Пашыраючы дзявочы сусвет

Сёння свет перажывае сапраўдны бум асобнага навучання. Не толькі ў Заходняй Еўропе і ЗША ёсць тысячы школ, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца асобна. Іх сотні нават у суседняй Расіі. Спробы ўвесці такі від навучання, праўда, толькі ў дадатковай адукацыі, ёсць і ў Беларусі. Пра яго сутнасць гутарым з Ірынай ЛАПАНОВІЧ, выкладчыкам БНТУ і заснавальніцай і педагогам школы для дзяўчынак. Акрамя таго, яна кваліфікаваны стыліст-іміджмейкер, спецыяліст па сучасным свецкім і дзелавым этыкеце і камунікацыях.

— Ірына, у БНТУ вы выкладаеце камп’ютарную графіку студэнтам без раздзялення па поле, аднак па-за межамі ўніверсітэта працуеце выключна з дзяўчынкамі. Навошта гэтае раздзяленне?

— Студэнты — гэта амаль дарослыя, сфарміраваныя людзі, таму сумеснае навучанне для іх — найлепшы варыянт. Ды і ў школе таксама не варта раздзяляць хлопчыкаў і дзяўчынак. Вяртаць школы з асобным навучаннем, ды яшчэ і такім, якое было 100 гадоў назад, нам не трэба.

А вось па-за межамі школы раздзяліць дзяцей часам варта. Прычына ў тым, што хлопчыкі і дзяўчынкі навучаюцца ў рознай манеры. Па-першае, рознай з пункту гледжання рэалізацыі ў жыцці. Як бы мы ні адмаўлялі гэта, у мужчын задача — дасягнуць нечага новага, зрабіць адкрыцці, рассунуць межы свету (адсюль і “хлапечыя” кірункі заняткаў), задача ж жанчыны — захаваць і палепшыць тое, што ўжо ёсць, раскрыць і ўдасканаліць свае якасці. Па-другое, хлопчыку ў навучанні неабходна дысцыпліна, вельмі дакладная структура, яму патрэбны рух, мэта. Дзяўчынку ж вельмі жорсткая дысцыпліна можа паламаць, у яе знікне жаданне ў імклівым тэмпе рухацца наперад. Дзяўчынцы больш важны камфорт — як унутраны, так і знешні. У такіх умовах — у атмасферы бяспекі — яна лепш раскрываецца. Хлопчык у згаданых умовах становіцца вялым, у яго могуць знікнуць лідарскія якасці: навошта да нечага імкнуцца, нечага дасягаць, калі і так добра?

Нават пахвала для хлопчыкаў і дзяўчынак — розныя рэчы. Хлопчыкаў мы хвалім за вынік: паглядзіце, які верталёт зрабіў з канструктара Вася! Калі мы дзяўчынку будзем хваліць за вынік, то яна пра гэта толькі і будзе думаць, забыўшыся пра саму сябе, уласныя адчуванні. У выніку атрымаецца сітуацыя, якая ўзнікла пасля распаду Савецкага Саюза, калі жанчыны вымушаны былі стаць здабытчыцамі, былі гатовы ўсё ўзваліць сабе на плечы і цягнуць мужа, дзяцей і адразу тры работы.

Цяпер ідзе перакос у іншы бок. Навучанне дзяўчынак — гэта або чыстай вады ўнісекс-адукацыя, калі выхоўваюць гэтакае “яно”, або зноў, як 100 гадоў назад, перакос у бок нясталай, інфантыльнай, слабай жанчыны. Культ толькі знешняй прыгажосці, па сутнасці, ўшывае ў свядомасць дзяўчынкі прынцып неабходнасці быць карыснай і зручнай для мужчыны. А гэта прамы шлях да залежных адносін.

