Парк сваімі рукамі

- 13:11Адукацыйная прастора

У многіх з нас вёска асацыіруецца з цішынёй, спакоем, з лесам непадалёк… У вёску так і хочацца прыехаць летам на адпачынак. Але калі жывеш там пастаянна, спакой і цішыня становяцца хутчэй “мінусам”. Асабліва гэта адчуваецца, калі ў вёсцы жыве шмат маладых сем’яў з дзецьмі, а месца, дзе б малыя маглі правесці час разам, пагуляць, няма. Выйсце адно — зрабіць яго самім. Так вырашылі і жыхары Серафімова, што ў Мінскім раёне, стварыўшы ў сваёй вёсцы парк адпачынку. У суботу, 7 лістапада, тут сабралася ўся вёска на яго ўрачыстае адкрыццё.

Серафімова знаходзіцца недалёка ад Мінска, тут пражываюць каля 700 чалавек, з іх каля 200 — дзеці. Амаль усе мясцовыя жыхары працуюць ці вучацца ў сталіцы ці ў суседніх населеных пунктах, а вось у самой вёсцы няма ні дзіцячага садка, ні школы, ні стадыёна. Затое тут ёсць два невялічкія вадаёмы. Дакладней, цяпер ужо ёсць. Яшчэ нядаўна гэтыя вадаёмы былі зарослыя хмязняком і да вады было не дабрацца. Аб’яднаўшыся, мясцовыя жыхары ачысцілі іх ад сухастою і кустоў, пачысцілі дно, добраўпарадкавалі тэрыторыю, зрабілі спускі да вады, усталявалі асвятленне. Дзеці спадзяюцца, што сёлетняя зіма бу­дзе з маразамі і нарэшце ўдасца пакатацца тут на каньках.

Маладая мама Аліна Бардашун, ініцыятар усёй гэтай гісторыі, першапачаткова планавала паставіць там толькі дзіцячыя арэлі і пару лавачак. А калі даведалася пра праект “Гранты 2.0”, узяла аловак і накідала эскіз дзіцячай пляцоўкі. Тады, у канцы 2018 года, яна атрымала першы грант на яго рэалізацыю ў 5500 рублёў, ёй былі прадастаўлены ментар і прафесійная падтрымка студэнтаў-архітэктараў, якія пад кіраўніцтвам Аліны дапрацавалі яе праект, пашырыўшы яго маштаб да сапраўднага парку адпачынку. Праўда, выйграных грошай на яго рэалізацыю не хапала. Сітуацыю значна паправіў аб’яўлены збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы (сабралі 3700 рублёў). Да таго ж, для ўпэўненасці, Аліна з мужам Аляксеем падалі заяўку на грант яшчэ і ў Фонд імя Льва Сапегі. Са 160 праектаў з усёй краіны іх праект аказаўся сярод 12 пераможцаў, і на пляцоўку ўдалося атрымаць яшчэ сродкі.

Самай цікавай часткай праекта стала яго рэалізацыя, бо на гэтым этапе ўтварылася так званая мясцовая суполка. Цэлых паўгода па суботах на пляцоўцы кіпела работа. Аліна з Аляксеем і мясцовыя мужчыны, якія знаходзілі па суботах некалькі свабодных гадзін, стараліся быць карыснымі ў парку: зварвалі металічныя канструкцыі, рабілі на іх драўляныя насцілы, майстравалі лаўкі, замацоўвалі гамакі, навес, усталёўвалі дзіцячы гульнявы комп­лекс. Не адставалі і мамы з дзецьмі — пакрывалі маслам драўляныя дарожкі, абсаджвалі вадаёмы дэкаратыўнымі кустамі, наводзілі там парадак.

Сёння гэта месца — гор­дасць кожнага мясцовага жыхара. Тут з камфортам можна правесці вольны час і дарослым, і дзецям. Як гэта можа выглядаць, яны прадэманстравалі падчас адкрыцця: разгарнулі барбекю-зону і салодкі стол з печывам і самаварамі, арганізавалі канцэртную праграму, розыгрыш экапрызоў, правялі кірмаш дзіцячых вырабаў, майстар-класы для дзяцей, квест.

Назіраючы за тым, з якім азартам самыя юныя наведвальнікі парку ўзяліся за майстраванне аўтарскіх кармушак для птушак, Руслан Шайкін, дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця (ён таксама паспрыяў стварэнню парку), будуе планы на будучыню: “Мы б хацелі з жыхарамі Серафімова рэаліза­ваць некалькі экалагічных ідэй. Напрыклад, вясной мы плануем вакол парку развесіць домікі для птушак — тут шмат мухаловак-пяструшак, вунь на бярозе гняздо рабінніка. Сюды можа прыляцець вялікая сініца, блакітніца, раз ёсць вадаём, значыць, можа быць і сітаўка, іншыя карысныя птушкі. Думаю, цікава было б тут праводзіць для дзяцей птушыныя экскурсіі”.

Прагульваючыся па дарожках парку, Міраслаў Кобаса, старшыня праўлення Фонду імя Льва Сапегі, падводзіць вынік: “Асноўная мэта нашага фонду — развіццё ў Беларусі мясцовага самакіравання. І тое, што зрабілі жыхары Серафімова, — гэта і ёсць самакіраванне. Хіба можна было ўявіць, што тая былая пустка ператворыцца ў такі парк? Упэўнены, што з часам ён будзе толькі ўдасканальвацца. Гэта чарговы раз даказвае, наколькі вялікі патэнцыял грамадзянскіх ініцыятыў. Спадзяюся, што ў будучыні падобныя праекты будуць падтрымлівацца не толькі замежнымі грантамі, але і рэалізоўвацца за кошт бю­джэтных сродкаў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.