Парк, жыллё, АЭС

Так, месцы работы сучасных студатрадаў самыя разнастайныя, тым больш, што і атрады бываюць рознага профілю: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, экалагічныя, сэрвісныя. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, напрыклад, сёлета ў такіх атрадах працаўладкавана амаль тры тысячы чалавек. Нядаўна давялося пабываць на месцах “дыслакацыі” некалькіх студэнцкіх будаўнічых атрадаў, што складаюцца з навучэнцаў БНТУ. Пачалася вандроўка з наведвання будаўніцтва шматфункцыянальнага жылога комплексу “Маяк Мінска”. Тутэйшы атрад носіць адпаведную назву —“Маяк”.

У атрадзе працуюць 20 хлопцаў — студэнты энергетычнага, будаўнічага і аўтатрактарнага факультэтаў. Брыгадзір Павел Міхневіч расказвае, што ён і яго падначаленыя прыбіраюць смецце, сартуюць арматуру, пераносяць цэглу — карацей кажучы, працуюць на падсобных работах. Што да зарплаты, то хлопцы спадзяюцца атрымаць прыкладна па 5 мільёнаў рублёў у месяц плюс прэмію, калі атрымаецца. Дагавор з атрадам падпісаны да 31 жніўня, але не ўсе плануюць працаваць у атрадзе да канца лета, некаторыя байцы прыйшлі сюды на больш кароткі тэрмін. А ўладкаваліся на гэтую работу хлопцы, як і іншыя студатрадаўцы, праз Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Далей наш маршрут ляжыць у Алімпійскі спартыўны комплекс “Раўбічы”, дзе працуе самы вялікі студэнцкі атрад БНТУ — 100 чалавек. Тут, у “Алімпійцы” (так называецца атрад) ёсць і больш чым 30 дзяўчат, якія працуюць на ўліку, выконваюць іншыя не вельмі цяжкія фізічныя работы. Асноўны ж клопат студатрадаўцаў — будаўніцтва домікаў для падрыхтоўкі лыж, добраўпарадкаванне тэрыторыі, укладка тратуарнай пліткі і г.д. Камусьці даводзіцца выконваць і больш складаныя работы. Гэта хлопцы, якія да паступлення ў БНТУ закончылі каледжы і маюць рабочыя спецыяльнасці. Хтосьці, працуючы ў атрадзе, заадно праходзіць практыку, аб’яднаўшы гэтыя два складнікі студэнцкага жыцця.
— Умовы работы нядрэнныя, — гаворыць Пётр Пільнік, камандзір атрада з 20 чалавек (часткі вялікага “раўбіцкага” студатрада). — Тут ёсць бытоўка, падвозяць нас кожную раніцу з Мінска ад аднаго з вучэбных карпусоў УВА. Абедаць можна на месцы, але мы бяром ежу з сабой: так і хутчэй, і танней атрымліваецца. А прыйшлі мы сюды адным патокам, каб і летам застацца разам, хаця маглі ўладкавацца індывідуальна. Зарплату абяцаюць добрую, хтосьці, магчыма, застанецца працаваць на будоўлі да канца летніх канікул.
Пётр, дарэчы, з вопытных студатрадаўцаў. Як сам гаворыць, працуе на будоўлях з 17 гадоў, не заўсёды ў студатрадах, але… Яго студатрадаўская гісторыя пачалася летась, працаваў на буйным аб’екце ў Мінску. Застаўся задаволены і работай, і зарплатай. Сёлета, спадзяецца, будзе не горш.

У гэтую паездку з намі накіраваўся і былы студатрадавец ветэран студатрадаўскага руху Леанід Яўгенавіч Кірылюк, сакратар камітэта ЛКСМБ БПІ (цяперашняга БНТУ) у 1967— 1973 гг., прарэктар БПІ ў 1973—1977 гадах. Сам ён паехаў працаваць у студатрадзе ў 1964 годзе, “у другой хвалі”, а першая, па ўспамінах ветэрана, пачалася ў 1963 годзе. Менавіта тады запрацавалі першыя беларускія будаўнічныя атрады студэнтаў. Працавалі на цалінных і абложных землях Уральскай вобласці Казахстана, куды накіраваліся 2,5 тысячы студэнтаў. У Савецкім Саюзе наогул студатрадаўскі рух пачаўся дзякуючы 339 студэнтам-фізікам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія працавалі на цаліне яшчэ ў 1959 годзе. Новае дыханне беларускі студатрадаўскі рух атрымаў з 2003 года.
Так, пад успаміны ветэрана пра работу, мастацкую самадзейнасць, работу з цяжкімі падлеткамі ў такіх атрадах, зарплату (за 2 месяцы можна было зарабіць 400 рублёў — 20 студэнцкіх стыпендый), будні і святы студатрадаўцаў мы пераязджаем з пункта ў пункт нашага маршруту і нарэшце аказваемся ў Заслаўі, дзе сёлета пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Тут на добраўпарадкаванні Цэнтральнага гарадскога парку і рамонце Дома быту, рэканструкцыі Дзіцячай школы мастацтваў працуе атрад “Перамога” з 30 студэнтаў. Нечакана сустракаю старога знаёмага — цяпер ужо студэнта 5 курса будаўнічага факультэта БНТУ — Андрэя Духноўскага. Хаця чаму нечакана? Андрэй ужо сёмы раз працуе ў складзе студэнцкага атрада. Падчас аднаго такога сезона я з хлопцам і пазнаёмілася. Гэта было мінулай зімой — у 2013 годзе беларускія студатрады атрымалі права працаваць не толькі з 1 мая да кастрычніка, але і ў іншы час. Вось і працаваў Андрэй Духноўскі з таварышамі на завяршэнні будаўніцтва штаб-кватэры Нацыянальнага Алімпійскага камітэта ў Мінску.
Зараз, як і ў мінулы раз, Андрэй з’яўляецца камандзірам атрада.
— У наш атрад трапіць было не так проста, — расказвае ён. — Работа прэстыжная, адказная, сам адбіраў найбольш надзейных байцоў.
На гэтай будоўлі хлопцы разлічваюць атрымаць па 20—25 мільёнаў рублёў за два месяцы, жадаючыя (прыкладна палова) працуюць і па суботах. А як інакш? Гэта сур’ёзная работа для сур’ёзных хлопцаў.
Вось што расказаў адзін з байцоў атрада “Перамога” Уладзімр Машлякевіч, цяпер ужо другакурснік БНТУ:
— Я хацеў папрацаваць з хлопцамі, атрымалася. Пакуль мне падабаецца, і калі вырашу працаваць на наступны год, то пайду толькі ў такі атрад. Бацькі гаварылі: “Заставайся дома, адпачні. Чаго табе не хапае?” А я хачу сябе паспрабавць, тым больш, што гэта звязана з маёй будучай прафесіяй”.

Уладзімір Міхайлавіч Чмураў, майстар “Заслаўебудіндустрыі”, якой і дапамагаюць студэнты, на пытанне аб якасці іх работы адказвае коратка, але ёміста:
— Малайцы! Нашы спецыялісты ім дапамагаюць, паказваюць, як што рабіць, калі трэба. Многія хлопцы, якіх вы бачыце, працавалі ў нас летась, шмат чаму навучыліся. І ім з намі спадабалася працаваць, і нам з імі.
Трэба адзначыць, што колькасць і атрадаў, і студатрадаўцаў БНТУ паступова павялічваецца. Так, у 2011 годзе толькі будаўнічых атрадаў было 22 агульнай колькасцю 750 чалавек, у 2012 годзе — 37 атрадаў і 960 чалавек адпаведна, летась — 61 будаўнічы атрад і 1642 чалавекі. Зараз (па даных на канец ліпеня) гаворка ідзе пра 62 будаўнічыя атрады і больш чым 1750 байцоў. Сярод галоўных будаўнічых аб’ектаў у розныя гады былі комплекс “Студэнцкая вёска” ў Мінску, водна-вяслярная база “Серабранка”, жыллёва-будаўнічыя кааператывы, малочнатаварныя фермы, іншыя аб’екты.
Між тым начальнік штаба працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ універсітэта Віктар Бакшчанін расказвае, што студэнты ўстановы заняты сёлета ў атрадах рознага профілю, на разнастайных работах: і ў прыёмнай камісіі, і на прадпрыемстве “Атлант”, і ў многіх іншых месцах. Напрыклад, на будаўніцтве Беларускай АЭС паблізу Астраўца, што і адказна, і няпроста, і вельмі прэстыжна, і, канечне ж, незабыўна.
Так яно і ёсць: гэтым хлопцам і дзяўчатам будзе што ўспомніць у будучым прафесійным жыцці, бо зараз яны — студатрадаўцы.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.