Парасткі будучыні

- 19:27Навіны рэгіёнаў

Панараму-прэзентацыю вопыту ўстаноў дадатковай адукацыі рэгіёна па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення прадставілі ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

Праграма стартавала з экскурсіі “Патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз далучэнне іх да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны; захаванне і развіццё рэгіянальных народных традыцый”. Затым гасцей палаца, у ліку якіх былі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, азнаёмілі з арганізацыяй і вынікамі абласных конкурсных мерапрыемстваў у напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Гаспадары прэзентавалі міні-экспазіцыі, прысвечаныя выставам-конкурсам дэкаратыўна-прыкладной творчасці і праектна-даследчай дзейнасці дзяцей і падлеткаў. Вялікую зацікаўленасць выклікалі творча-даследчыя праекты “Герб маёй малой ра­дзімы”, “Музычная культура Віцебшчыны: традыцыі і сучаснасц­ь”, “Краявіды”, “Вандроўка з Драздовічам”, “Віцебскі жлоб”, паказальныя выступленні навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах абласнога палаца “Брэйкданс” і “Скалалажанне”, дэманстрацыя калекцый мадэляў а­дзення “Шляхецкія нарысы” і “Матрыца часоў”. Таксама ўдзельнікі сустрэчы наведалі выставу навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў сродкамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Яркая эстафета прэзентацыйных мерапрыемстваў завяршылася за круглым сталом, дзе абмяркоўваліся роля дзіцячага і мала­дзёжнага руху, турызму і краязнаўства ў выхаванні грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь, арганізацыя культурна-адпачынкавай дзейнасці і ранняй прафарыентацыі ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны.

— У абласным палацы працуюць 405 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца 4405 навучэнцаў, — паведаміла загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы ВАПДіМ Галіна Гарбадзей. — У 2020 годзе нашы навучэнцы сталі пераможцамі многіх прэстыжных спаборніцтваў, у тым ліку міжнародных конкурсаў дзіцячага малюнка “А.С.Пушкін вачыма дзяцей” і “Сябруюць дзеці на планеце”, VI Міжнароднага конкурсу “Скрыжаванні. Мінск”, міжнароднай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні”, Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus, XIII Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, рэспубліканскай выставы-конкурсу мастацкіх праектаў “Дзеці і авангард” калектываў выяўленчага мастацтва ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі , якія маюць званне “народны”, “узорны” і “заслужаны”, рэспубліканскага турніру па інтэлектуальных гульнях “Савяня”, рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”, рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі па спартыўным арыентаванні.

Як праінфармавала Галіна Гарбадзей, сёння ў рэгіёне функцыянуюць 28 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (26 — шматпрофільныя). Іх работа накіравана на развіццё адукацыйных паслуг, актыўнае далучэнне навучэнцаў да даследчай, навукова-тэхнічнай і сацыякультурнай дзейнасці, уключэнне іх у сацыяльна-эканамічнае, грамадскае і культурнае жыццё краіны. Для задавальнення адукацыйных і сацыякультурных запытаў дзяцей і моладзі, развіцця іх схільнасцей і здольнасцей арганізавана работа 3245 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаюцца 35 653 навучэнцы, у тым ліку 301 аб’яднанне працуе на базах сельскіх школ, 41 працэнт ад агульнай колькасці — у выхадныя дні і амаль чвэрць — у вячэрні час. Задавальненне сацыяльнага заказу дзяцей і бацькоў служыць асновай новых сучасных пачынанняў. Толькі ў бягучым навучальным го­дзе ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці адкрыта 337 новых аб’яднанняў па інтарэсах.

— Значная ўвага развіццю дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўдзяляецца галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, — падкрэсліў дырэктар ВАПДіМ Дзмітрый Андрэеў. — Адзін з яскравых прыкладаў — адкрыццё абноўленага будынка нашага палаца па праспекце Фрунзэ ў ліпені мінулага года, на рамонт і рэканструкцыю якога было выдаткавана каля 3 млн рублёў. Правядзенне маштабнай мадэрнізацыі, набыццё сучаснага абсталявання дазволілі адкрыць адукацыйны цэнтр “Пазітрон” з лабараторыяй прататыпавання, робататэхнікі і інфармацыйных тэхналогій, аб’яднанняў па інтарэсах “Робататэхніка”, “3D-мадэляванне”, “Інжынерная робататэхніка”, “Праграмаванне віртуальнай рэальнасці”, “ЛегаЛабараторыя”, “Графічны дызайн” і “Web-тэхналогіі”, што дае магчымасц­ь навучэнцам палаца, горада і вобласці актыўна развіваць навукова-тэхнічную творчасць, знаёміцца з высокатэхналагічнымі галінамі эканомікі, фарміраваць устойлівую матывацыю да выбару будучай прафесіі ў сферы высокіх тэхналогій. Для заняткаў навукова-даследчай дзейнасцю ў аб’яднаннях па інтарэсах эколага-біялагічнага профілю створаны лабараторыі “Крокі ў навуку”, “Вывучай, даследуй, эксперыментуй”.

