Парад творчасці

Масавасць уражвала

15—18 верасня ў Мінску прайшоў Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Сёлетні чэмпіянат стаў ужо чацвёртым па ліку і ўвайшоў у гісторыю гэтага знакамітага міжнароднага руху як адзін з самых масавых. Беларусь з кожным крокам набірае моц у гэтым спаборніцтве і збірае пад брэндам WorldSkills усё больш і больш удзельнікаў. Пад сцягам гэтага чэмпіянату аб’ядноўваюцца юныя таленты, натхнёныя творчасцю і крэатывам, якім уласціва імкненне дасягаць вяршынь прафесійнага майстэрства.

Нагадаем, што рэспубліканскі конкурс арганізаваны па стандартах міжнароднага руху WorldSkills International і аб’ядноўвае маладых рабочых, спецыялістаў, навучэнцаў і студэнтаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Колькасць прафесійных кампетэнцый, якія задзейнічаны ў сёлетнім чэмпіянаце, у параўнанні з мінулым годам павялічылася. Цяпер іх 47. Прафесійныя кампетэнцыі прадстаўлялі такія галіны, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікатыўныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. Упершыню на рэспубліканскім конкурсе прадстаўлены кампетэнцыі “Тэхналогіі праектавання будынкаў (BIM)”, “Пачатковая адукацыя”. Прайшлі спаборніцтвы па 4 конкурсных кампетэнцыях InclusionSkills: “Тэхналогія моды”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Графічны дызайн”, “Сістэмнае адміністраванне”. Былі задзейнічаны 5 дэманстрацыйных кампетэнцый: “Полімеханіка і аўтаматызацыя”, ”Прамысловы дызайн”, “Акватроніка”, “Распрацоўка мабільных дадаткаў”, “Ювелірная справа”. Прайшлі спаборніцтвы па 10 конкурсных кампетэнцыях сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі JuniorSkills. У рэспубліканскім конкурсе спаборнічалі каля 350 канкурсантаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны.

Такую вялікую колькасць удзельнікаў змагла ўмясціць пляцоўка гандлёва-выставачнага цэнтра, які знаходзіцца на тэрыторыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, дзе і праходзіў Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Як вядома, удзельнікаў папярэдняга конкурсу прымаў футбольны манеж, які на гэты раз не змог умясціць усіх канкурсантаў чэмпіянату.

Удзельнікам стала “Зубраня”

Улічваючы тое, што галоўная пляцоўка чэмпіянату знаходзілася за 35 км ад Мінска, узнікла неабходнасць выбару месца, дзе будуць пражываць удзельнікі чэмпіянату. Дапамог пастаянны партнёр руху WorldSkills у Беларусі Мінскі аўтамабільны завод, які прадаставіў свой летні лагер “Зубраня”, дзе звычайна адпачываюць дзеці рабочых прадпрыемства. Удзельнікам конкурсу вельмі спадабалася ў гэтым маладзёжным лагеры, размешчаным у выдатным лясным масіве за 5 км ад пляцоўкі чэмпіянату. Канкурсанты адпачывалі ў сучасных жылых карпусах, тры разы на дзень харчаваліся ва ўтульнай сталовай, а таксама маглі перакусіць у вялікім бары з разнастайным асартыментам тавараў. У лагеры пражывалі не толькі ўдзельнікі спаборніцтва, якія прыехалі з рэгіёнаў, але і сталічныя канкурсанты. Тым самым арганізатары імкнуліся стварыць атмасферу свята і адзінства, аб’яднаць канкурсантаў у адну супольнасць і стварыць для іх камфортную абстаноўку па-за конкурсам. І гэта апраўдана. Важна захаваць у памяці не толькі конкурсны запал, але і тыя пазітыўныя эмоцыі і святочны настрой, якія падарыў гэты грандыёзны форум, дзе да кожнага ўдзельніка ставіліся з павагай, а за ўдзел у чэмпіянаце былі ўручаны ганаровыя дыпломы.

ProfiEnergy руліць

Дзякуючы Рэспубліканскаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі, у мала­дзёжным лагеры была арганізавана цікавая забаўляльная праграма з мноствам мерапрыемстваў. Як і на пляцоўках чэмпіянату, там былі прадстаўлены вынікі папулярнага праекта ProfiEnergy, што быў распачаты напярэдадні чэмпіянату, у летні час, для фарміравання ў маладых людзей асабістага творчага “я” з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій на віртуальных пляцоўках у розных намінацыях.

