Парады лагапеда

- 14:33Спецыяльная адукацыя

У першыя тры гады жыцця закладваюцца асноўныя перадумовы развіцця маўлення і інтэлекту дзіцяці. На гэта ў значнай меры ўплывае сацыяльнае асяроддзе і тое, наколькі бацькі імкнуцца развіваць дзіця.

Даволі часта да мяне звяртаюцца бацькі па парады наконт развіцця малога. Першая мая парада — пачаць з усім вядомай соскі-пустышкі. Яна насамрэч можа вельмі нашкодзіць дзіцяці, калі яно часта і падоўгу трымае яе ў роце. Соска можа справакаваць фарміраванне высокага нёба, што сказіць вымаўленне гукаў. Акрамя таго, пустышка перашкаджае дзіцяці размаўляць. Маладым бацькам варта ведаць і тое, што да двух гадоў малыш павінен перайсці да звычайнага харчавання. Варта адмовіцца ад ужывання здробненай блэндарам ежы. Да двух гадоў у дзіцяці павінен цалкам знікнуць смактальны рэфлекс і развіцца жавальны. Перажоўванне грубай ежы ўмацоўвае мышцы шчок, гартані, языка, што ў далейшым дапаможа правільнаму і своечасоваму фарміраванню гукавымаўлення. Таму часцей частуйце малога сушкамі, сухарыкамі і морквай. Каб артыкуляцыйны апарат дзіцяці развіваўся хутчэй, яму трэба ў гэтым дапамагчы. Карысна проста крыўляцца перад люстэркам, выцягваючы язык наперад, скручваючы яго ў трубачку, або проста цокаць, як быццам вы едзеце на кані. Дзеткам вельмі падабаецца задзімаць свечкі, выдзімаць мыльныя бурбалкі, дзьмуць на караблік, пяро. Фізічныя практыкаванні (гульні, бег) таксама спрыяюць псіхічнаму і маўленчаму развіццю. Падчас гульняў, заняткаў фізкультурай ідзе кровазабеспячэнне галаўнога мозга, а значыць, адбываецца яго насычэнне кіслародам. Асабліва паказаны плаванне і дынамічная гімнастыка. Звярніце ўвагу на развіццё дробнай маторыкі — дакладных рухаў пальцаў рук, што цесна звязана з развіццём маўлення. Лепка, маляванне, масаж пальчыкаў рук і далоней, гульні тыпу “Сарока-белабока”, гульні з дробнымі прадметамі — усё гэта дапаможа развіццю маўлення, а ў будучыні — пісьму. Адзначу, што маленькім дзецям не варта купляць занадта шмат электронных цацак. Кубікі, мячыкі, лялькі і машынкі, розныя звяркі — лепшы выбар для развіцця маўлення і мыслення. У такім выпадку дзіця становіцца актыўным удзельнікам гульні, мае магчымасць пабываць у розных ролях, выконваць розныя дзеянні і суправаджаць іх словамі. А электронныя цацкі ўсё робяць самі. Гульні з імі трэба адкласці на больш позні перыяд, калі ў дзіцяці цалкам сфарміруецца маўленне.

Абавязковая ўмова для добрага маўлення — заняткі па развіцці псіхічных працэсаў — увагі, памяці, мыслення і інш. Трэба, каб маўленне дарослых было сапраўдным -узорам для пераймання. У зносінах з малышом нельга вымаўляць словы скажона, ужываць усечаныя словы. Дзіця павінна бачыць вашу міміку, артыкуляцыю. Трэба паказваць малышу прадметы, іх дзеянні і ўласцівасці і называць усё гэта пэўнымі словамі. Не бойцеся паўтараць адны і тыя ж словы, вымаўляйце іх выразна, цярпліва, добразычліва. Неабходна гуляць з малышом, разглядаць малюнкі ў кнігах, агучваць усё ўбачанае. Важна спяваць дзіцяці песенькі на роднай мове. У голасе маці закладзена стваральная сіла слова, якая запускае механізм маўлення малыша.

Першы этап развіцця маўлення — разуменне. Малыш павінен разумець, аб чым кажуць, выконваць інструкцыі. У гэтым дамаўленчым перыядзе актыўна выкарыстоўваюцца жэсты. Дзякуючы жэстам, дзіця можа паказаць тое, што пакуль не можа сказаць. Паміж дарослым і дзіцем узнікае разуменне. Але не варта затрымлівацца на гэтым узроўні, трэба фарміраваць у малога патрэбу гаварыць. Не спрабуйце адгадваць і тут жа выконваць яго жаданні. У гэтым выпадку ў малыша няма неабходнасці гаварыць што-небудзь, яму дастаткова проста паглядзець на штосьці, пацягнуць руку.

Для папаўнення пасіўнага слоўніка разам з малышом трэба даследаваць навакольныя прадметы і з’явы. Калі пасіўны слоўнік набывае вялікі аб’ём, ён актывізуецца, дзіця пачынае спрабаваць гаварыць вядомыя яму словы. Выклікайце жаданне пераймаць у дарослага. Чытайце кароткія вершы і казкі. Прачытвайце іх шмат разоў — не бойцеся, што гэта дзіцяці надакучыць. Выбірайце кнігі з буйнымі і прыгожымі малюнкамі. Толькі вера ў сілы і здольнасці дзіцяці дапамогуць яму развівацца гарманічна. Трэба актыўна радавацца яго поспехам і часцей хваліць.

Ала ПРЫМАКОВА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 7 Круглага.