Дзмітрый Анатольевіч асобна акцэнтаваў увагу на тым, што важнай умовай забеспячэння даступнасці і сучаснага ўзроўню дадатковай адукацыі з’яўляецца шырокае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Асаблівая роля тут належыць сайтам устаноў. Напрыклад, у рамках правядзення рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Віцебскай вобласці на сайце абласнога палаца ў анлайн-рэжыме шырока трансліраваўся вопыт работы рэгіёна. Кожны дзень тыдня быў тэматычным і прысвячаўся аднаму з профіляў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У працэсе рэалізацыі адукацыйнага анлайн-праекта “# Хачу ўсё ведаць” на сайце для навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах былі разме­шчаны відэаўрокі, майстар-класы, вэбінары, анлайн-экскурсіі, чат-заняткі па розных напрамках. На дыстанцыйнай аснове арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах “Абласная геаграфічная школа” і “Абласная краязнаўчая школа”. Створаныя ўмовы для заняткаў, укараненне сучасных тэхналогій, сістэмнасць у рабоце па выяўленні адораных і таленавітых дзяцей дазволілі дасягнуць пэўных поспехаў. Толькі на пачатак бягучага навучальнага года па выніках удзелу ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, турнірах, выставах, спаборніцтвах, фестывалях, навукова-практычных канферэнцыях навучэнцы атрымалі 172 дыпломы міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню, 186 — абласнога. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзейнічае 41 узорны і народны самадзейны калектыў, у гэтым годзе званне “Узорная студыя” прысвоена 4 аб’яднанням па інтарэсах. Сацыяльнай адаптацыі дзяцей і моладзі ў сучасным грамадстве, іх падрыхтоўцы да ўдзелу ў жыцці дзяржавы і грамадства, падтрымцы стваральнай, грамадзянскай актыўнасці моладзі спрыяе дзейнасць маладзёжных парламентаў. У склад 22 з іх, што дзейнічаюць сёння ў вобласці, уваходзяць 450 навучэнцаў. Напрыклад, члены маладзёжнага парламента Полацка сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане рэалізавалі праект “Маршрут памяці”, а ў рамках раённага праекта “Вялікая гісторыя малой радзімы” стварылі відэафільм “Полацк памятае”, прысвечаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Полаччыны. Паспяхова ажыццяўляюцца такія маладзёжныя ініцыятывы, як “Дзень парламента”(сустрэчы з прадстаўнікамі маладзёжных парламентаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі), “Кейс поспеху” (сустрэчы з цікавымі людзьмі горада, краіны, якія дабіліся высокіх вынікаў у розных сферах дзейнасці).

Падводзячы вынікі сустрэчы, Анатоль Ліневіч адзначыў, што калектыў палаца на высокім узроўні выконвае пастаўленыя перад ім задачы, і выказаў пажаданне больш актыўна знаёміць з дасягненнямі юных талентаў шырокую грамадскасць — у прыватнасці, праз арганізацыю тэматычных выстаў і экспазіцый ва ўстановах і арганізацыях, на вуліцах горада падчас масавых святочных і фестывальных мерапрыемстваў. 

— Задача дарослых — дапамагчы раскрыцца творчым здольнасцям навучэнцаў, накіраваць іх у правільнае рэчышча, сфарміраваць любоў да Радзімы, таму што з яе ўсё пачынаецца, — выказаў меркаванне памочнік прэзідэнта па Віцебскай вобласці. — Трэба, каб людзі бачылі, якія таленавітыя нашы дзеці, чаму яны вучацца, што ўжо ўмеюць. Упэўнены: у абласным палацы цяпер займаюцца будучыя мастакі і знакамітыя вучоныя, выдатныя майстры сваёй справы, поспехамі якіх горад будзе ганарыцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Абласным палацам дзяцей і моладзі.