Парушэнні маўлення выправіць камп’ютар

- 13:06Апошнія запісы, Рознае, Спецыяльная адукацыя

Нядаўна на базе Гомельскага абласнога ІРА прайшоў заключны этап ІХ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У ім удзельнічалі 72 педагогі са сваімі праектамі, якія былі адабраны журы больш чым з 380 работ, якія паступілі на конкурс. У намінацыі “Электронны сродак навучання ў спецыяльнай адукацыі” ў фінале ацэньваліся 10 праектаў. Па выніках заключнага этапу конкурсу дыпломам ІІІ ступені адзначаны электронны рэсурс “Сацыяльна-побытавая арыенціроўка — 10” аўтара Г.Ф.Рабчук (Свіслацкая сярэдняя школа № 3 Гродзенскай вобласці). Дыпломаў ІІ ступені ўдастоены адразу два аўтарскія праекты па ЭСН: “Чалавек і свет. 3 клас” Т.М.Чашэйка (Гарадзейская дапаможная школа-інтэрнат Мінскай вобласці) і “Неарганічная хімія” І.І.Хомчанка (Мінскі дзяржаўны каледж электронікі). Дыпломам І ступені была адзначана работа “Гульні і практыкаванні для аўтаматызацыі гукаў” Г.В.Емяльянчык (Хвінявіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці).

Эканоміцца час — расце эфектыўнасць

У Хвінявіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна займаюцца 93 навучэнцы. Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі тут выкарыстоўваюць многія спецыялісты. І для гэтага ёсць усё неабходнае: камп’ютары, інтэрактыўная дошка, мультымедыйныя ўстаноўкі, выхад у інтэрнэт. Дзякуючы праекту “Гульні і практыкаванні для аўтаматызацыі гукаў”, з якім настаўнік-дэфектолаг Галіна Васільеўна Емяльянчык выступала на абласным этапе конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (заняла 3 месца), установе выдзелілі яшчэ 5 камп’ютараў.
“Нам, настаўнікам-дэфектолагам, неабходна як мага часцей і больш эфектыўна выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя рэсурсы пры навучанні дзяцей з АПФР. Тым больш што ва ўстановах адукацыi ствараюцца для гэтага ўсе неабходныя ўмовы: кабінеты аснашчаюцца разнастайнай камп’ютарнай тэхнікай, ёсць свабодны выхад у інтэрнэт, пастаянна назапашваецца тэарэтычны і практычны вопыт прымянення інфармацыйных камунікатыўных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі, — лічыць Галіна Васільеўна. — Выкарыстанне ІКТ мае шэраг значных пераваг у параўнанні з традыцыйным правядзеннем заняткаў, звыклым тлумачэннем і дэманстрацыяй матэрыялу перад дошкай. У прыватнасці, электронныя сродкі навучання дазваляюць праводзіць карэкцыйныя заняткі на высокім эстэтычным і эмацыянальным узроўні (з дапамогай анімацыі, нагляднасці), выкарыстоўваць вялікую колькасць дыдактычнага матэрыялу. Дзякуючы хуткім тэмпам абнаўлення матэрыялу на экранах манітораў, значна эканоміцца час на занятках, у 1,5—2 разы павялічваецца аб’ём работ, якія выконваюцца, і ў рэшце рэшт атрымліваем лепшы вынік.
Наша ўстанова беларускамоўная, але вучэбных дапаможнікаў для настаўнікаў-дэфектолагаў на беларускай мове вельмі мала. Даводзіцца самастойна перапрацоўваць рускамоўную літаратуру, раздрукоўваць гэтыя матэрыялы для дзяцей, што не вельмі зручна. Не ў поўнай меры вырашаны і пытанні навукова-метадычнага і праграмнага забеспячэння ІКТ і іх укаранення ў працэс навучання дзяцей з АПФР. Такая сітуацыя падштурхнула мяне да стварэння сваіх праграмных прадуктаў на беларускай мове”.
Першая работа была калектыўнай: у суаўтарстве быў створаны электронны дапаможнік “Практыкаванні выконваем — дысграфію ўстараняем”. (Гаворка ідзе аб дысграфіі, якая з’яўляецца ў выніку парушэння маўленчага аналізу і сінтэзу.) Інтэрактыўныя практыкаванні Галіна Васільеўна распрацоўвала сумесна з настаўнікамі-дэфектолагамі Аленай Уладзіміраўнай Калодзіч з сярэдняй школы № 3 Дзятлава і Вольгай Анатольеўнай Юшкевіч з Наваельнянскай сярэдняй школы. У мінулым годзе педагогі выступалі з гэтай работай на абласным этапе конкурсу “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” і занялі 3 месца. Сёлета на Абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” — 2 месца, а на рэспубліканскім узроўні работа ўвайшла ў дзясятку лепшых (прайшла на вочны этап конкурсу). Затое другая работа, аўтарская распрацоўка Галіны Васільеўны, ЭСН “Гульні і практыкаванні для аўтаматызацыі гукаў” была адзначана на гэтым конкурсе дыпломам І ступені. Гэты электронны дапаможнік быў распрацаваны пры дапамозе інструментальнага асяроддзя Smart Notebook.

