Пароль неўміручасці — родная мова

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры сёлета адбыўся ў старажытным Гродне. За прызавыя месцы змагаліся вучні з усіх абласцей рэспублікі, а таксама каманды з Мінска і Ліцэя БДУ. Па-за конкурсам на алімпіядзе выступалі прадстаўнікі Польшчы.

Мне і Юліі Маскалёвай, вучаніцы 11 класа сярэдняй школы № 9 Мазыра, пашчасціла ўваходзіць у склад каманды Гомельскай вобласці, якая налічвала 15 чалавек.
Журы ўзначальваў беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец. У журы была складаная і надзвычай адказная задача — выявіць найлепшых з лепшых, самых дастойных, тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якім неабыякавы сучасны стан беларускай мовы. Думаецца, што з гэтай задачай строгае і справядлівае журы справілася.
Шмат уражанняў пакінула ў нас адкрыццё алімпіяды. Былі паказаны цудоўныя прэзентацыі пра кожную вобласць. Вельмі прыемна, што наша Гомельшчына мае выдатных прадстаўнікоў: Івана Мележа і Барыса Сачанку, Міхаіла Фінберга і Міхася Дрынеўскага. Лепшыя калектывы Гродзеншчыны выконвалі песні на словы знакамітых беларускіх паэтаў.
Традыцыйна алімпіяда праходзіла ў тры этапы: водгук на мастацкі твор, лінгвістычны конкурс, вуснае выказванне.
Арганізатары паклапаціліся, каб удзельнікі добра даведаліся пра мінулае і сучаснае города на Нёмане. Змястоўныя і вельмі цікавыя экскурсіі па касцёлах і праваслаўных храмах, гістарычных мясцінах, вуліцах, звязаных з жыццём Рыгора Шырмы і Максіма Багдановіча, — усё гэта выклікала ў нас сапраўдны інтарэс.
У час закрыцця алімпіяды старшыня журы адзначыў, што ўсе ўдзельнікі падрыхтаваліся да гэтага надзвычай прэстыжнага конкурсу вельмі грунтоўна. Каманда Гомельшчыны заваявала 8 дыпломаў. Асабіста я бясконца рада, што змагла атрымаць пахвальны водзыў і каштоўны падарунак. Шчыры дзякуй маёй нязменнай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ларысе Іванаўне Краўчанка за трывалыя веды, атрыманыя на ўроках і факультатыўных занятках.
Калі я глядзела на адухоўленыя твары вучняў, чула, як прыгожа, трапна ўмеюць яны выказваць свае думкі, у мяне ўмацоўвалася надзея, што мова наша будзе жыць, бо ёсць каму яе падтрымаць. А ўсім беларусам хочацца нагадаць словы М.Макаля: “Пароль неўміручасці — родная мова”.

 

Марыя АЛЬХІМОВІЧ,
вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 14 Мазыра.