Аднак свет перастаў быць чыста мужчынскім. Зараз жанчыны — раўнапраўныя творцы жыцця, здольныя ўплываць на свет нароўні з мужчынамі. У іх з’явіліся магчымасці і інструменты для паспяховай самарэалізацыі, праяўлення сваёй індывідуальнасці і ўнікальнасці праз уласную дзейнасць. Вось што на сёння, з майго пункту гледжання, як паветра неабходна нашым дочкам — быць самадастатковымі, упэўненымі ў сабе і мець магчымасць рэалізавацца ў любой сферы дзейнасці, якую яны для сябе выберуць.

Імкнучыся выхаваць сваю дачку Веру менавіта так, я знайшла шмат аднадумцаў. Так і ўзнікла наша школа. Яна не раскрывае таленты мастачак, пластычна ці вакальна адораных дзяўчынак. Мая школа — для ўсіх дзяўчынак, каб яны змаглі атрымаць базавыя веды, якія спатрэбяцца ім у дарослым жыцці.

— А чаму вы вучыце дзяўчынак у школе?

— У нас два ўмоўныя кірункі: чыста дзявочыя дысцыпліны, якія развіваюць густ і эстэтыку, і тыя, што звязаны з соцыумам, каб дзяўчынка адчувала сябе камфорта, утульна, не баялася быць на людзях. У расклад заняткаў уваходзяць тайм-менеджмент, камунікацыя, фінансавая дасведчанасць, уменне ставіць мэты і інш.
Я выкладаю некалькі дысцыплін. Сярод іх — стылістыка. Калі гляджу на жанчын, то заўважаю, што 9 з 10 неабходны парады стыліста. Сітуацыя, калі шафа поўная, але няма чаго апрануць, якраз і пацвярджае гэта, бо сведчыць, што жанчына не разумее простых базавых момантаў у складанні гардэроба, яна траціць шмат грошай на абы-што. Між тым ролю адзення складана пераацаніць, але часцей яе недаацэньваюць. Нездарма кажуць, што сустракаюць па адзенні.

Мы знаёмім дзяўчынак з асноўнымі стылямі, каларыстыкай, са складам і фактурай тканін, вучым, як падабраць адзенне, адпаведнае розным сітуацыям, як правільна яго міксаваць. Гэта цікавая навука і не такая складаная, як можа здавацца дарослым, дзяўчынкі яе вельмі любяць і з задавальненнем практыкуюцца. Дарэчы, цяпер я выдаю вучэбны дапаможнік па стылістыцы для дзяўчынак, які дапаможа і ім, і іх мамам, якія хочуць даць гэтыя веды дзецям, але самі не могуць.

Вучу дзяўчынак і этыкету, каб яны ўмелі прыгожа сядзець, стаяць, не думалі, як трымаць рукі, калі стаіш, каб умелі вітацца з аднагодкамі і дарослымі. Самы любімы ў маіх выхаванак сталовы этыкет, дзе яны на практыцы вучацца сервіраваць стол, дэкарыраваць яго, карыстацца сталовымі прыборамі. Дарэчы, вельмі часта бацькі панікуюць, калі ім трэба з дзецьмі пайсці ў госці, і ў тэрміновым парадку вучаць іх, як трымаць нож, відэлец, як сябе паводзіць за сталом. Але гэта вельмі простыя правілы, і дзіця іх хутка запамінае. Я толькі прашу бацькоў даваць падтрымку з сям’і — хоць раз у тыдзень, скажам, у выхадны, арганізоўваць сямейны абед з абрусам, палатнянымі сурвэткамі, поўнай сервіроўкай, каб дзіця трэніравалася.

Але ўменне дастойна выглядаць — толькі маленькая частка нашага навучання. Так, разам са спецыялістам банка мы вучым дзяўчынак фінансавай дасведчанасці, вучым рацыянальна размяркоўваць свой час — адзіны рэсурс, які нельга папоўніць. Шмат увагі ўдзяляем уменню будаваць зносіны з людзьмі. Камунікацыю я ўмоўна падзяліла на вербальную, дзе вучу дзяцей кантактаваць, і невербальную. Мова нашага цела — жэсты, міміка, пастава — гэта вельмі старажытная прыродная мова. Яна ў нашых генах, дадзена нам пры нараджэнні. Дзеці ёй валодаюць лепш: першакласнікі выкарыстоўваюць каля 400 розных жэстаў, старшакласнікі — усяго 100. У школе нас вучаць выказваць свае думкі, эмоцыі, пачуцці словамі, таму прыродная мова губляецца. Але ўсе лідары валодаюць гэтай мовай у дасканаласці. За кошт гэтага яны пераканаўчыя, уплывовыя, статусныя.

