Пасланне выпускнікам

- 11:25Адукацыйная прастора

Адзінаццаць гадоў захоўвалася пад вежавым гадзіннікам на цэнтральнай плошчы Шчучына пасланне, якое пакінулі выпускнікам 2020 года тагачасныя выпускнікі. І вось незвычайная падзея адбылася. Выпускнікі-2020 пачулі словы, якія адрасавалі да іх у 2009 годзе.

Дырэктар гімназіі Шчучына Ула­дзімір Дубок з выпускнікамі Паўлам Чэкуцем і Дзіянай Кажанеўскай.

“Напярэдадні развітання са школай памятайце аб саюзе школьных сяброў, аб тым, што самыя святыя паняцці — мама, бацькоўскі дом, Радзіма, самая верная дарога — дарога сумленнай працы, самае значнае справа — тая, якую ты сам выбраў і якой аддадзены” — адзінаццаць гадоў назад гэтыя словы зачытала выпускніца 2009 года Ілона Гайдукевіч. А будучыя першакласнікі Павел Чэкуць і Дзіяна Кажанеўская ўдзельнічалі ў закладцы капсулы памяці і атрымалі сімвалічныя ключы ад вежавага гадзінніка.

І вось у чэрвеньскі дзень 2020 года Павел і Дзіяна гэтымі ключамі адамкнулі вежу і прачыталі пасланне. А ўсе выпускнікі школ і гімназій горада са сваімі класнымі кіраўнікамі пакінулі пад ім подпісы як знак згоды з такімі выжнымі і натхняльнымі словамі.

— Копіі з подпісамі адправяцца ва ўсе школы Шчучына, а капсула і арыгінал паслання будуць захоўвацца ў музеі гімназіі Шчучына, — гаворыць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Вольга Чыжык,  якая ў 2009 годзе была ініцыятарам стварэння паслання выпускнікам 2020 года.

У гэтым годзе школы Шчучынскага раёна скончылі 238 адзінаццацікласнікаў, 33 з іх — з медалямі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама.