Панацэя ад усіх нягод

12 аматарскіх калектываў, каля 500 студэнтаў-артыстаў і 55 гадоў творчай гісторыі — усё гэта пра студэнцкі клуб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сёння завітаем у яго і даведаемся, як творчасць дапамагае будучым дактарам спасцігаць медыцынскія таямніцы, якія новыя формы рэпетыцый з’явіліся ў час пандэміі і ў чым сакрэт тэатральнай педагогікі.

Творчая лабараторыя будучых медыкаў

У мінулым годзе студэнцкі клуб БДМУ — творчая лабараторыя будучых дактароў і правізараў — адзначыла сваё 55-годдзе. “Гісторыя нашага студэнцкага клуба пачалася ў далёкім 1965 годзе з выступленняў студэнтаў-медыкаў на сцэнічнай пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. За гэты час клуб паспрыяў раскрыццю талентаў соцень будучых урачоў, — падкрэсліла загадчыца студэнцкага клуба БДМУ Тамара Філіпавец. — Зараз у склад студэнцкага клуба ўваходзяць 12 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, што аб’ядналі самых таленавітых студэнтаў у вакальна-харавым, харэаграфічным, інструментальным і тэатральным жанрах. Шэс ць калектываў — факультэцкія: вакальны гурт Cantare, студыя бальнага танца “Элеганс”, фальклорны тэатр “Мед.уні.ца”, студэнцкі хор “Дамінанта”, ансамбль скрыпачоў Perpetuum mobile, харэаграфічны калектыў In a motion. І яшчэ шэсць — агульнаўніверсітэцкія: СТЭМ “Біялакт”, СТЭМ “Эпідэмія”, творчая лабараторыя “Алхімікі”, эстраднае аб’яднанне Talent і два народныя калектывы — тэатр “Эскулапы” і “Панацэя”.

Універсітэцкія старэйшыны

Усе калектывы студэнцкага клуба БДМУ даволі сталыя, самаму старэйшаму больш за 50 гадоў, але ёсць і юныя, якія ўзніклі менш за 10 гадоў назад. Адным з першых пачаў дзейнічаць народны тэатр “Эскулапы”, створаны як агітбрыгада ў 1969 годзе на факультэце грамадскіх прафесій. Ганаровае званне “народная” было пры-своена ў сакавіку 1974 года.

“Сёння тэатр “Эскулапы” мае музычны напрамак. Апошнія пяць гадоў яго рэжысёрам была Настасся Кучук, выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. За гэты час яна паставіла шмат розных спектакляў, тэатральных мініяцюр, канцэртных выступленняў. З улікам рэалій часу рэжысёрам былі распрацаваны новыя формы заняткаў, каб артысты-медыкі не страцілі форму. За апошнія гады два разы калектыў з вялікім поспехам пацвердзіў званне народнага. Кожны выхад “эскулапаўцаў” на сцэну — гэта шмат музыкі і песень, цікавыя рэжысёрскія рашэнні, амаль прафесійная ігра акцёраў, незабыўныя, яркія эмоцыі гледачоў і заўсёды поўная зала”, — расказала загадчыца студклуба.

Да ліку старажылаў адносіцца і народная агітацыйна-мастацкая брыгада “Панацэя”, якая ўзнікла ў 1975 годзе на базе лячэбнага факультэта. Праз 5 гадоў яна атрымала ганаровае званне “народная”. Брыгада ўнесла ў жыццё студэнцкага клуба шмат цікавых форм, традыцый, якія дайшлі да нашых дзён, сярод іх — цырымоніі адкрыцця тэатральна-канцэртных сезонаў, фестывалі творчасці першакурснікаў, творчыя спаборніцтвы патокаў лячэбнага факультэта і г.д. Шматлікія творчыя традыцыі калектыву жывыя і сёння. Адна з іх — прысваенне сваім найбольш яркім удзельнікам звання “ганаровы артыст народнай агітбрыгады “Панацэя”. Менавіта такое званне мае, напрыклад, дэкан факультэта Аляксей Ігаравіч Валатоўскі.

Акрамя народных тэатраў, у студэнцкім клубе дзейні-чаюць іншыя калектывы з багатай гісторыяй. Так, студэнцкаму тэатру эстрадных мініяцюр “Біялакт”, што на педыятрычным факультэце, ужо больш за 40 гадоў. Дарэчы, адзін з яго выхадцаў — урач ультрагукавой дыягностыкі РНПЦ “Маці і дзіця” Сяргей Іванавіч Кавалёў, менавіта ён аўтар гімна медуніверсітэта. 20 гадоў і тэатральнаму калектыву “Эпідэмія” медыка-прафілактычнага факультэта. Ёсть і тыя, каму менш за 10 гадоў: творчая лабараторыя фармацэўтычнага факультэта “Алхімікі” і эстраднае аб’яднанне замежных навучэнцаў Talent. Але ўсе калектывы аб’ядноўвае тое, што кожны іх удзельнік мае магчымасць прая-віць сябе, раскрыць свой патэнцыял і знайсці новых сяброў з дапамогай прафесійных педагогаў: рэжысёраў, музыкантаў, вакалістаў, танцораў. “Пяцёра з нашых рэжысёраў скончылі ўніверсітэт з чырвоным дыпломам, трое абаранілі званне магістра. Сярэдні ўзрост маіх калег — 30—35 гадоў, — адзначыла Т.Філіпавец. — Як гавораць пра іх студэнты — удзельнікі калектываў: “Гэта тыя людзі, дзякуючы якім мы такія, якія мы ёсць”. Думаю, што якраз невялікая розніца ва ўзросце дапамагае ім лепш разумець адно аднаго, знаходзіць новыя ідэі і творчыя рашэнні”.

Па словах Тамары Мікалаеўны, у студэнцкі клуб прыхо-дзяць не таму, што трэба, а таму, што хочацца туды прыйсці, бо “ў ім кожнага пачуюць, зразу-меюць і прымуць з усімі перажываннямі і сумненнямі”: “Наш клуб становіцца аддушынай для студэнтаў. І нягледзячы на іх неверагодную загружанасць, яны знаходзяць час на заняткі для душы. Бо калі хочацца, то заўсёды зной-дзеш магчы-масць, а калі не хочацца, то заўсёды знойдзеш прычыну. Таму самае галоўнае — гэта жаданне, якое дапамагае нашым студэнтам мабілізавацца і паспяваць не толькі вучыцца, а і ззяць на сцэне. Нашы студэнты — асаблівыя. Ва ўсе часы паступіць у медуніверсітэт было складана і прэстыжна, і гэта застаецца актуальным і зараз. Я вельмі часта бачу юнакоў і дзяўчат з адкрытымі канспектамі і падручнікамі паміж выступленнямі і на рэпетыцыях. І мы заўсёды ідзём насустрач нашым творчым студэнтам. А я ў сваю чаргу на рабочых нарадах заўсёды гавару: “Не студэнты для нас, а мы для студэнтаў”. Мы даём ім магчымасць расслабіцца, супакоіцца і вызваліць галаву ад напружання пасля складаных заняткаў”.

Панацэя ад усіх нягод — гэта творчасць, бо менавіта яна дапамагае кожнаму праявіць сябе і раскрыць свой патэнцыял, паэксперыментаваць і паспрабаваць нешта новае, а таксама лепш пазнаць навакольны свет, а пры жаданні і палепшыць яго.

Новыя формы тэатральнай педагогікі

У сучасных умовах кожны кіраўнік творчага калектыву ведае, як зрабіць больш разнастайнай работу са студэнцкай моладдзю. Для гэтага выкарыстоўваюцца традыцыйныя формы і актыўна ўкараняюцца новыя, якія садзейні-чаюць развіццю творчага патэнцыялу.

“Неяк адзін з удзельнікаў народнага тэатра “Эскулапы” Мікіта Зінькевіч падзяліўся сваімі думкамі: “Я за час эпідэміі нібыта развучыўся гаварыць”. І гэта зусім не дзіўна. Бо маўленчы апарат патрабуе пастаяннай трэніроўкі. Нашы артысты ведаюць, што ім, як і спартсменам, патрэбны асаб-лівыя штодзённыя трэніроўкі: рэпетыцыі і заняткі, — расказала загадчыца студэнцкага клуба. — Каб захаваць і прымножыць свае навыкі, тэатралы ў новых умовах, звязаных з эпідэміяй, з радасцю прынялі прапанову, напрыклад, запісаць відэаролікі са скорагаворкамі, складзенымі ў адно апавяданне. Атрымалася вельмі забаўна і цікава. І зусім не важна, ці можна дакрануцца да партнёра і што складана паказаць і рас-тлумачыць пэўныя рэчы на адлегласці. Бо калі ўдзель-нікі шчыра хочуць дарыць адно аднаму і навакольным часцінку сваёй творчасці, то ўсё атрымаецца”.

Тэатральная педагогіка хоць і ўключае ў сябе ў першую чаргу навучанне акцёрскаму майстэрству, але ў той жа час яна эфектыўны спосаб фарміравання гарманічнай і паўнавартаснай асобы, якая вучыцца знаходзіць крэатыўныя рашэнні, набывае раскаванасць і ўпэўненасць, развівае творчыя задаткі, увагу, памяць, уяўленне, фантазію, знаходлівасць, хуткасць рэакцыі. “На тэатральных занятках нашы артысты пазбаўляюцца псіхалагічных зажымаў і пераадольваюць свае страхі. А таксама яны працуюць над удасканальваннем пластыкі цела, пастаноўкай голасу, дыкцыі і мовы, выхоўваюць пачуццё адказнасці і самастойнасці, раз-віваюць камунікатыўныя здольнасці і пашыраюць кругагляд, вучацца ўспрымаць вобразы мастацтва”, — падкрэсліла Т.Філіпавец.

Паглядзець на вынікі тэатральнай работы ўдзельнікаў студэнцкага клуба БДМУ можа любы, завітаўшы, напрыклад, на фестываль-конкурс мастацкай творчасці першакурснікаў “Мы разам”, які 5 апошніх гадоў ва ўніверсітэце назы-ваюць бітвай першакурснікаў. “Пад-рыхтавацца да яго на працягу восені дапамагаюць студэнты-старшакурснікі. Наша свята праходзіць у канцы лістапада — пачатку снежня. Канечне, у эпідэмічных умовах мы не можам гаварыць, што дзверы нашага ўніверсітэта адчынены для ўсіх, але падзяліцца вопытам з калегамі мы заўсёды рады”, — сказала Тамара Філіпавец.

Дарэчы, у лістападзе БДМУ ўрачыста адзначыць сваё 100-годдзе, да свята студэнцкі клуб таксама рыхтуе адметную канцэртную праграму.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прадастаўлены БДМУ.