Партфель ад Чырвонага Крыжа

Школьныя прылады і падарункі ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа атрымалі ў Гомелі 10 дзяцей бежанцаў і перасяленцаў з Украіны.

Член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк уручае падарункі бежанцам Рашыры Маркцеленс і яе сыну, вучню сярэдняй школы № 44 Гомеля Правіну Маркцеленсу.

Cловы віншаванняў з пачаткам новага навучальнага года дзецям і іх бацькам адрасавалі першы намеснік Генеральнага сакратара БТЧК Іна Лемяшэўская і член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа штогод удзельнічае ў дабрачыннай акцыі “Збяром дзяцей у школу”, задача якой — падтрымка не толькі пэўных катэгорый жыхароў нашай краіны, але і бежанцаў, якія тут жывуц­ь. Так, па выніках мінулага года па ўсёй краіне дапамогу да пачатку навучальнага года ад арганізацыі атрымалі больш за сем тысяч сем’яў, у тым ліку каля 400 дзяцей з сем’яў бежанцаў. Вынікі гэтага года падвядуць пазней. На акцыі ў Гомелі падарункі ад БТЧК атрымалі трэцякласнікі Таісія і Данііл Шылавы. З 2015 года сям’я з Украіны жыве ў Гомелі. Іх маці Святлана Шылава расказвае, што ў Гомель прыехалі, каб экстранна лячыц­ь дачку Таісію. З-за сітуацыі, якая склалася ў Данецку, не было магчымасці праходзіць там лячэнне.

— У 2018 годзе мы атрымалі від на жыхарства, — гаварыць Святлана. — Працягваем жыць у Беларусі, працаваць на дабрабыт ужо другой радзімы, якая дала нам прытулак у складаны момант жыцця.

Пры ўручэнні падарункаў сям’і, якая прыехала ў лютым са Шры-Ланкі, — Правіну Марк­целенсу і яго матулі Рашыры Маркцеленс — старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк пажадала цікавай вучобы, трывалых ведаў, добрых сяброў:

— Няхай ваша вандраванне па Краіне ведаў будзе займальным і пакіне добрыя ўспаміны і яркія эмоцыі, — сказала Ала Смаляк. — У Гомельскай вобласці падчас акцыі неабходныя наборы ўжо атрымалі больш як 600 дзяцей і падлеткаў з сем’яў, якім патрабуецца дапамога.

Падтрымаць дабрачынную акцыю можа кожны — акцыя “Збяром дзяцей у школу” прадоўжыцца да 14 верасня.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.