Паняційнае мысленне на ўроках гісторыі

ЛАРЫЁНАВА Ларыса Аляксандраўна,
настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Ашмян.

Ларыса Аляксандраўна скончыла гістарычны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы. Стаж работы — 27 гадоў. Педагагічнае крэда: “Хто набывае новае, песцячы старое, той можа быць настаўнікам”.

Намінацыя «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія»

Вялікая роля ў развіцці мыслення школьнікаў адводзіцца прадметам сацыяльна-гуманітарнага цыкла, сярод якіх адно з галоўных месцаў належыць гісторыі. Для кожнай тэмы па гісторыі вызначаецца той мінімум ведаў, якім павінны валодаць навучэнцы. У сувязі з гэтым вялікая ўвага ўдзя­ляецца веданню паняццяў. Але ў авалодванні паняційнай граматнасцю ў многіх навучэнцаў узнікаюць пэўныя цяжкасці.

На ўроках гісторыі Ларыса Аляксандраўна пастаянна працуе над развіццём паняційнага мыслення навучэнцаў праз выкарыстанне аптымальных метадычных прыёмаў работы з гістарычным матэрыялам.

“Важнасць і неабходнасць паняційнага мыслення відавочная. Па-першае, калі яно не сфарміравана, то любыя веды даводзіцца запамінаць без усведамлення сутнасці матэрыялу, які вывучаецца. Гэта значыць, што за межамі разумення застаецца ўнутраная логіка і сувязь паміж падзеямі. Па-другое, фарміраванне паняційнага мыслення — гэта працэс асваення інфармацыі, у выніку якога вучань павінен умець існуючыя ў яго вопыт дзейнасці і веды пераносіць на асваенне новых ведаў, — лічыць педагог. — Я знайшла для сябе ўмовы эфектыўнай арганізацыі работы з навучэнцамі па засваенні паняццяў на ўроку:

  • выкарыстоўваць візуалізацыю ці зрокавы вобраз, што садзейнічае міжвольнаму запамінанню і фарміруе нестандартнае мысленне;
  • улічваць узровень навучальнасці вучняў пры складанні заданняў;
  • прапаноўваць навучэнцам заданні рознага ўзроўню складанасці;
  • прымяняць розныя формы кантролю па вызначэнні ўзроўню засваення паняццяў”.

Самы распаўсюджаны від работы па вывучэнні новых паняццяў на ўроку гісторыі — аналіз тэксту падручніка і пошук новых слоў. Знаёмыя паняцці вучні Ларысы Аляксандраўны тлумачаць самі (гэта можа быць і франтальнае апытанне, і апытанне па ланцужку), а новыя паняцці запісваюць у гістарычны слоўнік, калі гэтага паняцця няма ў слоўніку падручніка.

У залежнасці ад адукацыйных задач на ўроках гісторыі педагог прымяняе два пакрокавыя алгарытмы вывучэння новых паняццяў. Першы алгарытм выкарыстоўваецца ў працэсе навучання ўменню тлумачыць змест гістарычнага паняцця. На першым этапе ідзе засвойванне інфармацыі і пошук адказу на пытанне “Што (ці хто) гэта такое?”; далей — прымяненне паняццяў у знаёмай сітуацыі, і ў якасці замацавання — творчае прымяненне ведаў у новай вучэбнай дзейнасці.

Другі алгарытм вучыць уменню тлума­чыць гістарычныя паняцці, выяўляць іх узаема­сувязі. Спачатку навучэнцы выву­чаюць этымалогію слова, пасля пра­цуюць з асацыяцыямі, якія выклікае гэты тэрмін, выдзя­ляюць істотныя і характэрныя прыкметы паняцця і, нарэшце, фармулююць паняцце.

Ларыса Аляксандраўна ўпэўнена, што паняцці ў курсе гісторыі могуць быць засвоены толькі пры апоры на канкрэтныя факты. Гэтую выснову падкрэслівае ўзаемасувязь засваення фактаў і паняццяў. Так, у 5 класе навучэнцы знаёмяцца з паняццем “дзяржава”. Яго змест пашыраецца і паглыбляецца на працягу ўсяго вывучэння гісторыі ў 6—11 класах.

Педагог часта звяртае ўвагу дзяцей на тое, што ў назвах многіх тэрмінаў ужо ёсць інфармацыя для раскрыцця іх азначэння. Гэта адносіцца да паняццяў, прыстаўкі ў якіх мяняюць значэнне паняцця на процілеглае. Напрыклад, вывучыўшы тэму “Рэфармацыя і рэлігійныя войны” ў 8 класе і ведаючы значэнне паняцця “рэфармацыя”, навучэнцы Ларысы Аляксандраўны самастойна вызначаюць значэнне паняцця “контррэфармацыя”. Ключом да адказу з’яўляецца прыстаўка контр- (супраць).

Для паспяховай работы на ўроках гісторыі педагог выкарыстоўвае прыём візуалізацыі, што садзейнічае міжвольнаму запамінанню. Напрыклад, у 5 класе на ўроку па тэме “Старажытны Егіпет” формай падачы матэрыялу з’яўляецца віртуальнае плаванне па Ніле з дапамогай інтэрактыўнай карты і інтэрактыўнай дошкі. Такім чынам, ствараецца агульная карціна Старажытнага Егіпта і вывучаюцца неабходныя паняцці.

Сярод форм работы над развіццём паняційнага мыслення навучэнцаў Ларысы Аляксандраўны цікавы і прыём пад назвай “Павучок”. Пры вывучэнні паняцця навучэнцам прапаноўваецца на дошцы да ключавога паняцця напісаць у назыўным парадку яго прыкметы. Гэты прыём эфектыўны пры паўтарэнні і замацаванні ў рабоце з паняццямі.

“Для старшакласнікаў паказчыкам развіцця паняційнага мыслення з’яўляецца ўменне суадносіць разрозненыя падзеі і з’явы з агульнай карцінай эпохі, рас­крываць прычынна-выніковыя сувязі. Так, вывучаючы ў 8 класе тэму па сусветнай гісторыі “Заходняя Еўропа ў пачатку новага часу”, адштурхоўваемся ад паняцця “мадэрнізацыя”. Спачатку даём азначэнне паняцця як складанага працяглага працэсу разбурэння асноў традыцыйнай цывілізацыі, якое ахапіла ўсе бакі жыцця грамадства. Потым прапаноўваю вучням схему, у якой яно канкрэтызуецца пры дапамозе больш вузкіх паняццяў: нацыя, рынак, класы, секулярызацыя і інш. Каб сістэматызаваць гістарычныя факты і паняцці, адзі­наццацікласнікі робяць параўнальны аналіз працэсу мадэрнізацыі, напрыклад, у Вялікабрытаніі і Расіі”, — тлумачыць педагог.

Ларыса Аляксандраўна пераканана, што пры рабоце па вывучэнні паняццяў навучэнцы набываюць навыкі ўніверсальных вучэбных дзеянняў, якія выкарыстоўваюць і пры вывучэнні іншых вучэбных прадметаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *