Паркавая эстафета

- 11:31Сацыяльны ракурс

У адным з самых прыгожых месцаў сталіцы — на набярэжнай Сляпянскай воднай сістэмы, што ў Заводскім раёне, — з’явіўся першы ў горадзе парк сямейных дрэў. 100 маладзенькіх клёнаў і ліп пасадзілі маладыя сем’і і сем’і са стажам, якія жывуць у Заводскім раёне. Рабочы дрэс-код падтрымалі і сем’і дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, раённай адміністрацыі, грамадскіх арганізацый, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Заводскага раёна Мінска.

Так, далучыўся да карыснай справы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валерый Курсевіч разам са сваёй сям’ёй — жонкай Ірынай, сынамі Віктарам і Аляксеем.

— Гэта не першае дрэва, якое мне давялося высаджваць. Цяжка і злічыць, колькі іх было — як на малой радзіме ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, так і ў Мінску. Аднак асабліва прыемна ўсведамляць сваё дачыненне да стварэння такога знакавага месца. Парк закладваецца ў падтрымку сямейных каштоўнасцей, і гэта правільна, бо сям’я — самае галоўнае, што ў нас ёсць. Выдатна і тое, што дзеці бачаць прыклад сваіх бацькоў і далучаюцца да такой карыснай справы, — сказаў Валерый Курсевіч.

Дэпутат Мінгарсавета Віталь Якубаў таксама прыняў удзел у акцыі разам са сваёй сям’ёй — жонкай Аленай і сынамі Ільёй і Ігарам.

— Упэўнены: гэты пакуль яшчэ малады парк з часам стане месцам прыцягнення мінчан, куды яны будуць прыходзіць разам са сваімі сем’ямі, гуляць, дыхаць свежым паветрам і займацца спортам, — адзначыў Віталь Якубаў.

Сем’і Тужыкавых і Матарас заклалі ў новым парку дрэвы (далёка не першыя, якія давялося садзіць) у гонар значных падзей — “залатога” юбілею сямейнага жыцця. Леанід Матарас успамінае:

— Мы садзілі дрэвы яшчэ і ў парку Дружбы народаў. Гэта было амаль 60 гадоў назад. Яны зараз вялікія. Праходзіш там — успамінаеш маладосць. Калісьці там было пуста, маленькія дрэўцы, а цяпер — сапраўдны сад.

Усе ўдзельнікі акцыі атрымалі карты парку, дзе адзначаны дрэвы, пасаджаныя імі. Таксама на тэрыторыі ўсталявалі памятны камень.

Звяртаючыся да гараджан, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран заклікаў іх захаваць гэты парк на доўгія гады, а таксама вяртацца сюды як мага часцей разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Ён таксама выказаў надзею, што паркавую эстафету жыхароў Заводскага раёна пяроймуць і жыхары іншых раёнаў сталіцы.

Так, плануецца, што ў Фрунзенскім раёне акцыя па закладцы парку сямейных дрэў пройдзе 30 сакавіка на тэрыторыі ў межах вуліц Прытыцкага, Нёманскай, Каменнагорскай. У Ленінскім раёне пасадзяць дрэвы 6 красавіка ў скверы Вілкаўшчына, у Першамайскім — на набярэжнай Сляпянскай воднай сістэмы ў межах вуліц Карбышава і Сядых (13 красавіка), у Савецкім — на бульвары на вуліцы Гамарніка (20 красавіка).

Калі раптам вы прапусціце дзень закладкі парку, далучыцца да праекта можна і пазней. Для гэтага неабходна звярнуцца ў раённы камітэт БРСМ. Заяўка будзе разгледжана сумесна з УП “Зелянбуд” у самыя кароткія тэрміны, і будзе вызначана месца ў парку.

Актыўна бярэцца за рыдлёўкі моладзь і ў рэгіёнах. Як расказала сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ каардынатар рэспубліканскага праекта “Парк сямейных дрэў” Юлія Зінкевіч, 6 алей сямейных дрэў з’явілася ў Беларусі напрыканцы мінулага тыдня. Так, з 21 сакавіка закладваюцца новыя алеі ў Глуску, Асіповічах, Кіраўску Магілёўскай вобласці. Там 60 ліп і бяроз высадзілі сем’і, якія сёлета ўпершыню сталі бацькамі, а таксама сем’і — пераможцы раённых і абласных фестываляў здаровага ладу жыцця, прызёры спаборніцтваў і розных конкурсаў. Кляновую алею сямейных дрэў 22 сакавіка пасадзілі ў гарадскім скверы ў Пінску. Да канца сакавіка ў Брэсцкай вобласці з’явяцца яшчэ 2 алеі сямейных дрэў: бярозавая — у мікрараёне Усходні ў Іванаве і дубовая — у Пружанах каля гарадскога парку.

Ініцыятыва стварэння сямейных паркаў належыць маладзёжнаму саюзу. З такой прапановай актывісты БРСМ звярнуліся да прэзідэнта на сустрэчы, прысвечанай 100- годдзю камсамола. Праект рэалізоўваецца тэрытарыяльнымі камітэтамі БРСМ пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ.