Пасадзі сваё дрэва!

- 12:28Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы, студэнты і педагогі ўстаноў адукацыі вобласці актыўна далучыліся да месячніка па восеньскай пасадцы дрэў і кустоў у населеных пунктах і навядзенні парадку на зямлі.

Дзень азелянення ў Віцебску, раён сярэдняй школы № 47.
Удзельнікі — работнікі абласнога камі­тэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 47 і гімназіі № 7. Пасаджана 120 дрэў (бярозы і каштаны).

Ініцыятыва ажыццяўляецца ў рамках глабальнай экалагічнай кампаніі “Добраўпарадкуем малую радзіму”, арганізаванай Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у Год малой радзімы з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да навядзення парадку на зямлі і фарміравання беражлівых адносін да прыроды. Па словах начальніка аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людмілы Капранавай, у Паўночным рэгіёне ў 2020 годзе вынікова працягваецца работа па азеляненні населеных пунктаў, уключаючы сельскія. Так, за 9 месяцаў бягучага года высаджана больш за 31 тысячу дрэў і каля 30 тысяч кустоў у населеных пунктах, а ўздоўж аўтамабільных дарог — каля 7,6 тысячы дрэў і амаль 3 тысячы кустоў. Экалагічная кампанія ўключае правядзенне суботнікаў, экалагічных акцый і іншых мерапрыемстваў, магчымасць унесці ўклад у добраўпарадкаванне і азеляненне свайго населенага пункта ёсць у любога жыхара ці арганізацыі вобласці. Далучыцца да кампаніі ў ходзе месячніка па восеньскай пасадцы дрэў і кустоў у населеных пунктах і навядзенні парадку на зямлі арганізатары заклікалі з 2 кастрычніка па 2 лістапада. Характэрна, што ў большасці выпадкаў рухальнай сілай кампаніі па азеляненні і добраўпарадкаванні становіцца навучэнская і студэнцкая моладзь, педагогі. Маштабная акцыя “Дзень азелянення” пад лозунгам “Паса­дзі дрэва!” прайшла 10 кастрычніка. Толькі ў гэты дзень зялёнае ўбранства Віцебшчыны ўзбагацілі 2,5 тысячы новых насаджэнняў. Напрыклад, у Відзах Браслаўскага раёна быў закладзены сквер з пасадкай 65 дрэў і 12 кустоў; у Сянно на вуліцы Карла Маркса высаджана 500 дрэў хваёвых парод і закладзены рабінавы гай, на вуліцы Чырвонаармейскай высаджана 350 дрэў лісцевых парод. У Полацку арганізавана высадка 40 туй і 100 дэкаратыўных кустоў на вуліцы Багдановіча і праспекце Ф.Скарыны. У Дуброўне пасадзілі дрэвы на алеі сямейных дрэў. На тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння “Доўгае” работнікі Глыбоцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Голубаў сад” разам з навучэнцамі Празароцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя І.Т.Буйніцкага пабывалі на экскурсіі ва ўрочышчы “Голубаў сад” і пасадзілі дрэвы. Суботнік “Гімназія — тэрыторыя чысціні” і акцыю “Пасадзі дрэва” правялі ў гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава. Работнікі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з педагогамі і навучэнцамі сярэдняй школы № 47 і гімназіі № 7 Віцебска пасадзілі 120 бяроз і каштанаў у мікрараёне Білева-2 непадалёк ад сярэдняй школы № 47. Акрамя таго, у той жа дзень навучэнцы сярэдняй школы № 2 Талачына і работнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў здзейснілі экапаход па ўборцы смецця ў парку імя Леніна, аналагічная акцыя “Чыстая сажалка” прайшла ў Машканах Сенненскага раёна, а ў Карабоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна правялі акцыі “Ачысцім планету ад смецця” і “Аперацыя ПЭТ” (па зборы пластыкавых бутэлек). Шэраг мерапрыемстваў запланаваны да 2 лістапада. У прыватнасці, алея сямейных дрэў з’явіцца ў Барані Аршанскага раёна, алеі вішань — у Глыбокім, акцыю “Зялёная спадчына” правядуць у Мосары Глыбоцкага раёна. У рамках месячніка ў населеных пунктах вобласці будзе пасаджана больш за 5 тысяч дрэў і каля 6,5 тысячы кустоў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.