Парламентарыі дамовіліся разам удасканальваць заканадаўства аб інавацыйным развіцці

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Сената парламента Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падпісалі Пратакол аб стварэнні падкамісій у інавацыйнай сферы.

“Афіцыйны візіт у Беларусь старшыні Сената парламента Казахстана — гэта знакавая падзея ў нашых міжпарламенцкіх адносінах. Казахстан — наш стратэгічны партнёр. Мы вельмі цесна працуем у рамках двухбаковых адносін, на міжнародных пляцоўках і, безумоўна, задаём у пэўнай ступені тон у Еўразійскім эканамічным саюзе. Парламенцкія інструменты павінны быць запатрабаваны ў поўным аб’ёме для таго, каб актыўна садзейнічаць і эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Лічу, што дакумент, які мы сёння падпісалі, — гэта погляд у будучыню”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, традыцыйныя галіны і базісныя прадпрыемствы развіваюцца, але патрэбны прарыў. Тут упор трэба зрабіць на развіццё навукаёмістых вытворчасцей, дзе ствараецца высокая дабаўленая вартасць за кошт інтэлектуальных кампанентаў. “Вось на гэта настроены будуць нашы падкамісіі. Мы думаем, што ўжо ў бягучым годзе будуць сфарміраваны персанальныя склады, палажэнні аб падкамісіях для таго, каб актыўна ўключыцца ў гэтую работу. Не падмяняючы ўрад, а аказваючы садзейнічанне цераз удасканаленне заканадаўства і, безумоўна, новых ініцыятыў, якіх вельмі шмат і ў Беларусі, і ў Казахстана”, — адзначыў старшыня верхняй палаты.

Старшыня Сената парламента Казахстана Касым-Жамарт Такаеў дадаў, што Беларусь дасягнула значных поспехаў у інавацыйнай сферы і гэты вопыт цікавы Казахстану. “Мы на працягу двух дзён візіту даволі актыўна і інтэнсіўна працавалі, правялі перагаворы. Падпісаны дакумент мае вельмі вялікае значэнне. У дадатак да дзейнасці груп супрацоўніцтва ў парламентах дзяржаў ствараюцца падкамісіі, якія будуць займацца найбольш актуальнай праблематыкай — гэта інавацыйнае развіццё. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб стымуляваць як урад, так і іншыя арганізацыі, уключаючы няўрадавыя, да цеснага ўзаемадзеяння менавіта ў гэтай сферы. Эканоміка Беларусі развіваецца ўстойлівымі тэмпамі, і Казахстан зацікаўлены ў тым, каб, з аднаго боку, вывучаць вопыт Беларусі, а з другога — узаемадзейнічаць у гэтай сферы”, — сказаў ён.