Давесці да аўтаматызму

ЭСН “Гульні і практыкаванні для аўтаматызацыі гукаў” быў рэкамендаваны для работы з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту з агульным недаразвіццём мовы і са слаба выражаным агульным недаразвіццём мовы ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Матэрыял дапаможа настаўнікам-дэфектолагам пры правядзенні індывідуальных заняткаў і заняткаў у падгрупах. Магчыма яго выкарыстанне і на групавых занятках як настаўнікамі пачатковых класаў, так і выхавальнікамі пры навучанні грамаце.
У мінулым навучальным годзе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, дзе працуе Галіна Васільеўна, наведвалі 14 дзяцей з рознымі парушэннямі маўлення. З кожным з іх настаўнік-дэфектолаг праводзіла індывідуальныя (2 разы на тыдзень) і падгрупавыя заняткі (1 раз у тыдзень), падчас якіх актыўна выкарыстоўвала ўласны ЭСН.
“У апошні час павялічылася колькасць дзяцей з парушэннямі маўлення. Адно з іх — агульнае недаразвіццё мовы, — падкрэлівае Галіна Васільеўна. — Група выхаванцаў з такім парушэннем вельмі неаднародная. У ёй могуць быць дзеці, якія амаль не размаўляюць, знаходзяцца на ўзроўні пачатковага лепету, і дзеці з досыць зразумелым фразавым маўленнем з элементамі фанетыка-фанематычнага і лексіка-граматычнага недаразвіцця. У адных дзяцей праблемы праяўляюцца ў большай ступені, у другіх — у меншай, у такім выпадку можна гаварыць аб слаба выражаным АНМ (калі парушана, напрыклад, вымаўленне асобных гукаў: такіх як [ш], [ж], [ц], [ч], [л], [р]). Нават калі паасобку гукі вымаўляюцца малышамі больш-менш выразна, у патоку маўлення яны змешваюць іх. У выхаванцаў можа быць парушана складовая структура доўгіх шматскладовых слоў. Асабліва ярка гэта праяўляецца пры вымаўленні фраз. Дзеці з парушэннямі маўлення ў большасці сваёй карыстаюцца ўсімі часцінамі мовы, але рэдка выкарыстоўваюць прыметнікі і прыслоўі, іх слоўнік небагаты, а словаўжыванне недакладнае. Напрыклад, два розныя дзеясловы “вяжа” і “вышывае” дзіця можа замяніць адным — “шые”. Даволі распаўсюджаныя памылкі пры словаўтварэнні і словазмяненні. Ёсць памылкі пры ўзгадненні назоўнікаў з прыметнікамі і лічэбнікамі, пры ўжыванні прыназоўнікаў, асабліва складаных, якія звычайна замяняюцца простымі. Узнікаюць цяжкасці і пры складанні апавяданняў. Дзеці выкарыстоўваюць, як правіла, самыя простыя фразы і не праяўляюць сваю фантазію.
Праводзячы работу па пераадоленні парушэнняў маўлення, недастаткова развіваць толькі маўленне. Неабходна на кожных карэкцыйных занятках развіваць яшчэ і лагічнае мысленне выхаванцаў, навыкі аналізу і сінтэзу, уменне параўноўваць і абагульняць, вучыць кантраляваць сваё і чужое маўленне, а таксама развіваць у дзяцей агульную і пальчыкавую маторыку, зрокавую і слыхавую памяць і ўвагу”.
ЭСН “Гульні і практыкаванні для аўтаматызацыі гукаў” дазваляе ўзбагачаць заняткі такімі прадукцыйнымі відамі дзейнасці, як канструяванне, прагназаванне. Дзеці вучацца параўноўваць свае поспехі з поспехамі сяброў, класіфікаваць матэрыял, які ім прапаноўваецца. Заданні развіваюць увагу дзяцей, іх маторыка-зрокавую каардынацыю, пазнавальную актыўнасць, фарміруюць навыкі аналізу і сінтэзу пры вывучэнні гукаў і складоў. Акрамя таго, узбагачаюць мову дзяцей граматычнымі сродкамі (марфалагічнымі, сінтаксічнымі, словаўтваральнымі), якія яны выкарыстоўваюць падчас актыўных зносін з тымі, хто побач. А зносіны могуць мець самы розны характар — эмацыянальны, пазнавальны, “дзелавы”, асабісты — і мець, напрыклад, форму маналогу, дыялогу. Работа па выпраўленні гукавымаўлення, нягледзячы на пэўную спецыфічнасць, будуецца на аснове агульных прынцыпаў педагогікі: паступовасці пераходу ад лёгкага да цяжкага матэрыялу, свядомасці яго засваення і з абавязковым улікам узроставых асаблівасцей дзіцяці.
Гэты электронны дапаможнік складаецца з трох раздзелаў, якія маюць свае падраздзелы, накіраваныя на аўтаматызацыю (шматступенны працэс увядзення ў мову дзяцей новых гукаў) вымаўлення свісцячых, шыпячых, санорных гукаў і фарміраванне граматычна правільнага маўлення ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту са слаба выражаным агульным недаразвіццём мовы. Першы раздзел прысвечаны аўтаматызацыі гукаў [с], [з], [ц], другі раздзел — гукаў [ш], [ж], [ч] і трэці — гукаў [л], [р]. Падраз-дзелы прадстаўлены ў выглядзе серыі інтэрактыўных гульнявых і навучальных практыкаванняў — усяго 167 гульняў і практыкаванняў. Сярод іх заданні тыпу “Знайдзі маму”, “Даміно”, “Пачні слова”, “Кубікі”, “Збяры каралі”, “Падзялі словы на склады”, “Мішэні”, “Адгадай загадкі, размалюй адгадкі”, “Навядзі парадак”, “Знайдзі і назаві”, “Дапамажы даскакаць”, “Дапамажы праехаць”, “Закончы слова”, “Вялікі-маленькі” і іншыя. Да ўсіх практыкаванняў і гульняў прапанаваны метадычныя рэкамендацыі, інструкцыі да іх выканання.
“Каб карэкцыйныя заняткі не стамлялі дзяцей і не былі сумнымі, трэба выбудоўваць іх толькі на станоўчых эмоцыях і зацікаўленасці — вучыць без прымусу, — адзначае Галіна Васільеўна. — Неабходна ўмела сумяшчаць традыцыйнае навучанне (без камп’ютара) з заданнямі на камп’ютары, якія рэкамендуюцца як частка карэкцыйных заняткаў і падпарадкоўваюцца асноўнай тэме. Навучанне з дапамогай камп’ютара павінна весціся ў спакойным тэмпе і не быць працяглым. Падчас яго варта падтрымліваць ініцыятывы дзяцей, заахвочваць іх да актыўнага маўленчага ўдзелу ў занятках”.

