Папоўняць шэрагі гімназістаў

- 11:24Якасць адукацыі

У краіне завяршаецца ўступная кампанія ў 5-я гімназічныя класы. 2 чэрвеня навучэнцы пісалі дыктант па рускай мове, 5 чэрвеня выконвалі кантрольную работу па матэматыцы. Дыктант па беларускай мове стаў апошнім сур’ёзным выпрабаваннем для большасці патэнцыяльных гімназістаў. Тым жа навучэнцам, хто паступае ў гімназіі — каледжы мастацтваў, учора неабходна было вытрымаць праверку здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва. Сёння ў выпускнікоў пачатковых класаў, якія па ўважлівых прычынах не змаглі здаць уступныя экзамены ва ўстаноўленыя тэрміны, — рэзервовы дзень.

У гімназію № 5 Баранавіч сёлета запланавана прыняць 78 навучэнцаў — адкрыць тры 5-я класы па 26 чалавек. На апошняе выпрабаванне (па беларускай мове) навучэнцы з бацькамі пачалі збірацца загадзя — больш чым за гадзіну да пачатку іспыту. Здавалася, хваляванне, што прысутнічала на першым выпрабаванні, пераадолена, і дзеці адчувалі сябе больш упэўнена. Перажыванні і сумненні па-ранейшаму адлюстроўваліся на заклапочаных тварах бацькоў.

Набор у гімназію ажыццяўляўся па адзіных для ўсіх паступаючых патрабаваннях на конкурснай аснове. Заданні на ўступныя выпрабаванні прапаноўваліся навучэнцам са зборнікаў за перыяд навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, падрыхтаваных Міністэрствам адукацыі. Залічэнне ў 5-я класы будзе адбывацца па суме адзнак, атрыманых на трох уступных выпрабаваннях — матэматыцы, рускай і беларускай мовах, якія арганізоўваліся ў пісьмовай форме і на выкананне якіх адводзілася 45 хвілін, і гадавых адзнак за 4-ы клас па гэтых жа прадметах. Максімальная сума балаў, якую можа набраць паступаючы, складае 60. Пераважнае права пры залічэнні ў гімназію пры роўнай агульнай колькасці балаў маюць навучэнцы, у якіх больш высокі сярэдні бал.

За званне гімназіста выказала жаданне пазмагацца 114 баранавіцкіх школьнікаў: 106 з іх вучыліся ў пачатковай школе пры гімназіі і 8 — у іншых установах адукацыі горада. Канкурэнцыя сапраўды сур’ёзная: конкурс — 1,5 чалавека на месца (самы высокі ў Баранавічах).

Па словах дырэктара гімназіі Таццяны Іванаўны Шастак, усе паступаючыя ў 5-я класы навучэнцы знаходзіліся ў аднолькавых умовах. Экзаменацыйныя камісіі былі сфарміраваны з улікам рэкамендацый Міністэрства адукацыі: настаўнікі, якія працавалі ў 4-х класах, не ўваходзілі ў склад камісій і не чыталі тэкстаў дыктантаў. Усе работы шыфраваліся, таму да моманту дэшыфроўкі ніхто не ведаў іх аўтараў. Ацэньванне работ ажыццяўлялася ў адпаведнасці з нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па вучэбных прадметах на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Многія пачаткоўцы наведвалі падрыхтоўчыя курсы, якія былі арганізаваны на базе гімназіі на працягу года па трох прадметах. На заняткі прыходзілі не толькі навучэнцы пачатковых класаў пры гімназіі, але і з іншых навучальных устаноў раёна.

— Дзеці, якія праходзяць праз гэтыя заняткі, больш якасна здаюць уступныя выпрабаванні, — заўважае дырэктар. — Дыктант па рускай мове на “дзясяткі” напісалі 50 навучэнцаў, кантрольную па матэматыцы — 48 чалавек. Прычым частка дзяцей палепшыла свае гадавыя адзнакі. Практыка паказвае, што часам, не вытрымліваючы цяжару адказнасці, выдатнікі пішуць горш за вучняў з сярэднім узроўнем ведаў. Такія выпадкі здараліся і падчас першых двух іспытаў.

— На ўступнае выпрабаванне па беларускай мове быў аб’яўлены дыктант “У пушчы вясной”. Тэкст быў нескладаным, хаця і насычаным арфаграмамі і пунктаграмамі, якія вывучаліся ў курсе беларускай мовы, — расказала настаўніца пачатковых класаў Ларыса Валянцінаўна Пучкова, якая дыктавала яго ў адной з груп. — Два словы (невялікія, вадаплаўныя) былі вынесены на дошку, а значэнне слова “паводка” было патлумачана дзецям перад напісаннем дыктанта.

У выніку навучэнцы, якія рыхтаваліся да іспыту, сканцэнтраваўшыся і засяродзіўшыся, прыгадаўшы вывучаныя правілы, паспяхова напісалі гэты тэкст. 49 навучэнцаў атрымалі дзесяць балаў, толькі 3 — шэсць балаў і пяцёра — сем балаў. Прахадны бал у гімназію сёлета склаў 50 балаў (летась — 52).

Бацькі, з якімі мне ўдалося пагутарыць, выказалі спадзяванне, што іх дзеці акажуцца ў ліку шчасліўчыкаў і стануць гімназістамі. Многія лічаць паступленне свайго дзіцяці ў гімназію перадумовай поспеху ў будучыні.

