Панарама эфектыўнага вопыту

У сярэдняй школе № 8 Гродна прайшоў месячнік метадычнага майстэрства “Панарама эфектыўнага вопыту: ад настаўніка — да настаўніка”.

У ім прымалі ўдзел настаўнікі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Сваім пра­фесійным вопытам падзяліліся 27 педагогаў. Падчас месячніка была прадстаўлена вучэбная, метадычная і пазакласная дзейнасць. Прай­шло дзевяць адкрытых урокаў, тры пазакласныя мерапрыемствы, тры майс­тар-класы, факультатыў, рэкламная лекцыя, спартыўнае мера­прыемства, круглы стол, рэалізаваны праект, арганізаваны дзве студыі педагагічных ідэй. Усе мерапрыемствы месячніка былі адкрытымі.

Урокі і пазакласныя мерапрыем­ствы праводзіліся з выкарыстаннем інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій. Настаўнікі матэматыкі, французскай мовы, біялогіі, рускай мовы, геаграфіі, педагогі пачатковай школы паказалі высокі прафесіяналізм і сучасныя падыходы да выкладання прадметаў. На занятках панавала пазітыўная, псіхалагічна камфортная атмасфера. Вучні былі актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, самі вызначалі мэты ўрокаў.

Прымяненне здароўезберагальных тэхналогій, кампетэнтнасны падыход, профільнае навучанне, праблемны, тлумачальны, пошукавы, рэпрадуктыўны метад, франтальная, групавая, індывідуальная, калектыўная, гульнявая форма работы, творчыя дамашнія заданні, улік узро­ставых асаблівасцей — так можна ў цэлым ахарактарызаваць праведзеныя заняткі. Некаторыя з іх мелі свае адметнасці. Так, усе заданні на ўроку рускай мовы “Складаназалежныя сказы” (11 клас) былі аб’яднаны адной тэмай — будучая прафесія, прафесійны выбар.

Вучні 2 “Б” класа здзейснілі праект “12 крокаў, каб стаць маленькімі па­трыётамі”, які меў мэту пашы­рыць веды пра вялікую і малую радзіму, сфарміраваць разуменне “я — па­трыёт”. Праект быў прадстаўлены на Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых і творчых работ на тэму “Тут родныя трымаюць карані” і адзна­чаны дыпломам III ступені.

Урок пазакласнага чытання “Байкі І.А.Крылова” (3 клас) прайшоў у форме гульні, дзе выкарыстоўваліся заданні на ўважлівасць і пытанні з “куфра”. На ўроку рускай мовы “Абагульненне вывучанага пра дзеепрыслоўе” (7 клас) прысутнічалі вучні-кансультанты з 9 класа, якія дапамагалі сямікласнікам.

На пазакласным мерапрыемст­ве па матэматыцы “Падарожжа ў галіну даўжыні” выкарыстоўваліся міжпрадметныя сувязі: матэматыкі і літаратуры, матэматыкі і гісторыі. Урок рускай мовы “Корань слова” (2 “А” і 2 “Б” клас) быў дыферэнцыраваны. Вучні  класаў аб’ядналіся ў дзве групы ў залежнасці ад матывацыі да вучобы. Кожная група пад кіраўніцтвам настаўніка выбірала свой падыход да вывучэння новай тэмы. Гэта спрыяе таму, што вучні не баяцца памыліцца, разва­жаюць, працуюць у сваім тэмпе, вучацца атрымліваць веды не толькі ад настаўніка, але і праз тлумачэнне равесніка. Такія ўрокі даюць свой плён: хутка выяўляюцца высокаматываваныя вучні.

Настаўнікі французскай мовы правялі для ўсіх жадаючых май­стар-класы “Выкарыстанне ментальных карт у адукацыйным працэсе” і “Стварэнне і прымяненне электронных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе”. Прысутныя прыйшлі да высновы, што выкарыстанне ментальных карт дапамагае знаходзіць больш эфектыўныя спосабы работы з інфармацыяй, удасканальваць метады работы, якія ўжо выкарыстоўваюцца, вучыць правільна структураваць матэрыял.

Майстар-клас па стварэнні электронных сродкаў навучання праводзіўся з мэтай павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства і кампетэнтнасці настаўнікаў праз знаёмства з сучаснымі адукацыйнымі вэб-сэрвісамі, выкарыстанне і ўкараненне якіх дазваляе рабіць урокі больш разнастайнымі, пашырае магчымасці выкладання, матывуе дзяцей на больш паглыбленае вывучэнне прадмета. У ходзе мерапрыемства прысутныя азнаёміліся з тэстамі Ispring QuizMaker, стварылі ўласныя тэсты і ацанілі сваю дзейнасць пры дапамозе праграмы Kahoot на мабільных тэлефонах.

Студыя педагагічных ідэй і круглы стол аб’ядналі настаўнікаў, якія абагульнілі свой вопыт па канкрэтнай тэме. Падчас выступленняў гучалі парады маладым педагогам, разглядаліся шляхі прымянення лінгвакультуралагічнага падыходу ў навучанні беларускай мове, метад актыўнай ацэнкі, былі знойдзены адказы на пытанні “Як актывіза­ваць пазнавальную дзейнасць вучняў на ўроках фізікі?” і “Як сфарміраваць станоўчую матывацыю на ўроках беларускай мовы і літаратуры?”, прадэманстраваны гульнявыя формы на ўроках хіміі, параўноўваліся падыходы да выкладання рускай мовы на базавым і павышаным узроўні.

Праведзенае анкетаванне па выніках месячніка метадычнага май­стэрства паказала, што мерапрыем­ствы захапілі ўдзельнікаў, настаўнікі адчувалі радасць, задавальненне, далучыліся да агульнай справы.

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца сярэдняй школы № 8 Гродна.