Парадак, дысцыпліна, самасвядомасць павінны прысутнічаць ва ўсіх калектывах

Дырэктыва ад 11 сакавіка 2004 года № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” можа быць абноўлена. Аб гэтым ішла размова на нарадзе ў прэзідэнта.

У ліку пытанняў нарады Аляксандр Лукашэнка абазначыў мэтазгоднасць прыняцця новай Дырэктывы № 1 або яе абноўленай рэдакцыі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дакумент у выпадку яго стварэння павінен быць прыземленым і канкрэтным, без фармалізму.
Пры аналізе дзеючай Дырэктывы № 1 было выяўлена, што змест дакумента не адпавядае цяперашняму ўзроўню развіцця грамадства, праблемам, якія вырашаюцца, і існуючай сітуацыі. Больш за тое, частка палажэнняў дырэктывы рэалізавана. “Дырэктыва № 1 сваю ролю адыграла, і станоўчыя тэндэнцыі па многіх напрамках, якія былі прапісаны ў дырэктыве, намеціліся”, — сказаў прэзідэнт. У прыватнасці, значна знізілася колькасць здарэнняў, звязаных з вытворчым траўматызмам. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўзровень гібелі людзей на вытворчасці быў вельмі высокі, цяпер ён зніжаецца. Акрамя таго, скарацілася колькасць надзвычайных сітуацый і колькасць загінуўшых на пажарах людзей. Прэзідэнт адзначыў, што гэтая праблема не знята, але пазітыўная тэндэнцыя відавочная. Таксама ў тры разы зменшылася колькасць загінуўшых грамадзян у выніку зніжэння ўзроўню злачыннасці. “Але на лаўрах спачываць рана, таму што не ўсе праблемы вырашаны. Да таго ж новыя выклікі патрабуюць і адэкватныя рэакцыі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Мэта нарады, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у тым, каб вызначыцца, трэба або не трэба нам новая дырэктыва, трэба або не трэба нам удасканальваць існуючую дырэктыву з прычыны актуальнасці гэтага пытання.
На нарадзе была заслухана пазіцыя дзяржсакратарыята Савета бяспекі, які кантралюе ход выканання Дырэктывы № 1, а таксама яе непасрэдных выканаўцаў. Аляксандра Лукашэнку цікавіла, ці дастаткова будзе ўключаных у праект новай рэдакцыі дырэктывы мер для процістаяння пагрозам бяспецы людзей, што прынцыпова новага прапануецца, што яшчэ неабходна зрабіць для аздараўлення грамадства і ўмацавання правапарадку. “Пры гэтым хачу папярэдзіць: не павінна быць у гэтых пытаннях фармалізму. У адваротным выпадку мы напішам нейкі трактат, без канкрэтыкі. Ён не будзе прыземлены. Людзі яго прачытаюць і не будуць разумець, што рабіць, якія перад імі задачы, якія праблемы і як іх вырашаць”, — сказаў прэзідэнт.
“Дакумент, калі мы яго створым, павінен быць прыземленым і канкрэтным, каб кожны кіраўнік, член урада, міністр, службовая асоба ведалі, дзе іх задачы, у якім напрамку рухацца. Пакуль мы гэтага фармалізму пазбегнуць не змаглі”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён не выключыў, што і іншыя дырэктывы будуць карэкціравацца — напрыклад, аб эканамічнай бяспецы, аб дэбюракратызацыі. “Само пытанне, якое мы ўзнімаем, яго гучанне з’яўляецца вельмі важным для грамадства. Людзі будуць разумець, што мы ўдзяляем гэтаму вялікую ўвагу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Але адным гучаннем не абыдзешся. Дырэктыва — гэта напрамкі і набор канкрэтных мер, якія мы павінны рэалізаваць у найбліжэйшым будучым і ў перспектыве, каб у нас было нармальнае, жывое, здольнае выжываць грамадства”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што многія людзі не прывыклі самі клапаціцца пра сябе, пра сваё жыццё і здароўе. “Фактычна кожны трэці пацярпеўшы на вытворчасці атрымаў траўму або загінуў з-за асабістай халатнасці і недысцыплінаванасці. Зразумела, на кожнага работніка не паставіш кантралёра. Разам з тым з кіраўнікоў трэба ўзмацніць спагнанне за дысцыпліну і парадак. У рабоце некаторых з іх ёсць яшчэ і фармалізм, і бяздушнасць, і халатнасць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Больш строгага падыходу, на думку прэзідэнта, патрабуе і праблема бытавога п’янства, паколькі трэць злачынстваў учыняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Ад хвароб, звязаных з ужываннем алкаголю, штогод памірае каля 3 тысяч чалавек, з іх не менш як 2 тысячы ў працаздольным узросце, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Сур’ёзнай праблемай апошнім часам становіцца наркаманія, ад якой гінуць людзі, у большасці моладзь. Гэта пагроза генафонду нацыі, адзначыў прэзідэнт. Ён нагадаў, што па гэтым пытанні прымаліся канкрэтныя рашэнні і па выніках года будзе разгледжана, як яны выконваюцца.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на лячэнне ад алкагалізму, наркаманіі і курэння затрачваюцца значныя бюджэтныя сродкі. Дзяржава нясе вялікія эканамічныя страты ад усіх пералічаных негатыўных з’яў, дадаў прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што парадак, дысцыпліна, самасвядомасць павінны прысутнічаць ва ўсіх калектывах. “І перш за ўсё ў думках і душах людзей. Трэба прывіваць чалавеку культуру паводзін, што не дапускае разгільдзяйства і п’янства. Гэтая работа павінна праводзіцца бесперапынна і мэтанакіравана”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.