Парламент прагаласуе па Brexit у новым годзе

- 11:50Інфармацыйная гадзіна

Галасаванне ў брытанскім парламенце па падагульняючым пагадненні аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС пройдзе ў сярэдзіне студзеня. Аб гэтым заявіла прэм’ер-міністр краіны Тэрэза Мэй, паведамляе ВВС.

Паводле яе слоў, абмеркаванне пагаднення ў парламенце адбудзецца на тыдні, які пачынаецца з 7 студзеня, а само галасаванне пройдзе на наступным тыдні.

Раней галасаванне па пагадненні было запланавана на 11 снежня, аднак Тэрэза Мэй яго перанесла, аргументаваўшы тым, што дакумент у цяперашнім выглядзе не падтрымае большасць дэпутатаў.

Між тым лейбарысты прыгразілі Тэрэзе Мэй вотумам недавер’я. Лідар Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін растлумачыў, што такім чынам хоча паскорыць абмеркаванне праекта здзелкі па Brexit.

Вялікабрытанія павінна выйсці з ЕС 29 сакавіка, пасля чаго настане пераходны перыяд, які прадоўжыцца да канца 2020 года. Калі парламент не адобрыць пагадненне, ва ўрада будзе тры тыдні, каб прапанаваць новы варыянт. Сярод магчымых наступстваў — выхад з ЕС без дагавора, дадатковыя перагаворы, адстаўка Тэрэзы Мэй, пазачарговыя парламенцкія выбары або паўторны рэферэндум.