Невялікі артыкул вядомага мовазнаўца Мікалая Прыгодзіча ў часопісе “Роднае слова” мае парадаксальную назву: “Пра горад Мінск імя герояў сустрэчы на Эльбе”. Хоць горада з такім імем і няма, але ў назвах некаторых устаноў адукацыі падобнае сустрэнеш.

З лёгкім гумарам разважае доктар навук, прафесар, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філфака БДУ, як няправільны парадак слоў можа прыўносіць дысанансы, недарэчныя сэнсы ў назвы ўстаноў адукацыі. Актуальная тэма! Бо ёсць жа добрая тэндэнцыя прысвойваць імёны заслужаных людзей, праслаўленых землякоў, герояў (і нават вайсковых часцей, і герояў сустрэчы на Эльбе…) школам, гімназіям, ліцэям. І мы, дарэчы, пра гэта расказваем пад рубрыкай “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”, таксама кнігі-зборнікі паводле публікацый выходзяць.
Што хаваць: у вялізнай інфаплыні ўсе мы часам “не фільтруем” спрэчныя фармулёўкі, пакідаем па-за ўвагай дысанансныя і па сэнсе, і па форме слоўныя кампазіцыі. Свядома пішу: кампазіцыі, у музычнай стылістыцы. Бо, паводле ўсіх законаў мовы, пісаных і няпісаных, любы сказ мае права нарадзіцца, загучаць гарманічна. І сярод базавых прынцыпаў беларускай мовы значыцца мілагучнасць. Што немілагучна, тое непрыгожа. І сіла думкі ў негарманічных слоўных кампазіцыях рассейваецца-расцякаецца — і засмечвае хоць і нябачную, але пругкую тканку жыцця, творчасці, тварэння новых матрыц дзён і гадоў будучых. А пасеянае — пажнём.
Удумаемся: калі на пачатку было Слова, то яно ж і цяпер ЁСЦЬ! Нікуды не дзелася, бо законы светабудовы нязменныя. Але як “нарадзіць” гармонію? З уласнай практыкі ведаю: гукі часам растапырваюцца, шыпяць-крэкчуць, сварацца, гу-гаюцца (кнігу гартаю), шы-шукаюцца (грошы шукаю), ды-дукаюцца (тады думаю) і шмат чаго яшчэ вытвараюць — на збегу слоў. А ўсё “між слоў” міжволі чытаецца-прамаўляецца. На міжслоўнай тэрыторыі хуліганістасць і дысананс гукаў можа падлавіць і абяззброіць толькі добры моўны густ і слых аўтара, карэктара ці рэдактара.
Але вернемся да глыбінных сэнсаў. Мікалай Рыгоравіч слушна і мудра засяроджвае ўвагу на відавочных дысанансах, калі ў шэрагу выпадкаў імя ўстановы паставілі пасля назвы горада. І тады: “…горада Скідзеля імя…”, “…горада Жыткавічы імя…”. Атрымліваецца, паводле законаў мовы і логікі, што імем азначаны горад, а не школа, гімназія ці ліцэй. Аўтар прыводзіць шэраг выпадкаў з афіцыйных назваў, дзе слоўны непарадак не разгледзелі, не злавілі. Значыць, патрэбна добраўпарадкаванне — выкарыстаем брэндавае слоўца 2025 года.
Каб зразумела было, як жа правільна па сэнсе, мовазнавец дае ўзоры. Адзін з іх: “СШ № 36 імя Гуляма Якубава г.Мінска (Ленінскі раён)”. Усё на месцах і зразумела. Ці яшчэ дадам ад сябе варыянт: “Міёрская сярэдняя школа № 3 імя Я.А.Томкі”.
У нашым свеце — шматсэнсавым, шматзначным, шматгукавым — часам нібыта дробязі ствараюць мінор ці мажор, дабро ці ліха, гармонію ці дысананс. А штучнаму інтэлекту складана ўсе нюансы ўлічваць, скажам, перакладаючы тэксты. Ну проста вал моўных недарэчнасцей тое спараджае! І ад наступу-засілля памылак, яўных і прыхаваных, часам бярэ верх спрадвечна беларускае жаданне: па дробязях не браць да галавы. Але ж і вірусы, бактэрыі — таксама дробязі, не разгледзіш без мікраскопа, ды твораць шмат бяды. Таму варта ўсё ж, як слушна раіць Мікалай Рыгоравіч, паважаць сябе і мову. А таксама, дададзім, умацоўваць моўны імунітэт, добраўпарадкоўваць прастору жыцця добрым і правільным словам, пазітыўнай думкай…
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар