“Папулярызаваць адметнасці свайго рэгіёна”

Што ні сяльцо, то слаўцо, што ні край, то звычай… Невыпадкова рэгіянальнаму кампаненту героі нашай рубрыкі надаюць важнае значэнне. З якімі формамі краязнаўчай работы лепш за ўсё сумясціць рэгіянальны кампанент, каб сучасная моладзь актыўна вывучала малую радзіму? Адказ ведае загадчык аддзела краязнаўства Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Аляксандр Пятровіч СТРОКАЧ.

Важнасць выкарыстання рэгія­нальнага кампанента мы, у прынцыпе, маглі б абмеркаваць не толькі з Аляксандрам Пятровічам, а з любым загадчыкам аддзела краязнаўства аднаго з рэгіянальных цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. І кожная такая гутарка была б насычана яркімі прыкладамі багатага вопыту. Аднак не ўсе нашы патэнцыяльныя суразмоўнікі займаюцца краязнаўствам практычна. Аляксандр Пятровіч, акрамя метадычнай работы, арганізацыі і правядзення краязнаўчых конкурсаў, акцый, квестаў, экскурсій, аналізу вучнёўскіх даследчых работ, пастаяннага маніторынгу развіцця края­знаўчай справы ў вобласці (ужо толькі гэтыя абавязкі часта выхо­дзяць за межы працоўнага дня), знаходзіць яшчэ час і на практычнае вывучэнне роднай Брэстчыны. Пра такіх людзей справядліва гавораць — апантаны краязнавец. Спынімся пакуль што на метадычнай рабоце Аляксандра Пятровіча, на праектах, якія рэалізуюцца ў вобласці пад яго кіраўніцтвам. А вось з вынікамі сваёй даследчай дзейнасці педагог азнаёміць у адным з наступных нумароў выдання.

“Кожны рэгіён адметны. На Гродзеншчыне захавалася найбольшая ў краіне колькасць помнікаў архітэктуры. Што тычыцца тэмы Вялікай Айчыннай вайны, то тут канкурэнцыю Брэстчыне складаюць Магілёўшчына і Віцебшчына, дзе актыўна развіваецца пошукавы рух, працуе шмат пошукавых атрадаў, клубаў. Аднак і раёны Брэсцкай вобласці вылучаюцца. Напрыклад, Баранавіцкі ў этнаграфічным плане больш падобны да Мінскай вобласці, Камянецкі — памежны, тут перапляліся беларускія, польскія, украінскія культурныя традыцыі. На Бярозаўшчыне, Кобрыншчыне акцэнт робіцца на музейнай рабоце. Піншчына і Століншчына — самае сэрца Палесся, тут у краязнаўстве пераважае экалагічны напрамак”, — дзеліцца педагог.

Архітэктурныя, прыродныя, этнаграфічныя асаблівасці (той самы рэгіянальны кампанент, на аснове якога і будуюць сваю работу педагогі-краязнаўцы) ёсць у любым раёне. Але якой бы ўнікальнай ні была гэтая адметнасць, важна ўмець зацікавіць школьнікаў яе вывучэннем. Вось тут на дапамогу можа прыйсці віртуальная прастора. Першым удалым прыкладам яе выкарыстання на Брэстчыне стала абласная краязнаўчая алімпіяда. “Пачынаючы з 2007 года праве­дзена сем такіх алімпіяд, — расказвае А.П.Строкач. — У 2016 годзе алімпіяда ўпершыню прайшла ў дыстанцыйным фармаце, што дазволіла значна павялічыць колькасць яе ўдзельнікаў. Пытанні алімпіяды размяшчаліся ў інтэрнэце. Распрацоўка заданняў патрабавала максімальна цікавага іх зместу для дзяцей дзеля пашырэння ведаў аб родным краі. Пры выкананні заданняў у­дзельнікам абласной края­знаўчай алімпіяды не забараняецца выкарыстоўваць кнігі, краязнаўчую літаратуру, інтэрнэт-крыніцы, а таксама ўласныя краязнаўчыя напрацоўкі. Таму дыстанцыйны фармат выклікаў асаблівую цікавасць у навучэнцаў і настаўнікаў. Цяпер падобныя мерапрыемствы рэгулярна праводзяц­ь розныя ўстановы адукацыі краіны. Мы ж былі аднымі з першых”.

