Папярэдзіць небяспеку, абараніць дзіця

- 9:20Навіны рэгіёнаў

На Віцебшчыне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без гвалту!” Старт падрыхтоўчаму этапу акцыі быў дадзены 29 сакавіка на відэаканферэнцыі, арганізаванай галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным сацыяльна-педагагічным цэнтрам сумесна з упраўленнем унутраных спраў і камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкама.

У сустрэчы прынялі ўдзел першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч, старшы інспектар па асобых даручэннях групы арганізацыі работы ІСН аддзела прафілактыкі ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі УУС абл­выканкама Раман Бардзееў, галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Алена Харкевіч, дырэктар абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алеся Вавілонская, спецыялісты аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў і адміністрацый раёнаў Віцебска, рэгіянальных СПЦ, сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў уста­ноў адукацыі вобласці. У ходзе відэаканферэнцыі былі абмеркаваны арганізацыйныя пытанні і вызначаны парадак правядзення акцыі ў рэгіёне. Як праінфармавала Алена Багдановіч, на Віцебшчыне склалася пэўная сістэма работы па прафілактыцы сямейнага гвалту. На сайтах і стэндах размяшчаецца інфармацыя аб нумарах гарачых ліній, кантактных даных дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў, якія могуць аказаць кансультацыйную, псіхалагічную дапамогу ў вырашэнні праблем гвалту ў сям’і. Аказваецца дапамога непаўналетнім, якія пацярпелі ад гвалту, пытанні прафілактыкі актыўна асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі. Установы адукацыі праводзяць мерапрыемствы па прафілактыцы гвалту, у тым ліку сямейнага, для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Нярэдка гэтыя мерапрыемствы носяць міжведамасны характар. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дзяржаўных і іншых арганізацый выступаюць на бацькоўскіх сходах, прыцягваюцца для правядзення практыка-арыентаваных мерапрыемстваў, уключаючы вэбінары, семінары, круглыя сталы, лекторыі. Ва ўстановах адукацыі рэалізуецца шэраг праграм, праектаў па прафілактыцы сямейнага гвалту. Напрыклад, спецыялісты Браслаўскага СПЦ распрацавалі праграму “Здаровая сям’я — шчаслівыя дзеці”, нацэленую на прафілактыку сямейнай непаспяховасці і сацыяльнага сіроцтва, павышэнне адказнасці бацькоў і функцыянальнай дзеяздольнасці сям’і. У Полацкім раёне рэалізуюцца праграмы “Сямейнаарыентаваны падыход у сістэме абароны дзяцінства” (накіравана на павышэнне педагагічнай кампетэнцыі педагогаў устаноў адукацыі і ўдасканальванне работы педагогаў па раннім выяўленні i своечасовай рэабілітацыі дзяцей, якія пацярпелі ад жорсткага абыхо­джання і незадавальнення жыццёвых патрэб, а таксама на распрацоўку стратэгіі суправаджэння сем’яў) і “Дамашняе візітаванне” (праграма дазваляе ацэньваць бяспечныя ўмовы пражывання дзяцей і з’яўляецца дзейсным метадам работы з сям’ёй, накіраваным на папярэджванне жорсткага абыходжання і незадавальнення асноўных жыццёвых па­трэб дзяцей, развіццё бацькоўскіх навыкаў у выхаванні дзяцей да 5 гадоў). У рамках прафілактычнай работы актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці інтэрнэту і, у прыватнасці, сацыяльных сетак, што набыло асаблівую актуальнасць у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй. Шырокай папулярнасцю карыстаецца анлайн-кансультаванне. У Пастаўскім раёне былі арганізаваны еmail-дыялогі, у Наваполацку адбыўся прэс-дыялог “Зносіны з дзіцем без сварак і канфліктаў” і шырока задзейнічаны магчымасці форум-тэатра.

— Праблема сямейнага гвалту часам закранае нават сем’і, якія адрозніваюцца знешняй рэспектабельнасцю, — адзначыла Алена Леанідаўна. — Прычыны бацькоўскай жорсткасці хаваюцца не толькі ў сацыяльна і эканамічна неспрыяльных умовах, але шмат у чым абумоўлены эмацыянальнай нясталасцю бацькоў, што не дазваляе ім паспяхова спраўляцца з цяжкасцямі выхавання, а таксама адсутнасцю неабходных ведаў па заканамернасцях дзіцячага развіцця. На жаль, некаторыя формы гвалту могуць памылкова ўспрымацца бацькамі як праяўленне клопату або спосаб выхавання. Мэтай штогадовай рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без гвалту!” з’яўляецца прыцягненне шырокіх слаёў насельніцтва да аказання дапамогі і садзейнічання дзяржаўным органам у вырашэнні праблем гвалту ў сям’і з прымяненнем да асоб асацыяльных паводзін мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў. Неабходна давесці навучэнцам, бацькам, педагогам, работнікам устаноў адукацыі інфармацыю аб магчымасцях дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў у вырашэнні праблем гвалту ў сям’і і аб палажэннях Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2014 года “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, растлумачыць навучэнцам, бацькам негатыўныя наступствы бытавых кан­фліктаў і важнасць своечасовага рэагавання на іх, прыняць меры прафілактычнага ўздзеяння да асоб, якiя ажыццяўляюць гвалт у сям’і.

Рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без гвалту!” рэалізуецца ў тры этапы з 29 сакавіка па 15 красавіка. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з міністэрствамі адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, міжнароднымі і грамадскімі арганізацыямі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.