Пара па парах!

- 15:47Спартыўныя падзеі

Змест фізічнага выхавання павінен забяспечваць рознабаковы ўплыў на фізічнае развіццё навучэнцаў, уключаючы выхаванне маральных і валявых якасцей, авалоданне высокай тэхнікай выканання спецыяльных спартыўных і функцыянальных практыкаванняў, якія будуць карысныя ў паўсядзённым жыцці. Практыка паказала, што даўно наспела ідэя выкарыстання нетрадыцыйных прыёмаў на асобных этапах урока і пазакласных мерапрыемстваў. Мы, настаўнікі фізічнай культуры сярэдняй школы № 209 Мінска, можам з упэўненасцю сказаць, што знайшлі досыць цікавы сродак функцыянальнага трэнінгу — практыкаванні ў парах.

Велізарная разнастайнасць практыкаванняў у парах часта не патрабуе інвентару і дае магчымасць правядзення заняткаў з людзьмі любога ўзросту, полу і фізічнай падрыхтаванасці. Практыкаванне ў парах — гэта ўніверсальны сродак, які прымяняецца для развіцця ўсіх фізічных якасцей і фарміравання правільнай паставы. Такія практыкаванні вельмі эмацыянальныя і павышаюць цікавасць да заняткаў. Менавіта эмацыянальнасць у нявопытных настаўнікаў прыводзіць да негатыўных наступстваў. Непасрэдны кантакт навучэнцаў адно з адным, незвычайнасць практыкаванняў нярэдка выклікаюць парушэнні дысцыпліны, гоман на занятках, адхіленне ад правіл выканання заданняў, што можа прывесці да траўматызму. Таму настаўнікі часта выключаюць са сваёй практыкі гэтыя практыкаванні. І дарэмна.

Сістэматычнае прымяненне такіх практыкаванняў не толькі спрыяе павышэнню эмацыянальнага фону заняткаў, але і вырашае шэраг найважнейшых задач: узбагачае рухальны вопыт навучэнцаў; дазваляе суадносіць свае дзеянні па сіле, амплітудзе, часе пры ўзгадненні іх з партнёрам; развівае асноўныя рухальныя якасці, паколькі партнёр аказвае дадатковую нагрузку або палягчае яе; фарміруе ўважлівае стаўленне адзін да аднаго, узаемападтрымку і ўзаемадапамогу. Гэтыя практыкаванні могуць быць з поспехам выкарыстаны ў падрыхтоўчай і заключнай частцы ўрока з мэтай размінкі і замінкі, а таксама ў асноўнай частцы заняткаў. Выкарыстоўваюцца розныя віды практыкаванняў у парах: на супраціўленне (у адпаведнасці з мышачнай групай і фізічнай якасцю), з падтрымкай, з падыманнем і пераносам партнёра, у руху ў парах, з інвентаром, гульнявыя і спаборніцкія практыкаванні.

Сапраўднай знаходкай з’яўляецца тое, што такія рухальныя дзеянні немагчыма прарабіць без дапамогі або падтрымкі партнёра, што стварае дадатковыя ўмовы для асваення новых рухальных дзеянняў. Так, практыкаванні ў супраціўленні фарміруюць у навучэнцаў уменне прыкладаць максімальныя намаганні або дакладна разлічваць іх інтэнсіўнасць для аказання супраціўлення партнёру, што садзейнічае развіццю мышачнай адчувальнасці. Пры гэтым работа мышцаў можа працякаць у розным рэжыме: статычным і дынамічным. Практыкаванні, дзе партнёр аказвае дапамогу ці падтрымку ў выкананні пэўных рухаў, спрыяюць фарміраванню ўмення ўзгадняць свае дзеянні з дзеяннямі таварыша (партнёра). Роля партнёраў у гэтых практыкаваннях розная: абодва выконваюць рухі цалкам аднолькавыя па форме і характары “люстэркава” або аднайменнымі часткамі цела; партнёр аказвае дапамогу, падтрымку або супраціўленне асноўнаму выканаўцу.

Пры выкананні практыкаванняў у парах заўсёды ёсць магчымасць выкарыстоўваць розны спартыўны інвентар. Гімнастычныя палкі, набіўныя мячы рознай вагі, скакалкі, практыкаванні на гімнастычнай сценцы, лаўцы і многае іншае прад’яўляюць павышаныя патрабаванні да арганізма. Яны дазваляюць разнастаіць практыкаванні, выбарачна ўздзейнічаць на жаданую групу мышцаў, развіваць хуткасць мышачных скарачэнняў, строга дазіраваць нагрузку, фарміраваць уменне рэгуляваць напружанне і расслабленне асобных груп мышцаў. Цэннасць практыкаванняў у парах таксама несумненная і для развіцця шэрага навыкаў, якія маюць прыкладное значэнне. З гэтай мэтай прымяняюцца практыкаванні ў перацягванні, падыманні і пераносцы партнёра, выкарыстоўваюцца элементы барацьбы, кідання і лоўлі мяча, перадачы прадметаў і інш., якія спрыяюць спецыяльнай падрыхтоўцы навучэнцаў да авалодання больш складанымі рухальнымі навыкамі.

