Партнёры будучыні

- 13:53Навіны рэгіёнаў, Рознае

У гімназіі № 10 Маладзечна падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў рамках ініцыятывы “Школы: партнёры будучыні” з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Гэтая ініцыятыва звязвае ў адну супольнасць каля дзвюх тысяч школ ва ўсім свеце, якія аб’ядноўвае шчырая цікавасць да нямецкай мовы і культуры. Далучэнне да гэтага праекта адкрывае для маладзечанскай гімназіі разнастайныя перспектывы — ад усталявання жывых, доўгатэрміновых сувязей з Германіяй да павышэння кваліфікацыі педагогаў нямецкай мовы.

У рамках праекта “Школы: партнёры будучыні” выкладчыкі нямецкай мовы школ-удзельніц атрымліваюць магчымасць праходзіць падрыхтоўку на семінарах у сваёй краіне, а таксама на курсах павышэння кваліфікацыі ў Германіі. Вучні ездзяць на моўныя курсы ў Германію, а таксама ў міжнародны моўны лагер у Літве. Для лепшага авалодання мовай для навучэнцаў і настаўнікаў праводзяцца канцэрты, майстар-класы, творчыя майстэрні, конкурсы. “Праект “Школы: партнёры будучыні” стартаваў у 2008 годзе. Першапачаткова ў Беларусі да яго далучыліся 4 школы. Сёння іх ужо 16, — расказвае Марына Міцькіна, асістэнт праекта. — Мы рады, што сярод іх і гімназія № 10 Маладзечна, бо тут працуюць творчыя педагогі, адкрытыя для дыялогу і супрацоўніцтва”.
Ужо 26 гадоў маладзечанскую гімназію звязваюць сяброўскія і партнёрскія адносіны з Шэльцтар-гімназіяй нямецкага горада Эслінгена. Першапраходцам у наладжванні зносін з замежнымі калегамі стаў першы дырэктар Барыс Вайцяхоўскі. Нядаўна сувязі паміж гімназіямі былі замацаваны падпісаннем дагавора аб супрацоўніцтве. Маладзечна наведалі 25 настаўнікаў з Германіі, а потым у Германію былі запрошаны 22 педагогі беларускай гімназіі.
Доўгае супрацоўніцтва звязвае гімназію № 10 і з Інстытутам імя Гётэ. Далучэнню гімназіі да праекта “Школы: партнёры будучыні”, якім курыруе Інстытут імя Гётэ, папярэднічала актыўная пазаўрочная і пазакласная дзейнасць настаўнікаў нямецкай мовы і навучэнцаў. Гімназісты прымалі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах і праектах, прапанаваных Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, педагогі павышалі кваліфікацыю на курсах, наведвалі семінары. Цяпер жа настаў час для вывядзення адносін на новы ўзровень.
“Сёння гістарычны дзень для нашай установы адукацыі, — адзначыла падчас падпісання пагаднення Таццяна Камкова, дырэктар гімназіі № 10 Маладзечна. — Мы ўключаемся ў глабальную партнёрскую сетку з 2000 школ па ўсім свеце. Удзел у рэалізацыі міжнароднага праекта “Школы: партнёры будучыні” дазволіць нам мець падтрымку ў забеспячэнні яшчэ больш высокай якасці выкладання і вывучэння нямецкай мовы. Падпісанне пагаднення стане падмуркам для далейшага міжнароднага супрацоўніцтва, пашырыць межы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, моўных курсаў для навучэнцаў, прадаставіць магчымасць ажыццявіць новыя ініцыятывы, актывізаваць дзейнасць установы адукацыі і гімназістаў, умацаваць вучэбна-матэрыяльную базу кабінетаў нямецкай мовы”.
Каб гістарычная падзея запомнілася надоўга, падпісанне пагаднення было праведзена ў святочнай і ўрачыстай атмасферы. Гімназія вітала гасцей з Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Інстытута імя Гётэ, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама. Падчас экскурсіі па гімназіі, якая праводзілася, дарэчы, на рускай і нямецкай мовах, госці пазнаёміліся з работай гімназічнага тэлебачання TV-10 і газеты “Паchатак”, дзейнасцю тэатра-студыі “ТэсТ” і ўзорнага танцавальнага калектыву “Грацыя”. А для навучэнцаў святочны настрой ствараў нямецкі хіп-хоп гурт, на канцэрт якога былі запрошаны вучні гімназіі і іншых устаноў адукацыі Маладзечна.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва інстытута імя Гётэ ў Мінску.