Партнёрскія сувязі ў STEM-руху

У межах праекта “Настаўнік для Беларусі” для наладжвання партнёрскіх сувязей у галіне STEM-адукацыі педагогі негарэльскай сярэдняй школы № 1 на чале з яе дырэктарам Таццянай Кудзінай і дырэктарам рэсурснага цэнтра па інфарматызацыі Дзяржынскага раёна Дар’яй Смяловай наведалі Рассветаўскую сярэднюю школу Клецкага раёна. Ва ўстанову адукацыі завіталі таксама каардынатар праграмы “Настаўнік для Беларусі” Алёна Мельчанка, дырэктар фонду “Новая школа” Таццяна Квяцінская, спецыяліст па праектах карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Vizor Games Вольга Міхед. Майстар-клас для школьнікаў па спаборніцкай робататэхніцы правёў метадыст праграмы “Настаўнік для Беларусі” Глеб Карней.

Уладзіслаў Бабіч са сваімі выхаванцамі.

—Праграма “Настаўнік для Беларусі” — гэта ліквідацыя адукацыйнай няроўнасці, прадастаўленне магчымасці кожнаму дзіцяці рэалізаваць свой патэнцыял, — адзначыла каардынатар гэтага праекта Алёна Мельчанка. — Па выніках даследавання РІSА мы бачым, што розніца паміж сельскімі і гарадскімі школамі дастаткова вялікая. І гэта не таму, што дзеці там дрэнныя, а таму, што ў іх не заўсёды ёсць доступ да лепшых настаўнікаў, да тэхналогій, магчыма, іх не падтрымлівае акружэнне, не стымулюе, не ставіць высокія планкі і мэты. Сельскія дзеці заслугоўваюць такой жа ўвагі, як і гарадскія. Наша задача — стварыць такія ўмовы і зрабіць так, каб у дзяцей, у якіх менш магчымасцей, іх станавілася больш. Рассветаўская сярэдняя школа — яскравы прыклад гэтаму і матывацыя для ўсіх нас, каб ствараць такія ўмовы.

Гісторыя Рассветаўскай сярэдняй школы не падобная на гісторыі іншых устаноў краіны, дзе былі адкрыты SТEM-цэнтры. Звычайна абзавесціся сучасным STEM-цэнтрам школам дазваляе перамога ў конкурсе “Хачу ў STEM-клас”. У Рассвеце ж клас, аснашчаны сучаснай тэхнікай для заняткаў па робататэхніцы і праграмаванні, з’явіўся яшчэ да стварэння SТEM-цэнтра. А ўсё дзякуючы энтузіязму дырэктара, прадпрымальнасці другакласніка Лёні, які разам са сваімі сябрамі разаслаў лісты ў больш чым 100 ІТ-кампаній з просьбай даслаць камплектуючыя для робатаў, а таксама дзякуючы рабоце школьнай бізнес-кампаніі “Меркурый”, дзе навучэнцы займаюцца вязаннем венікаў, вырошчваннем і продажам сельскагаспадарчай прадукцыі: капусты, морквы, буракоў, цыбулі, іншай агародніны, яблыкаў са школьнага саду. Дарэчы, за час існавання бізнес-кампаніі было зароблена больш за дзесяць тысяч рублёў. Атрыманыя сродкі былі ўкладзены ў тэхнічнае аснашчэнне школы. Перамогі ў вучнёўскіх конкурсах па экалогіі, эканоміцы, ІТ таксама прыносяць часам не толькі дыпломы, але і грашовыя ўзнагароджванні. Так, у Міжнародным конкурсе “Зялёны сад” прыз склаў 400 рублёў, у Міжнародным конкурсе школьных праектаў выкарыстання рэсурсаў і энергіі “ШПІРЭ” — 200 еўра.

Што тычыцца пісьмаў, адпраўленых дзецьмі, то на іх адгукнуўся шэраг кампаній, сярод якіх і Vizor Games, што і аказала школе спонсарскую дапамогу на адкрыццё STEM-цэнтра. Праект быў рэалізаваны ў супрацоўніцтве з асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”.

Цяпер у распараджэнні вучняў адукацыйнага цэнтра 23 ноўтбукі і 26 канструктараў рознай складанасці — пачынаючы ад самых простых экзэмпляраў для развіцця дробнай маторыкі ў малых і заканчваючы робатамі са штучным інтэлектам. Ёсць 3D-прынтары, графічныя планшэты, мікрабіты, магнітна-маркерныя дошкі і іншае абсталяванне.

