Партытура педагагічнага поспеху

- 10:21Вышэйшая школа

У Міжнародны дзень музыкі і напярэдадні Дня настаўніка адбылося пасвячэнне ў студэнты першакурснікаў факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Упершыню гэтае значнае мерапрыемства прайшло ў белай зале Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дзе, акрамя ўсяго іншага, рэктар універсітэта Аляксандр Жук і генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.

Вядучая педагагічная УВА краіны ўдзяляе вялікую ўвагу захаванню духоўных каштоўнасцей, якія маюць ключавое значэнне для росквіту нашай краіны. У сувязі з гэтым падрыхтоўка спецыялістаў у галіне эстэтычнай адукацыі набывае асаблівае значэнне. Далучэнне да каштоўнасцей сусветнай мастацкай культуры і знаёмства з яе гісторыяй пачынаецца яшчэ ў школе, дзе вядучая роля ў гэтай справе адводзіцца выпускнікам факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ. Творчая атмасфера факультэта прыцягвае яркіх, таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія распростваюць крылы і робяць першыя прафесійныя крокі з веданнем уласнай партытуры педагагічнага поспеху.

На факультэце вучыцца будучая эліта мастацка-эстэтычнай адукацыі: музыканты, спевакі, харэографы і мастакі. Рэктар БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч Жук, звяртаючыся да першакурснікаў, падкрэсліў, што яны як будучыя выкладчыкі адукацыйнай галіны “Мастацтва” маюць унікальную магчымасць атрымаць якасную адукацыю ў вядучай УВА, каб у будучыні займацца маральна-эстэтычным выхаваннем падрастаючага пакалення.

— Вы лепш за іншых нашых студэнтаў разумееце, што сродкамі мастацтва лягчэй дастукацца да дзіцячых сэр­цаў, закрануць самыя тонкія струны іх душ і, вядома ж, весці дзяцей і матываваць іх да творчасці, — сказаў ён. — Дагавор аб супрацоўніцтве паміж нашым універсітэтам і Нацыянальным мастацкім музеем — першы крок у выхаванні і адукацыі нашых студэнтаў. З гэтага дня музей стане для нас часткай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы і творчай пляцоўкай для рэалізацыі розных праектаў, правядзення навуковых даследаванняў у сферы гісторыі культуры не толькі Беларусі, але і іншых краін. Вы таксама будзеце мець унікальную магчымасць знаёміцца з палотнамі лепшых мастакоў свету, тут для вас будуць праводзіцца і адкрытыя лекцыі, і семінары, і трэнінгі, і шэраг іншых мерапрыем­стваў. На базе музея таксама плануецца правядзенне сумесных праектаў у сферы мастацкай адукацыі, музычнай педагогікі і выставачнай дзейнасці.

Па словах рэктара, сёння ва ўніверсітэце навучаецца больш за 75% іншагародніх і замежных студэнтаў, у іх ліку звыш 1350 студэнтаў з 22 краін свету.

— Наша задача — усіх іх пазнаёміць як з айчынным мастацтвам, так і з су­светным, у чым і дапаможа музей. Зараз у нас 316 студэнтаў з Кітая, з іх больш за 70 чалавек вучыцца на факультэце эстэтычнай адукацыі, у аспірантуры — 36 чалавек і больш за 100 — у магістратуры. А гэта значыць, што кітайскія студэнты ма­юць вялікую цікавасць да спецыяльнасцей, звязаных з мастацтвам, — дадаў Аляксандр Іванавіч. — Мы лічым, што кожны першакурснік нашага ўніверсітэта павінен пабываць у сценах гэтага музея, паколькі мастацтва заўсёды выхоўвае. А педагог павінен быць развітой асобай і добра ве­даць дасягненні як нашых творцаў, так і сусветных. Знаёмства з шыкоўнай калекцыяй мастацкага музея дазволіць лепш пранікнуць у сутнасць будучай прафесіі і, безумоўна, будзе спрыяць павышэнню яе якасці.

Паводле пагаднення аб супрацоўніцтве, некаторыя лекцыйныя і семінарскія заняткі будуць праводзіць як універсітэцкія выкладчыкі, так і су­працоўнікі музея.

Безумоўна, сёння адны з галоўных прафесій — настаўнік і выхавальнік, бо без высокаадукаваных людзей нам не абысціся. Студэнты ФЭА будуць выхоўваць нашу моладзь на гістарычнай глебе культуры і мастацтва, бо вельмі важна, каб наша будучае пакаленне ганарылася сваёй гісторыяй, ведала вядучых дзеячаў культуры і мастацтва. Таму сёння я вельмі рады нашаму супрацоўніцтву з педагагічным універсітэтам і спадзяюся, што мы разам будзем спрыяць падрыхтоўцы ўсебакова развітых асоб нашай краіны”, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кандыдат мастацтвазнаў­ства Уладзімір Іванавіч Пракапцоў.

Дарэчы, ужо дадзены старт аднаму з сумесных праектаў — у арт-кафэ музея выстаўлены работы выпускнікоў факультэта эстэтычнай адукацыі. Падобныя праекты будуць рэалізоўвацца і ў далейшым.

Будучыя настаўнікі прынеслі клятву студэнта БДПУ і сталі часткай дружнай універсітэцкай сям’і.

Каля 100 чалавек папоўнілі нашу ўніверсітэцкую сям’ю з 2 груп кітайскіх студэнтаў і 4 груп беларускіх, — сказала дэкан факультэта, кандыдат педагагічных навук Святлана Міхайлаўна Кабачэўская. — Нашым першакурснікам я жадаю веры ў сябе і творчай смеласці, таму што студэнты часам хвалююцца і баяцца расказаць пра сябе. І мы, педагогі, тут для таго, каб даць ім магчымасць заявіць пра сябе.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.