Пасол у саюзнай дзяржаве павінен валодаць надзвычайнымі паўнамоцтвамі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, назначаючы Уладзіміра Сямашку на пасаду кіраўніка беларускай дыпмісіі ў Расійскай Федэрацыі.

“Яшчэ раз трэба паглядзець паўнамоцтвы пасла ў Расійскай Федэрацыі. Я разумею, што рэгалій у яго тут хапае. Не трэба тлумачыць, што такое для нас Расія: гандлёва-эканамічныя адносіны і культурныя, гуманітарныя, наогул агульначалавечыя. Я яму (Уладзіміру Сямашку. — Заўв.БелТА.) ужо гаварыў, калі мы абмяркоўвалі раней гэтыя праблемы. Ён павінен валодаць надзвычайнымі паўнамоцтвамі, у яго павінен быць прамы доступ да прэзідэнта ў любы час па тых пытаннях, якія тычацца нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй. Ён не павінен патануць у нашай бюракратыі. Як гэта зрабіць, што трэба… Ён пачне працаваць і ўнясе канкрэтныя прапановы, што трэба для таго, каб у поўным аб’ёме ажыццяўляць паўнамоцтвы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Калі будуць якія-небудзь праблемы, прапановы, пытанні — званок, прыехаў сюды, сустрэліся, абмеркавалі. Я не думаю, што павінны быць нейкія бар’еры на шляху”, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Уладзіміра Сямашкі.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што абмяркоўваў назначэнне Уладзіміра Сямашкі і з расійскім лідарам. “Я і Пуціна папярэдзіў. Мы з ім абмяркоўвалі, прытым прадметна, кандыдатуру Сямашкі. Ён так з усмешкай гаворыць: “Ну, я чакаю Уладзіміра Ільіча ў Маскве. Я — з задавальненнем, няхай прыязджае ў Маскву Уладзімір Ільіч, мы ведаем яго добра”. Гэта значыць, вельмі пазітыўнае было стаўленне”, — перадаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам Расіі.

Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў задачы, якія стаяць перад паслом у Расіі, і самая галоўная — гэта пераадоленне вялікага адмоўнага сальда ва ўзаемным гандлі. “Калі мы яго не вырашым, пра якія беларуска-расійскія адносіны можа ісці размова? Мы не можам далей увесь час хадзіць і гаварыць: добра, пачакаем.

$7 млрд (ці колькі там) дэфіцыт у нас гандлёвы”, — канстатаваў ён.

Уладзімір Сямашка ў сувязі з гэтым выказаў меркаванне, што такое пытанне трэба вырашаць з двух бакоў. З аднаго боку, неабходна мінімізаваць кошт энергарэсурсаў у рамках рэалізацыі дамоўленасцей у інтэграцыйных фарматах, а з другога — нарошчваць экспарт розных тавараў на расійскі рынак.