У STEM-цэнтры навучэнцы займаюцца па такіх напрамках, як праграмаванне, робататэхніка, 3D-мадэляванне, сучасныя медыятэхналогіі, камп’ютарная графіка і вэб-дызайн. Зараз заняткамі ў гуртках і на факультатывах ахоплены практычна ўсе вучні школы, 80 працэнтаў з якіх падвозяцца ва ўстанову з суседніх вёсак. Цікава тое, што дзяўчынкі больш любяць праграмаваць, а хлопцы з захапленнем займаюцца канструяваннем. 

Працуюць са школьнікамі два маладыя перспектыўныя педагогі: педагог-псіхолаг Наталля Раманоўская, якая выкладае дзецям Scratch-праграмаванне і курыруе відэастудыю, і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Уладзіслаў Бабіч. Пад яго кіраўніцтвам дзеці асвойваюць робататэхніку і LEGO-канструяванне. Педагогі прайшлі навучанне ў Парку высокіх тэхналогій, наведалі курсы на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

З канструяваннем на “ты”.

— З 2 класа мы вывучаем са школьнікамі візуальнае аб’ектна-арыентаванае асяроддзе Scratch. Нават чалавек, які ніколі не сутыкаўся з праграмаваннем, навучыцца карыстацца гэтай мовай. Вучні, якія ўжо асвоілі асноўныя функцыі Scratch, паступова пераходзяць да вывучэння больш складаных моў праграмавання — Piton і Unity, выкарыстоўваючы пры гэтым некалькі адукацыйных анлайн-платформ, — расказаў Уладзіслаў Бабіч. — Заняткі па робататэхніцы паступова набіраюць абароты ва ўскладненні вучэбнай праграмы. Школьнікі пераходзяць на вывучэнне больш складаных у зборцы і праграмаванні робататэхнічных канструкцый, выкарыстоўваючы наборы EV3 і MicroBit. А пачаткоўцы з цікавасцю знаёмяцца з асновамі розных IT-напрамкаў пад кіраўніцтвам сваіх старэйшых таварышаў, якія ўжо прайшлі гэты шлях. Дарэчы, зараз мы ­ўдзельнічаем у праекце Парка высокіх тэхналогій “Праграмаванне мікракантролераў на мове праграмавання Scratch”. Таксама мы займаемся 3D-мадэляваннем. У распрацоўцы знаходзіцца праект “Карта Беларусі”, дзе мы хочам стварыць поўную 3D-мадэль карты з гарадамі і памятнымі мясцінамі.

Госці школы змаглі на свае вочы пабачыць, чым займаюцца навучэнцы ў STEM-цэнтры. Якіх толькі цікавых, а галоўнае, прак­тыка-арыентаваных, карысных праектаў не прадставілі дзеці! Дзевяцікласнік Уладзіслаў Мешчанчук займаецца ў цэнтры па некалькі гадзін штодня і яшчэ па суботах. Хлопец са сваімі таварышамі працуе ў сумесным праекце з кампаніяй Vizor Games па стварэнні музычнай лесвіцы, якая будзе дапама­гаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, у прыватнасці, з аслабленым зрокам (калі яны будуць узнімацца па лесвіцы — будзе гучаць музыка). Праект магчыма ўкараніць і на фермах: карова зайшла ў сваю загарадзь, датчык паказвае, што яна там — і музыка перастае гучаць. Яшчэ адна распрацоўка хлопца — прататып разумнай каламажкі, на якую ўстанаўліваецца робат, які будзе ёй кіраваць і збіраць прадукты па магазіне, счытваючы тавары па QR-кодзе.

Пяцікласніца Жэня Бурак дасць фору любому хлопцу — з веданнем справы яна літуе платы для музычнай лесвіцы. Дзяўчынка сабрала робата, які здольны ствараць штучнае землетрасенне магутнасцю ад 1 да 10 балаў, каб правяраць маленькія домікі з кубікаў LEGO на сейсмаўстойлівасць. Падобны сімулятар штуршкоў можа спатрэбіцца архітэктарам пры праектаванні дамоў у тых краінах, дзе існуе рызыка землетрасенняў.

За тры дні дзевяцікласнік Павел Буката сабраў камеру машыннага зроку, якая здольна вызначаць форму, памеры, колер аб’ектаў. Яе можна выкарыстоўваць у касманаўтыцы, а таксама ў новым праекце рассветаўскіх школьнікаў.