Дыдактычная гульня “Збяры каралі”

ЗАДАННЕ: нанізаць пацеркі з малюнкамі, назвы якіх пачынаюцца з гука [р].
ЗАДАННЕ З УСКЛАДНЕННЕМ: дзіця нанізвае пацеркі, падбіраючы да кожнага малюнка неабходныя прыметнікі або дзеясловы. Пасля таго як каралі сабраны, дзіця заплюшчвае вочы, гаворыць, што намалявана на малюнках і ўспамінае падабраныя да іх словазлучэнні.
ІНСТРУКЦЫЯ ДА ВЫКАНАННЯ ЗАДАННЯ: для таго каб выканаць інтэрактыўнае заданне, неабходна націснуць на кнопку “Выбар інструмента” і перацягнуць пацеркі з малюнкамі, назвы якіх пачынаюцца з гука [р] так, каб атрымаліся суцэльныя каралі. Пры ўзнікненні цяжкасцей у нанізванні патрэбных пацерак дапаможа кнопка “Падказка” . Калі дзіця дапускае памылку і спрабуе перацягнуць не тую пацерку, то яна не рухаецца.

Практыкаванне “Падзялі словы на склады”

ЗАДАННЕ: назаві малюнкі. Пляскаючы ў далоні, падзялі кожную назву на склады. Перацягні малюнкі ў адпаведныя слупкі.
ІНСТРУКЦЫЯ ДА ВЫКАНАННЯ ЗАДАННЯ:
Для таго каб выканаць інтэрактыўнае заданне, неабходна націснуць кнопку “Выбар інструмента” і шляхам перацягвання размеркаваць малюнкі ў тры слупкі, улічваючы колькасць складоў у назве кожнага малюнка. Для праверкі правільнасці выканання задання націскаем кнопку “Праверка”. Калі ўзнікнуць цяжкасці пры размеркаванні малюнкаў па групах (слупках), дапаможа кнопка “Рашыць”. Для паўторнага выканання практыкавання націскаем кнопку “Скідванне”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.