А што яшчэ падштурхоўвае бацькоў да выбару менавіта гімназіі № 5? Слава пра навучэнцаў гімназіі разносіцца далёка за яе межамі. Высокі ўзровень выкладання і выдатная матэрыяльная база дазваляе навучэнцам дасягаць значных поспехаў у вучобе. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 13 школьнікаў удастоены дыпломаў па біялогіі, геаграфіі, грамадазнаўстве, фізіцы, рускай і англійскай мовах. Заключны этап гэтых спаборніцтваў прынёс у скарбонку ўстановы дыплом ІІ ступені па геаграфіі дзевяцікласніка Яўгена Бараноўскага (настаўніца Наталля Аляксандраўна Лук’янчык). У мінулым годзе 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове і літаратуры атрымаў Павел Сакаў (настаўніца Наталля Георгіеўна Мяшчэрская).

У гімназіі актыўна працуюць гурткі, секцыі, якія дазваляюць раскрыць навучэнцам свае здольнасці. З гэтага навучальнага года ва ўстанове адкрыўся гурток па робататэхніцы, дзе заняткі праводзяцца, пачынаючы з 4 класа. Ён карыстаецца ў дзяцей вялікай папулярнасцю.

На старшай ступені гімназіі навучанне арганізавана па некалькіх напрамках: фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, грамадазнаўчым і гуманітарным. З 5-га па 11 клас па запытах навучэнцаў і іх бацькоў арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі. Для развіцця навукова-даследчых навыкаў гімназістаў, а таксама для якаснай прафарыентацыйнай работы дзейнічае навуковае таварыства. І вельмі паспяхова! Пра гэта яскрава сведчаць апошнія дасягненні гімназістаў. На ХІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Садружнасць навук — 2017” адзінаццацікласнік Аляксандр Раманаў адзначаны дыпломам. Навучэнцы 10 класа Аляксей Цімафіевіч і Аляксандр Акалатовіч сталі лаўрэатамі прэміі маладога журы па фізіцы з работай “Плазменны іонафон” на ХХVІІ Сахараўскіх чытаннях, якія прайшлі ў Санкт-Пецярбургу (настаўнікі Лідзія Дзмітрыеўна Жанкевіч, Андрэй Канстанцінавіч Любас).

5-я баранавіцкая гімназія — згуртаванне таленавітых і крэатыўных настаўнікаў, якія клапоцяцца пра тое, каб якасць адукацыі навучэнцаў была высокай, каб яны былі канкурэнтаздольнымі і паспяховымі ў жыцці. Педагогі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце інфармацыйна-камунікацыйныя і інтэрактыўныя тэхналогіі, праблемнае навучанне, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення. Творча і вынікова працуюць настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Мікалаеўна Куратнік, настаўніца біялогіі Дар’я Канстанцінаўна Грышчук, настаўніца гісторыі Вольга Мікалаеўна Жанкевіч, настаўнікі англійскай мовы Марына Віктараўна Шэка, Вольга Аляксандраўна Банкевіч і інш.

Імідж гімназіі расце і ад таго, што з лістапада мінулага года яна атрымала статус філіяла кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі АПА. Асновай для стварэння паслужыў інавацыйны праект “Укараненне метадычнага сеткавага цэнтра прымянення інавацыйных практык як фактару павышэння якасці адукацыі”. Сутнасць супрацоўніцтва ў правядзенні на базе гімназічнага дыстанцыйнага асяроддзя заняткаў па павышэнні кваліфікацыі педагогаў рэспублікі, якія суправаджаюцца настаўнікамі гімназіі, чытанне лекцый і ўдзел у навуковай дзейнасці АПА і г.д.

Клопат адміністрацыі гімназіі і асабіста дырэктара не заканчваецца пасля завяршэння ўступнай кампаніі ў 5-я класы. Пільная ўвага ўдзяляецца таму, каб адаптацыя пры пераходзе вучняў у сярэдняе звяно прайшла плаўна і мякка, не выклікаючы цяжкасцей. Вялікую работу па адаптацыі пяцікласнікаў праводзіць вопытны педагог-псіхолаг Алена Віктараўна Сяргеева. Яна арганізоўвае кансультацыі як з настаўнікамі, так і з вучнямі і іх бацькамі. Бацькі разам з дырэктарам ці намеснікам дырэктара могуць папрысутнічаць на ўроках сваіх дзяцей. Адпаведнае навучанне праходзіць і ў педагогаў. Тым больш, што тыя настаўнікі, якія плануюць працаваць у 5-х класах, абавязкова наведваюць заняткі чацвёртакласнікаў. І гэтая работа дае свой плён. Сярэдні бал гадавых адзнак па 5-х класах нават вышэйшы, чым за 4-я.

* * *

Ужо 12 чэрвеня стануць дакладна вядомы імёны шчасліўчыкаў, якія сталі гімназістамі. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, калі дзіця не прайшло ў гімназію па выбраных балах, то падаць дакументы ў іншую гімназію хутчэй за ўсё не атрымаецца. Разлічваць на паступленне ў іншую гімназію можна толькі ў выпадку недабору ў ёй. Але і нават тады ў гімназіі на конкурснай аснове дабяруць тых дзяцей, якія імкнуліся туды паступіць і якім не хапіла балаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.