— Што змянілася ў школе з адкрыццём цэнтра? — адзначае Уладзіслаў Бабіч. — Прыемна бачыць зацікаўленыя вочы дзяцей. Сярод плюсоў і павышэнне матывацыі да вучобы, у прыватнасці, да вывучэння англійскай мовы, патрэбу ў якой адчувае кожны, хто наведвае цэнтр, і ўстанаўленне міжпрадметных сувязей (матэматыка, інфарматыка, фізіка, чарчэнне і інш.). Гэта і рэалізацыя вучнёўскіх здольнасцей і талентаў, магчымасць удзелу ў конкурсах і спаборніцтвах. Дзеці вучацца праектаваць, генерыраваць ідэі, увасабляць іх у жыццё і абараняць на публіцы. А гэта надае ўпэўненасць і веру ў свае сілы.

Дырэктар Рассветаўскай сярэдняй школы Сяргей Дубман расказвае гасцям аб дзейнасці STEM-цэнтра.

Па суботах установу наведваюць дзеці з іншых школ раёна, якія праяўляюць інта­рэс да праграмавання і канструявання. Яны прыязджаюць разам са сваімі настаўнікамі. Такім чынам ствараюцца магчымасці для ўзаемнага навучання і прасоўвання ідэі STEM-адукацыі. За месяц праз STEM-цэнтр можа прайсці каля 80 вучняў. Установа з’яўляецца арганізатарам ІТ-канікул для школьнікаў раёна. Зразумела, дзецям даецца агульнае ўяўленне пра тое, што такое робататэхніка, аднак калі іх педагогі праявяць зацікаўленасць, то могуць падхапіць эстафету ў рассветаўскіх настаўнікаў.

Падчас круглага стала педагогі абмеркавалі пытанні ўкаранення STEM-адукацыі ва ўстановах, развіцця міжпрадметных сувязей, а таксама развіцця пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў шляхам іх прыцягнення да ўдзелу ў спаборніцтвах.

— Што важна для адкрыцця STEM-цэнтра? — разважае дырэктар Рассветаўскай сярэдняй школы Сяргей Дубман. — Па-першае, трэба стварыць адукацыйную інфраструктуру, знайсці кампанію — своеасаблівага анёла-ахоўніка, які будзе ажыццяўляць як фінансавую, так і метадычную падтрымку. (Кампанія Vizor Games выплачвае нашым педагогам, якія займаюцца з дзецьмі ў цэнтры, стыпендыю, аплачвае расходныя матэрыялы, раз на месяц прымае ў сябе на курсах нашых педагогаў, яе інжынеры-праграмісты рэгулярна праводзяць у школе майстар-класы для вучняў.) Па-другое, знайсці апантаных педагогаў і забяспечыць іх неабходнымі праграмамі і метадычнымі распрацоўкамі. І яшчэ адзін важны момант — неабходна арганізоўваць фестывалі і конкурсы для дзяцей, каб яны маглі ацаніць свой узровень, рэаліза­ваць свае здольнасці, самасцвердзіцца. Ці ста­нуць яны айцішнікамі, невядома, аднак тыя інжынерныя навыкі, якія яны атрымаюць, абавязкова спатрэбяцца ім. Сёння любая сфера дзейнасці імкнецца да аўтаматызацыі. Ты або будзеш валодаць ведамі, каб кіраваць сіс­тэмамі, або будзеш плесціся ў хвасце.

У сваю чаргу спецыяліст па праектах карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Vizor Games Вольга Міхед заўважае, што паспяховае супрацоўніцтва стала магчымым дзякуючы зацікаўленасці абодвух бакоў — кампаніі і школы, руху насустрач адна адной. Яна гаворыць, што створаны з іх дапамогай цэнтр дазволіць павялічыць агульны ўзровень сельскіх школьнікаў і стане добрай матывацыяй да прафесійнага выбару на ка­рысць тэхнічных і спецыяльнасцей ІТ-сферы. 

У канцы сустрэчы дырэктар негарэльскай сярэдняй школы № 1 Таццяна Кудзіна выказала падзяку рассветаўскаму педкалектыву. “Сустрэча была сапраўды карыснай і плённай, — адзначыла Таццяна Пятроўна. — Мы разумеем, што адзін у полі не воін. Хацелася б, каб нас, хто займаецца развіццём STEM-руху ва ўстановах адукацыі, было больш і каб мы аб’ядналіся ў партнёрскую сетку, напрыклад, у шосты школьны дзень раз на месяц ці чвэрць прыязджалі адно да аднаго ў госці, ладзілі сумесныя мерапрыемствы. Мэтазгодна таксама наладзіць анлайн-супрацоўніцтва”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.