Парк забаў “Суперлэнд” у Маларыце

Па выніках ІІ Рэспубліканскага конкурсу творчых работ навучэнцаў сярэдніх агульнаадукацыйных і спецыяльных устаноў “Я выбіраю прафесію маркетолага”, адзінаццацікласніца Ганна Алесік з сярэдняй школы № 2 Маларыты атрымала не толькі дыплом лаўрэата ў намінацыі “Падарожжа ў маркетынг будучыні”, але і ўстройства для чытання электронных кніг. Спаборніцтва праводзілася кафедрай маркетынгу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з мэтай прафарыентацыі моладзі, знаёмства навучэнцаў з прафесіяй маркетолага і павышэння цікавасці да яе.

Пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Надзеі Кухцей школьніца на працягу месяца рыхтавала работу “Маркетынг і парк забаў “Суперлэнд” у Маларыце”. Нядаўна адзінаццацікласніца выступіла з дакладам на пленарным пасяджэнні канферэнцыі маладых вучоных у Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій.

— У конкурснай рабоце прадстаўлена, як правільны маркетынг зможа станоўча паўплываць на развіццё Маларыты, — расказвае Ганна. — З гэтай мэтай заняліся распрацоўкай стратэгіі развіцця тэрыторыі райцэнтра. Так з’явілася ідэя будаўніцтва парка сямейнага адпачынку “Суперлэнд”, якой папярэднічала анкетаванне педагогаў, вучняў і іх бацькоў. Акрамя розных атракцыёнаў, маларытчане хочуць бачыць у “Суперлэндзе” аквапарк, 5D-кінатэатр і люстраны лабірынт. Многія выказваліся за тое, каб у парку былі абсерваторыя, цырк, заапарк, іпадром, лабараторыя навуковых адкрыццяў, тэатр, мастацкія студыі і інш.

Ідэя з паркам забаў у Маларыце цікавая, але складаная для рэалізацыі, бо для гэтага неабходны вялікія інвестыцыі. Справа за бізнесменамі. Ганна лічыць, што праект можа зацікавіць турыстаў з памежных раёнаў Польшчы і Украіны. Расіяне часта адпачываюць у санаторыях і аграсядзібах Брэстчыны, таму таксама змогуць наведваць парк забаў “Суперлэнд”. Дзякуючы яму, у горадзе павялічыцца тавараабарот, павысіцца занятасць насельніцтва.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.