Пры арганізацыі заняткаў з выкарыстаннем практыкаванняў у парах магчыма розная паслядоўнасць іх выканання. Для якаснага правядзення заняткаў варта прытрымлівацца наступных метадычных указанняў: падабраць партнёраў па поле з адносна аднолькавай фізічнай падрыхтоўкай, вагой і ростам; вызначыць нумар партнёраў (№ 1 выконвае асноўныя дзеянні, № 2 — другасныя); рацыянальна размясціць навучэнцаў з выразна вызначаным інтэрвалам і дыстанцыяй (па крузе, дыяганалі або шарэнгамі), выключыць магчымыя сутыкненні і перашкоды; падбіраць пасільныя практыкаванні; больш складаныя практыкаванні варта выконваць часткамі; прадумваць тлумачэнне практыкаванняў (лепш за ўсё тлумачэнне суправаджаць дэманстрацыяй на паказальнай пары вучняў); пры апісанні практыкаванняў спачатку паказваецца зыходнае становішча кожнага з удзельнікаў пары, а потым варта апісваць дзеянні для абодвух партнёраў (калі партнёры выконваюць аднолькавыя дзеянні адначасова, то зыходнае становішча і апісанне дзеяння паказваецца адно для абодвух; калі партнёры выконваюць практыкаванне ў адным кірунку, то варта паказаць які-небудзь арыенцір у зале, адносна якога будзе выконвацца рух).

Пры выкарыстанні практыкаванняў у парах у якасці размінкі варта прытрымлівацца пэўнага алгарытму: трэба пачынаць з практыкаванняў агульнага ўздзеяння ў павольным тэмпе (тыпу пацягванняў); нагрузку павялічваць паступова, чаргуючы работу розных груп мышцаў; чаргаваць практыкаванні па характары ўздзеяння (на сілу, гнуткасць, расслабленне і г.д.); найбольш інтэнсіўныя практыкаванні даваць у сярэдзіне ці ў другой палове комплексу; завяршаць комплекс практыкаваннямі ўмеранай інтэнсіўнасці або практыкаваннямі на расслабленне.

З мэтай развіцця фізічных якасцей вучняў практыкаванні рэкамендуецца аб’ядноўваць у розныя па накіраванасці комплексы або серыі па 3—5 практыкаванняў: як без інвентару, так і з прадметамі (са скакалкай, мячом, гімнастычнай палкай), прыкладнога характару, а таксама практыкаванні, якія патрабуюць вялікіх мышачных і валявых намаганняў. Іх трэба праводзіць у канцы асноўнай часткі заняткаў як сродак для развіцця асноўных фізічных якасцей. Таксама ў асноўнай частцы заняткаў з мэтай павышэння іх эмацыянальнага фону заўсёды ёсць магчымасць выкарыстоўваць спаборніцкія і гульнявыя практыкаванні ў парах. У заключнай частцы заняткаў рацыянальна выконваць практыкаванні ў парах, накіраваныя на развіццё гнуткасці.

Каб пазбегнуць траўм, варта асаблівую ўвагу надаць наступным момантам: важна навучыць дзяцей дазіраваць намаганні, каб развівалася мышачнае пачуццё, здольнасць дыферэнцыраваць напружанне мышцаў; максімальныя намаганні трэба ўжываць толькі ў практыкаваннях статычнага характару, дынамічныя практыкаванні выконваюцца пры пастаянным кантролі амплітуды руху; перад выкананнем практыкаванняў на расцягванне варта здзейсніць разагравальныя рухі; пры выкананні практыкаванняў з дапамогай партнёра не трэба дапускаць моцных болевых адчуванняў; вельмі важна сачыць за тэмпам і рытмам выканання практыкаванняў (практыкаванні, у якіх прымаюць удзел групы вялікіх мышцаў, выконваюцца ў павольным тэмпе, а для дробных мышцаў тэмп можа быць паскораны), а лепш за ўсё практыкаванні ў парах выконваць павольней, чым звычайныя практыкаванні.

Выкарыстанне нестандартных падыходаў у рабоце настаўніка фізічнай культуры, несумненна, прыводзіць да станоўчых змен, стварае максімальна спрыяльныя ўмовы для раскрыцця не толькі фізічных, але і духоўных здольнасцей дзіцяці, забяспечвае творчае прымяненне атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў для падтрымання высокага ўзроўню фізічнага і маральнага здароўя, спрыяе фарміраванню асабістай фізічнай культуры навучэнцаў.

Дзмітрый МІРАНОВІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 209 Мінска.
Фота аўтара.