Праект ініцыіраваў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Ён скіраваны на тое, каб сфарміраваць супольнасць маладых людзей, якія ўдзельнічаюць у руху WorldSkills, аб’яднаць іх ідэяй удасканалення прафесіяналізму тых, хто выбраў рабочыя прафесіі і імкнецца паспяхова пабудаваць сваю прафесійную кар’еру. Такім чынам, праект ProfiEnergy стаў матывацыяй у папулярызацыі рабочых прафесій, у развіцці творчасці, ініцыятывы сярод мола­дзі, у яе імкненні да высокіх дасягненняў і павышэнні іміджу сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны. Удзельнікі праекта змаглі рэалізаваць свае творчыя ідэі праз відэакліпы, фота, якія былі прадстаўлены ў фан-зоне чэмпіянату, у маладзёжным лагеры, на цырымоніі адкрыцця і закрыцця рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. Навучэнцы рабілі фота, здымалі відэа­кліпы аб сваіх сябрах, навучальнай установе, педагогах, прафесіі, аб падрыхтоўцы да спаборнітцваў. Лепшыя работы сталі брэндавымі для руху WorldSkills у нашай краіне, а самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы. У праекце паўдзельнічала рэкордная колькасць навучальных устаноў — 58.

Упершыню прагучаў гімн

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця сталі сапраўдным святам, якое аб’яднала навучэнцаў, студэнтаў, маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку ўдзельнікаў спаборніцтваў па перспектыўных прафесіях, запатрабаваных ва ўмовах высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі FutureSkills, у­дзельнікаў секцыі InclusiveSkills для асоб з парушэннем слыху і зроку, канкурсантаў JuniorSkills. Разам з камандамі ў­дзельнікаў на сцэну выйшлі больш за 400 экспертаў — спецыялісты вядучых прадпрыемстваў і арганізацый, педагогі і майстры ліцэяў, кале­джаў і УВА, сярод якіх акрэдытаваныя эксперты WorldSkills International міжнароднага класа, якія ведаюць стандарты і рэгламенты WSI, працэдуры правядзення спаборніцтваў, вызначэння крытэрыяў ацэнкі.

Прывітанне ўдзельнікам конкурсу з пажаданнямі ім удачы на рабочай пляцоўцы па відэасувязі прагучала і ад праўлення міжнароднага руху WorldSkills International. На гэтым чэмпіянаце маладыя таленты аб’яднаў гімн WorldSkills Belarus, які стварылі самі навучэнцы ў перыяд правя­дзення конкурсу мала­дзёжнага праекта “WorldSkills — старт у будучыню!”. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел 200 валанцёраў Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

У час цырымоніі адкрыцця чэмпіянату кожная вобласць прадставіла сваю відэа-візітоўку, а таксама нумары, якія візуалізавалі блокі кампетэнцый у галінах “Інфармацыйныя і камунікатыўныя тэхналогіі”, “Творчыя прафесіі і мода”, “Транспарт і лагістыка”, “Сацыяльныя і персанальныя паслугі”, “Будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі”, “Вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі”, “Транспарт і лагістыка”.

На працягу ўсяго тэрміну правя­дзення чэмпіянату паралельна праходзіла дзелавая праграма. Адным з мера­прыемстваў гэтага кірунку стаў вэбінар пад назвай “WorldSkills Belarus — драйвер развіцця прафесійнай адукацыі”. Прайшоў круглы стол “Кадравае забеспячэнне інавацыйнай вытворчасці”. У ходзе мерапрыемстваў экс­перты, якія маюць сертыфікаты па міжнародных стандартах WorldSkills, падзяліліся вопытам падрыхтоўкі не проста канкурэнта­здольнага прафесіянала, а адаптаванага да сучасных рэалій спецыяліста, які працуе па новых стандартах на сучасным абсталяванні. На мерапрыемстве прысутнічалі кіруючыя работнікі сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў, педагогі, метадысты. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што чэмпіянат WorldSkills з’яўляецца эфектыўнай пляцоўкай для ўзаемадзеяння сферы адукацыі і рэальнага сектара эканомікі, уздымае планку якасці прафесійнай адукацыі ў Беларусі згодна з міжнароднымі стандартамі, дэманструе перавагу прафесійнай падрыхтоўкі для моладзі і эканамічнага росту, дапамагае маладым спецыялістам павышаць сваё прафесійнае майстэрства.

На цырымоніі закрыцця былі абве­шчаны вынікі конкурсу. Мы прадстаўляе­м спіс пераможцаў.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.