем: моцны толькі той дабрабыт, які створаны сваімі рукамі.

Трэба рабіць усё, каб нашы дзеці маглі працягваць верыць у тыя ж каштоўнасці, якія былі важныя для нас. Нам нельга дапусціць, каб прадстаўнікі наступнага пакалення сталі сведкамі тых жахаў, якія, як мы лічылі, ужо даўно сышлі з нашага жыцця. Здавалася б, урокі Другой сусветнай вайны засвоены чалавецтвам назаўсёды, аднак мы бачым: сёння Беларусь, знаходзячыся на геаграфічным разломе, зноў апынулася ў цэнтры жорсткай барацьбы за сусветнае панаванне. У гэтых умовах як ніколі важна адзінства нацыі, кансалідацыя намаганняў улады і народа. Галоўнае, што ад кожнага з нас патрабуецца, — чалавечая прыстойнасць, уменне суперажываць адзін аднаму і пачуццё асабістай адказнасці за сваю справу, свой лёс, сваю краіну. Мы абавязкова пераадолеем усе цяжкасці, тым больш што мы ўмеем працаваць, любім сваю Радзіму і з’яўляемся сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько падзякаваў усім, хто дапамагаў у будаўніцтве мемарыяла і прыехаў сюды, каб разам памаліцца і аддаць даніну памяці і павагі людзям, якія тут загінулі.

— На працягу 10 гадоў мы па драбніцах збіралі сродкі на будаўніцтва гэтага комплексу, — расказаў Максім Місько. — І за гэты час убачылі, наколькі ўсе мы адзіныя. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, прафесіях і веравызнаннях, нас аб’ядноўвае самае галоўнае: мы беларусы. Мы ніколі не дадзім на нашай Радзіме скінуць у нябыт і забыццё подзвіг людзей, якія падарылі нам мір.

Ад імя юных міратворцаў выступіла навучэнка Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны Ганна Тумаш:

— 22 чэрвеня — адна з самых трагічных дат у нашай гісторыі. Роўна 80 гадоў назад пачалася Вялікая Айчынная вайна. Беларусь памятае і цэніць Вялікую Перамогу, якая дасталася неверагодна дарагім коштам мільёнам беларускіх сем’яў, якая аб’ядноўвала і будзе аб’ядноўваць людзей розных пакаленняў, колькі б часу ні мінула. Моладзь Беларусі не дазволіць перапісваць праўдзівую гісторыю аб той страшнай вайне, гераізме нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў, не дазволіць прарасці ў розумах новым парасткам фашызму. Мы, юныя міратворцы Беларусі, клянёмся быць вернымі сваёй Айчыне, шанаваць памяць герояў, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, быць патрыётамі і дастойнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, накіроўваць свае сілы і дзейнасць на захаванне духоўных каштоўнасцей, нацыянальнае яднанне сучасных беларусаў.

Гараджане і госці Полаччыны ўшанавалі памяць аб ахвярах вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла. Арганізатарамі акцыі “Памяццю і смуткам свет пераможа вайну” выступілі Беларускі фонд міру, Беларуская Праваслаўная Царква, Полацкі раённы выканаўчы камітэт.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Аляксандра Хітрова, БелТА.