Да нашай гутаркі далучыўся дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Дзмітрый Мікалаевіч Гумянюк. Ён адзначыў, што практыка выкарыстання інтэрнэт-прасторы была працягнута на Брэстчыне і ў 2017 годзе, калі па ініцыятыве Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста стартаваў праект “Віртуальны музей”, які хутка заваяваў папулярнасць і набыў абласны статус. У рамках праекта былі створаны асобныя сайты краязнаўчага музея гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна (настаўніцамі Святланай Аляксееўнай Дземідовіч і Галінай Васільеўнай Скарыной), музея гісторыі сярэдняй школы № 1 Кобрына (Раісай Мікалаеўнай Макраус і Наталляй Васільеўнай Рагачук), музея геалогіі сярэдняй школы № 26 Брэста (Аляксандрам Ільічом Кебецам), а ў Ліноўскай сярэдняй школе Пружанскага раёна Аляксандр Іванавіч Гук стварыў віртуальны музей вылічальнай тэхнікі.

“Пры выкананні заданняў удзельнікам абласной краязнаўчай алімпіяды не забараняецца выкарыстоўваць кнігі, краязнаўчую літаратуру, інтэрнэт-крыніцы, а таксама ўласныя края­знаўчыя напрацоўкі. Таму дыстанцыйны фармат выклікаў асаблівую цікавасць у навучэнцаў і настаўнікаў”.

Віртуальных музеяў ва ўстановах адукацыі краіны створана шмат, аднак віртуальныя музеі Брэсцкай вобласці — гэта, без перабольшання, эталон такога тыпу музеяў. Знайсці ўваход у гэтыя музеі нескладана — дапаможа Google. Цудоўным прыкладам абагульнення вопыту па выкарыстанні рэгіянальнага кампанента ў краязнаўчай рабоце і папулярызацыі ведаў пра малую радзіму з’яўляюцца таксама края­знаўчыя сайты. Адзін з такіх сайтаў, а дакладней маштабны края­знаўчы праект “Турыстычны Кобрын”, створаны пад кіраўніцтвам настаўніка сярэдняй школы № 6 Кобрына Якава Якаўлевіча Лагвіновіча. З гэтым праектам наша выданне ўжо знаёміла чытачоў. Завітайце ў “Турыстычны Кобрын” яшчэ раз, там з’явілася шмат новай цікавай інфармацыі.

“Сёння для эфектыўнай края­знаўчай работы з навучэнцамі мае асаблівае значэнне выкарыстанне вэб-прасторы і сучасных інфармацыйных тэхналогій. Для акумулявання ўсёй краязнаўчай работы ў вобласці створаны сайт “Школьнае краязнаўства Брэстчыны”, які анансуе краязнаўчыя акцыі, форумы, канферэнцыі, дэманструе дасягненні і вынікі працы навучэнцаў i педагогаў па краязнаўчай, музейнай, пошукава-даследчай, праектнай дзейнасці. На сайце даступны раздзелы па края­знаўстве, музейнай справе, тапаніміцы, падрыхтавана бібліятэка края­знаўчых распрацовак, прадстаўлены віртуальны даведнік па музеях (прадстаўлена 113 з больш чым 200 музеяў устаноў адукацыі вобласці). Інфармацыя гэтага сайта з’яўляецца метадычнай і практычнай краязнаўчай скарбонкай, формай дэманстрацыі магчымасцей роднага краю, папулярызацыі культурна-гістарычнай спадчыны Брэстчыны”, — паведаміў педагог.