З гэтага года правільнай выпрацоўкай голасу і маўлення нашых навучэнак будзе займацца супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі, які рыхтуе дыктараў для тэлебачання.

Важнымі з’яўляюцца асновы фінансавай дасведчанасці. Наша задача — не тэарэтычна адукаваць дзяцей (з гэтым сёння добра спраўляюцца школы), а практычна (самастойна складаць бюджэт і кіраваць грашыма). Так, на святкаванне дня нараджэння бацькі выдзяляюць дзяўчынцы грошы. Але яна сама падлічвае затраты на кафэ, святочныя каўпачкі. Прадумвае 3—4 варыянты святкавання. Гэта вучыць не проста быць спажыўцом, а на справе разумець, як грошы працуюць. Часта для дзяўчынак накапленне і фінансавая падушка бяспекі — абстрактныя паняцці, і ім складаней сябе абмяжоўваць і рабіць накапленні. Сваю ролю адыгрывае і маштабная паўсюдная рэклама. Здорава, калі ў дзяцінстве атрымаецца навучыць супрацьстаяць ёй. Насамрэч, правільна распараджацца грашыма — не абмежаванне, наадварот, гэта дазволіць нам ствараць камфорт, утульнасць, пашыраць свой кругагляд падарожжамі, мець сям’ю і дом.

Фінансавая дасведчанасць цесна звязана з уменнем ставіць мэты. Вельмі добра навучыць дзяцей рабіць гэта з дзяцінства. Чалавек без мэты як лодка без вёслаў. І яна павінна быць свая, а не маміна, не сяброўкі. Няхай мэтай дзяўчынкі спачатку будзе пакупка сукенкі, а заўтра — пабываць у Англіі. Ёсць мэта — ёсць і крокі да яе, значыць, трэба вучыцца эканоміць, а потым — паглыбляць веданне англійскай мовы. Гэта большая матывацыя, чым проста палепшыць адзнакі.

— Незвычайны ўхіл… Як правіла, навучанне дзяўчынак абмяжоўваецца мадэльнымі школамі. Ці ёсць у вас з імі падабенства?

— Тут патлумачу. Я катэгарычна супраць мадэльных школ хаця б да 12—13 гадоў. У гэтым узросце дзяўчынка пачынае фарміравацца і можа зрабіць свядомы выбар (ісці ў мадэльную школу ці не), а не рабіць гэта па ініцыятыве бацькоў.

Мадэльныя школы маюць сваю спецыфіку. Мадэль працуе на гледача. І ты там — не асоба, а прадмет, пластылін. Ты выйдзеш на сцэну ў тым, што выбера дызайнер, з той прычоскай, якую зробіць парыкмахер, і з тым мэйкам, які выбера візажыст. І ісці ты будзеш адпаведна — такой паходкай, якой цябе навучаць. Асоба дзіцяці тут не прысутнічае, не раскрываецца і не развіваецца. Мадэльныя школы ў пэўнай меры нават траўміруюць дзяўчат. Але ёсць мамы, якія за кошт сваёй дачкі хочуць рэалізавацца — бачыць яе на сцэне, хваліцца гэтым перад знаёмымі.

