Паспаборнічалі ў спартыўным праграмаванні

- 12:30Рознае, Якасць адукацыі

Нядаўна ў Оршы прайшоў фінал Віцебскай абласной алімпіяды па праграмаванні сярод навучэнцаў 5—6 класаў “Інфармаша-2016”. Мэта спаборніцтва — выяўленне адораных навучэнцаў у галіне праграмавання, арганізацыя далейшай работы з імі па выяўленні і развіцці здольнасцей, ведаў і ўменняў, прафарыентацыя да прафесій, звязаных з выкарыстаннем сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Алімпіяда сёлета праводзілася 15-ы раз. За час правядзення гэтага мерапрыемства многія ўдзельнікі сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, звязалі сваю дзейнасць з праграмаваннем і ІТ-тэхналогіямі. Так, удзельнікі Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы 2016 года навучэнцы гімназіі № 8 Віцебска, якія ў жніўні будуць прадстаўляць нашу краіну ў Казані, Ілья Мядзяннікаў і Артур Петухоўскі пачыналі свае перамогі ў “Інфармашы”. У маі 2001 года была праведзена першая алімпіяда, адным з ідэйных натхняльнікаў якой быў на той час першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, а зараз старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Іванавіч Сягоднік.
У Оршы сабраліся 34 лепшыя юныя праграмісты з Віцебскай вобласці, якія па выніках адборачнага дыстанцыйнага этапу алімпіяды выйшлі ў фінал. У дыстанцыйным этапе прынялі ўдзел 89 навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебшчыны. Паспрабаваць свае сілы прыехалі навучэнцы з Віцебска, Наваполацка і Полацка. Былі сярод удзельнікаў і чатыры школьнікі з Оршы: навучэнцы гімназіі № 1 Мікіта Каралёў і Данііл Шаўня, навучэнец сярэдняй школы № 14 Павел Роткін і навучэнец сярэдняй школы № 6 Артур Абраменка.

На адкрыцці алімпіяды ўдзельнікам прадэманстравалі відэаролік са зваротам студэнта 2 курса БДУІР Паўла Сапежкі, выпускніка гімназіі № 1 Оршы, які за час вучобы неаднойчы станавіўся пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, розных алімпіяд і конкурсаў па праграмаванні і які таксама пачынаў з перамог у “Інфармашы”. Звяртаючыся да юных праграмістаў, ён сказаў: “Гэта быў доўгі складаны шлях, канечне ж, было вельмі многа няўдач. Але я працягваў займацца і зараз ніколькі не шкадую, таму што спартыўнае праграмаванне мне вельмі дапамагло: я паступіў ва ўніверсітэт, не здаючы ўступных іспытаў, ужо на першым курсе ўладкаваўся на добрую работу. Таму ўсім раю гэтым займацца і не адчайвацца, калі штосьці не атрымліваецца”.

Алімпіяда была арганізавана на базе дзіцячай ІТ-акадэміі “Компас”, якая нядаўна адчыніла свае дзверы, і гімназіі № 2 Оршы. На працягу дзвюх гадзін юныя праграмісты рашалі складаныя задачы.

Вынікі алімпіяды падводзіліся кампетэнтным журы, старшынёй якога быў заснавальнік і ідэйны натхняльнік алімпіяды начальнік аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Барысавіч Кандратовіч.
Пакуль члены журы правяралі работы і вызначалі пераможцаў, удзельнікі спаборніцтваў цікава правялі час у летнім парку атракцыёнаў “Казачная краіна”.

Прайграўшых не было. Усе вучні атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, каштоўныя прызы і памятныя падарункі. 19 школьнікаў удастоены дыпломаў І ступені. Сярод іх — навучэнцы 5 класа гімназіі № 8 Віцебска Андрэй Кардычка, Вера Грэцкая, Дар’я Гнядзько, а таксама шасцікласнікі Данііл Баркоўскі, навучэнец гімназіі № 2 Наваполацка, Аляксандр Яцук, навучэнец сярэдняй школы № 31 Віцебска, Марыя Проніна, навучэнка гімназіі № 8 Віцебска.

На закрыцці алімпіяды А.Б.Кандратовіч выказаў вялікую ўдзячнасць адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій і кампаніям-рэзідэнтам, якія сталі спонсарамі мерапрыемства і дзякуючы якім навучэнцы не толькі змаглі паўдзельнічаць у алімпіядзе, але і атрымаць разам з прызамі і падарункамі яшчэ і яскравыя ўражанні ад знаходжання ў Оршы.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.