Калегамі Аляксандра Пятровіча з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і мола­дзі распрацавана вялікая колькасць дыдактычнага краязнаўчага матэрыялу, у тым ліку інтэрактыўны турнір “Школа роднага краю”. Актыўна выкарыстоўваюцца а­ўдыягіды, карты платформ Google і ArcGIS, сферапанарамы і QR-коды. Напрыклад, у квестах, якія прысвечаны архітэктуры і прыродзе Брэстчыны, юным краязнаўцам неабходна пры дапамозе інтэрнэту і прапанаваных QR-спасылак азнаёміцца са сферычнымі панарамамі, вызначыць максімальную колькасць аб’ектаў (помнікаў прыроды, паркаў, заказнікаў, азёр, цэркваў і касцёлаў, зам­каў і крэпасцей) і адказаць на дадатковыя пытанні.

“Віртуальная прастора дадае значнасці і папулярнасці краязнаўчым праектам. У той жа час актуальнымі застаюцца традыцыйныя выданні краязнаўчых каталогаў, праспектаў, буклетаў, кніг. Важным з’яўляецца і выкарыстанне інтэр­актыўных форм работы з навучэнцамі”.

На думку педагога, віртуальная прастора дадае значнасці і папулярнасці краязнаўчым праектам. У той жа час актуальнымі застаюцца традыцыйныя выданні края­знаўчых каталогаў, праспектаў, буклетаў, кніг. Важным з’яўляецца і выкарыстанне інтэр­актыўных форм работы з навучэнцамі. Адна з інавацыйных форм — краязнаўчы марафон, які праводзіцца ў шосты школьны дзень і тым самым дазваляе прыцягнуць як мага большую колькасць навучэнцаў. Абласны марафон дазволіў аб’яднаць шэраг асобных краязнаўчых мера­прыемстваў. Дзякуючы некалькім этапам марафону, школьнікі могуць паказаць свае веды ў розных галінах краязнаўства, а таксама прадэманстраваць турысцкія навыкі, уменне выступац­ь перад а­ўдыторыяй, абараняць края­знаўчыя праекты.

“Адным з першых этапаў марафону стаў квест “Падарожжа праз стагоддзі”. Камандам было прапанавана разгадаць комплексную віктарыну пра Брэст, а таксама паўдзельнічаць у заданнях квест-экскурсіі па цэнтральнай частцы горада з элементамі арыентавання па карце. Навучэнцам неабходна было мабілізаваць усе свае веды па гісторыі і архітэктуры, праявіць уменні падчас работы з картай горада. Цікавым этапам марафону стаў квест навучэнцаў па экспазіцыі археалагічнага музея “Бярэсце”. Кульмінацыйным этапам марафону стала віктарына “Школа роднага краю”, якая адбылася на базе сярэдняй школы № 26 Брэста. Пры правя­дзенні віктарыны актыўна выкарыстоўваліся мультымедыйныя прэзентацыі. На кожным з этапаў краязнаўчага марафону навучэнцы ўдзельнічалі ў віктарынах, выконваючы прапанаваныя заданні па гісторыі, геаграфіі, экалогіі, сучасным развіцці Брэсцкай вобласці”, — паведаміў А.П.Строкач.

У кожнай вобласці свае гістарычныя, этнаграфічныя, прыродныя асаблівасці. І задача краязнаўцаў, на думку Аляксандра Пятровіча Строкача, не проста вывучаць гэтыя асаблівасці, важна папулярызаваць адметнасці свайго рэгіёна, выкарыстоўваць рэгіянальны кампанент у разнастайных формах краязнаўчай работы, асабліва ў тых, якія цікавыя сучаснай мола­дзі. Тады і любоў да малой радзімы будзе ў моладзі шчырай, тады і развіццё айчыннага краязнаўства будзе паспяховым.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.