Галоўны прынцып нашай школы — працаваць на сябе і для сябе. Так, нашы дзяўчынкі, хоць і паступаюць прапановы праілюстраваць матэрыялы пра школу, прынцыпова не здымаюцца для СМІ. У нас выкладаецца дэфіле, але яно не мае нічога агульнага з мадэльным: яно не для сцэны, а для жыцця. Напрыклад, мы працуем прынцыпова без люстэркаў — дзяўчынкі не бачаць сябе. Педагог (дарэчы, дыпламантка конкурсаў прыгажосці, чэмпіёнка Беларусі і свету па ўсходніх танцах) вучыць іх трымаць паставу, ставіць ногі, не махаць рукамі. Так у дзіцяці спрацоўвае мышачная памяць — цела запамінае, як яму рухацца ў прасторы.

У мадэльных жа школах у маленькіх дзяўчынак выпрацоўваюць подыумную паходку. А яна спецыфічная і, на мой погляд, шкодная. Пра фізічную шкоду крычаць артапеды, якія скардзяцца на няправільнае фарміраванне ступняў. Аднак псіхалагічную шкоду чамусьці не бачаць. Бяда ў тым, што амаль заўсёды тут моцна адчуваецца сексуальны момант. Гэта і адзенне з быццам бы знянацку бачнай з-пад сарочак бялізнай, і паходка з віляннем сцёгнамі, погляд, неўласцівы дзецям, і інш.

— Добра, з дзяўчынкамі зразумела. А што рабіць нам, мамам хлопчыкаў? Няўжо гэтыя веды такія спецыфічныя, што падыходзяць выключна для дзяўчынак? Хіба хлопчыкам не трэба ведаць, як вітацца ці як хадзіць, як траціць грошы?

— Гэтае пытанне жыве ўва мне даўно, мне яго рэгулярна задаюць. Нам вельмі шмат тэлефануюць мамы хлопчыкаў (нават больш, чым дзяўчынак), якія гавораць: “Даць такія веды мы хочам і сынам”. І кожны раз, паклаўшы трубку, я адчуваю, што няправільна засяроджвацца толькі на дзяўчынках. З наступнага года я ўлічу просьбы мам, і мы пачнём навучанне для хлопчыкаў. Праўда, гэта будзе не школа, а курсы, многія дысцыпліны мы апусцім. Напрыклад, стылістыка хлопчыкам не трэба — у дзяцінстве іх часцей апранаюць мамы, потым парады даюць жонкі, і я пераканана, што для хлопчыкаў гэта не павінна быць надта важным. Магчыма, будзем адпрацоўваць паходку і паставу, каб мамы перасталі прасіць іх не горбіцца.

Сутнасць не ў тым, каб даць розныя дысцыпліны, а ў тым, каб даць іх па-рознаму. Так, мы арганізуем навучанне этыкету. Але абавязкова асобна ад дзяўчынак, бо, па-першае, этыкет будзе мець сваю спецыфіку, і, па-другое, маё перакананне — вучыць хлопчыкаў павінны мужчыны. Толькі яны па-сапраўднаму разумеюць мужчынскую псіхалогію. У хлопчыкаў і так вельмі шмат жаночага ўплыву: у школе амаль адны настаўніцы, дома найчасцей мама. Ім вельмі не хапае мужчынскай падачы матэрыялу. Я ўжо падбіраю харызматычных педагогаў-мужчын, спецыялістаў у сваёй справе. Задача, прызнаюся, вельмі нялёгкая, бо рэдка мужчына сумяшчае ў сабе талент прафесіянала ў галіне этыкету, іскру ў вачах і жаданне дзяліцца сваімі ведамі, уменне кантактаваць з дзецьмі, утрымліваць іх увагу (зносіны з дзецьмі кардынальна адрозніваюцца ад зносін з дарослымі, і нават са студэнтамі) і, бадай, галоўнае — самому быць для хлопчыка прыкладам мужнасці, а не феміннасці, неўласцівай мужчынам манернасці.

Усё, чаму чалавек навучыцца ў дзяцінстве, — аснова яго сусвету. Усё, чаму навучыцца ў дарослым жыцці, — усяго толькі інструмент. Спадзяюся, што сусвет нашых дзяцей сфарміруецца правільна.

Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.