Сёння настаўнікі вымушаны працаваць ва ўмовах многазадачнасці, што не заўсёды дазваляе заставацца спакойным і добразычлівым. Быць прафесіяналам — гэта не толькі ведаць свой прадмет і методыку яго выкладання. Настаўнікам пажадана валодаць высокай стрэсаўстойлівасцю.Што рабіць, калі яе няма, і як перамагчы стрэс? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дапамагла знайсці псіхолаг, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Юлія Леанідаўна ПАТАШОВА.
— Юлія Леанідаўна, за навучальны год стаміліся не толькі навучэнцы, але і настаўнікі. Стрэс, напружанасць адчувае амаль кожны педагог. Як звесці да мінімуму верагоднасць псіхалагічнага і эмацыянальнага выгарання?
— Кожнаму з настаўнікаў неабходна спрабаваць і ўмець ствараць для саміх сябе камфортныя эмацыянальныя ўмовы. Важна, каб раніцай хацелася ісці на работу, а вечарам — вяртацца дадому. Ролю эмацыянальнага камфорту нельга недаацэньваць. Калі работа прыносіць задавальненне — гэта цудоўна. Таму і ў школе, і дома трэба знаходзіць моманты, якія будуць радаваць. Таксама трэба ўмець вытрымліваць межы паміж работай і домам: дамашняя і рабочая прастора — гэта розныя плоскасці.
Гаворачы пра гэта, нельга забываць, што раздзяляць дом і работу насамрэч цяжка, асабліва настаўнікам. Не сакрэт, што яны бяруць дадому нейкую частку сваіх абавязкаў, напрыклад, правяраюць сшыткі, што ідзе ва ўрон асабістаму часу.
У псіхалогіі існуе правіла 10 мінут. Гэта значыць, што кожнаму члену сям’і на працягу згаданага часу павінна ўдзяляцца ўвага. Прычым яму і толькі яму. Толькі дзякуючы гэтаму чалавек будзе адчуваць сябе патрэбным. Напрыклад, мама — настаўніца. Будзе добра, калі яна зможа ўдзяліць па 10 мінут дзецям, мужу. Тады ў гэтай мамы не будзе адчування, што яна не ўдзяляе ўвагі сваім блізкім. Такія зносіны павінны адбывацца без тэлевізара, без тэлефона. Важна, каб дыялог быў жывым, а не суправаджаўся праглядам перадач і “завісаннем” у тэлефоне. Гэтых 10 мінут будзе дастаткова, каб кожны член сям’і адчуваў сябе неабдзеленым увагай, важным і патрэбным для самага галоўнага ў сваім жыцці чалавека.
— Ці здольны недасягальныя і завышаныя патрабаванні ў адносінах да навучэнцаў панізіць самаацэнку педагога, прымусіць яго сумнявацца ў сваёй кампетэнтнасці?
— Безумоўна. Няма нічога больш горшага, чым неапраўданыя чаканні. Многія людзі жывуць у ілюзіях і хочуць бачыць іншых лепшымі, чым яны ёсць на самай справе. З аднаго боку, яны даюць надзею іншаму чалавеку расці і развівацца — без гэтага педагог не зможа працаваць. Таксама важна разумець, якімі крокамі можна дасягнуць такога развіцця. Некаторыя педагогі адразу хочуць паказаць высокі, заўважны для ўсіх вынік сваіх вучняў. Але варта глядзець на вучняў і назіраць за імі ў працэсе, сачыць за прамежкавым вынікам і прымаць яго. Кожны чалавек — не ўсёмагутны, а тым больш вучні. Дзеці для таго і ходзяць у школу, каб вучыцца. Таму трэба даць ім такую магчымасць.
Што тычыцца педагогаў, то ў іх адбываюцца дэфармацыі, скажэнні ў прафесійным плане. Таму нядзіўна, што ў настаўнікаў з’яўляюцца думкі наконт таго, што яны могуць усё. Тым не менш трэба цвяроза ўсведамляць, што ёсць рэчы, якія ніхто не ў сілах змяніць, іх проста неабходна ўмець прымаць. Звярацца з рэальнасцю — гэта правільна, і гэтага не трэба баяцца. Каб навучыцца так рабіць, не пераацэньвайце здольнасці вучняў.
Прафесія настаўніка лічыцца адной з самых напружаных. Міжнародныя даследаванні паказалі, што, калі настаўнікі адчуваюць моцныя негатыўныя перажыванні, гэта ўплывае не толькі на іх працаздольнасць і здароўе, але і прыводзіць да зніжэння паспяховасці ў класе, зніжэння ўзроўню сацыяльнай адаптацыі вучняў. Менавіта таму педагогам вельмі важна клапаціцца аб сваім эмацыянальным і псіхалагічным стане.
Праводзіць ацэнку самога сябе, глядзець на тое, што было дасягнута, і хваліць за гэта сябе — вось што трэба рабіць.
Ёсць мэты, якія ўвогуле могуць застацца недасягнутымі, і гэта нармальна. Важна навучыцца прымаць іх.
— У кожнага настаўніка пачатковай школы, класнага кіраўніка ёсць бацькі, якія могуць патэлефанаваць ці напісаць тады, калі зручна ім, не думаючы аб педагогу. Наколькі важна настаўнікам для захавання ментальнага і псіхалагічнага здароўя ўмець узводзіць уласныя межы?
— Так, ведаю, што такія выпадкі — не рэдкасць. У дарослых, якія так паступаюць, нізкая культура зносін і не сфарміраваны межы дазволенага з-за адсутнасці псіхалагічнай і камунікатыўнай культуры менавіта ў кантэксце зносін па тэлефоне.
Расстаўляць такія межы — важнае ўменне. Педагогі не павінны баяцца гаварыць бацькам, з якога па які час яны могуць тэлефанаваць, паведамляць нейкую інфармацыю. Гэта абавязкова павінна быць прагаворана. Таксама важна зрабіць акцэнт на тым, калі турбаваць не варта.
Любое ўзаемадзеянне будуецца на правілах асабістых меж. Калі яны парушаюцца, тады ўзнікаюць злосць і агрэсія, — нармальныя і правільныя рэакцыі на парушэнне свайго асабістага часу.
— Наколькі важна педагогам імкнуцца да самаразвіцця як у прафесійным, так і ў асабістым плане?
— Я ўжо гэта гаварыла і нагадаю яшчэ раз добры і разам з гэтым просты сакрэт: у самаўдасканалення не бывае меж. Развівацца важна і неабходна. Для спецыяліста вялікае значэнне мае не толькі выключна свая прафесійная дзейнасць. Бываць на семінарах, канферэнцыях, курсах па павышэнні кваліфікацыі, на нарадах — гэта вялікі крок для самаразвіцця. Там настаўнікі сустракаюцца са сваімі калегамі, размаўляюць, абмяркоўваюць шматлікія тонкасці, якія тычацца прафесіі. Таксама падчас такіх мерапрыемстваў настаўнікі пачынаюць па-іншаму бачыць пытанні, якія іх хвалююць. Яны не замыкаюцца толькі на сваіх штодзённых праблемах, думаючы, што гэта тычыцца выключна іх. Яны бачаць, што ёсць калегі, якія таксама сутыкаюцца з аналагічнымі цяжкасцямі.
Асабліва гэта заўважна на курсах павышэння кваліфікацыі, падчас прафесійных зносін. Трапіць у такое асяроддзе — гэта паглядзець на праблему, якая хвалюе, пад іншым вуглом. А значыць, ёсць вялікая верагоднасць, што і выхад з сітуацыі знойдзецца.
Больш за тое, могуць адбывацца інсайты, калі пасля зносін са спецыялістамі, якія працуюць у адпаведным кірунку, нечакана прыходзіць рашэнне. Безумоўна, вельмі важна кожнаму настаўніку выступаць перад калегамі, трансліруючы свой вопыт і перадаючы яго. Толькі дзякуючы гэтаму, чалавек больш беражліва ставіцца да сваёй працы, ведае, што яна каштоўная.
Калі гаварыць пра вышэйшую школу, то, напрыклад, у нашым універсітэце, дзякуючы рэктару, створана школа лідараў “Машэраўцы”. Да яе могуць далучыцца студэнты з усіх факультэтаў і спецыяльнасцей. У студэнтаў падчас навучання і да таго моманту, пакуль яны не стануць маладымі спецыялістамі, у школе фарміруюцца лідарскія якасці, здольнасці. Тут яны вучацца весці дзяцей за сабой, а таксама набываюць здольнасць паказваць прыклад іншым. Тыя, хто праходзіць школу лідарства “Машэраўцы”, зарэкамендоўваюць сябе высакакласнымі спецыялістамі яшчэ падчас практыкі. Такія студэнты ўмеюць планаваць і арганізоўваць свой час, што вельмі важна і для агульнага развіцця, і для захавання сябе як асобы. Можна сказаць, што менавіта дзякуючы школе лідарства нашы студэнты атрымліваюць добры вектар для асабістага і прафесійнага развіцця.
Дарэчы, для таго каб спецыяліст не выгараў і не стрэсаваў, існуе цікавы сакрэт. Кожнаму з нас будзе на карысць кантактаваць са спецыялістамі іншых кірункаў. Напрыклад, калі збіраецца ў адным кабінеце супольнасць настаўнікаў, яны будуць гаварыць толькі пра школу. Калі да іх далучацца юрысты, псіхолагі, гісторыкі, то яны ўсе разам пачынаюць абмяркоўваць адну і тую ж тэму з розных праекцый. У такім выпадку размова не скатваецца да адной дзейнасці, адной плоскасці. Таму кожнаму рэкамендую мець калі не сяброў, то хаця б добрых знаёмых, якія працуюць у іншых прафесійных галінах. Гэта трэба ў першую чаргу для таго, каб навучыцца адпачываць і пераключацца ад тых сваіх прафесійных праблем і пытанняў, якія вас пастаянна непакояць. Усё, што сказала, можна пацвердзіць даследаваннем. Так, сярод студэнтаў праводзілі сацыялагічна-псіхалагічнае анкетаванне. Ва ўсіх студэнтаў УВА — розны тып мыслення. На адну і тую ж праблемную сітуацыю яны глядзяць па-рознаму. Таму прыслухоўвацца да тых, хто не належыць да вашага прафесійнага кола, вельмі карысна. Слухаючы розныя меркаванні, настаўнік можа знайсці больш выхадаў з сітуацыі, чым бачыў першапачаткова, арыентуючыся толькі на свае меркаванні і адчуванні.
Няважныя і нетэрміновыя і важныя нетэрміновыя можна некаму перадаручыць. Дарэчы, умець дэлегаваць сваю нагрузку — таксама неабходнае ўменне для педагогаў. Дзякуючы такому раздзяленню, можна пазбегнуць многіх непатрэбных перажыванняў, бо вы будзеце разумець, што з-за таго, што не выканана няважная і нетэрміновая задача, перажываць не мае сэнсу.
Ва ўмовах шматзадачнасці, у якіх мы ўсе жывём, трэба ўмець дзяліць свае абавязкі і глядзець, што неабходна рабіць хутка і тэрмінова, а што можна адкласці на потым і ў выніку ўвогуле не рабіць. Якраз няважныя і нетэрміновыя задачы адносяцца да гэтай катэгорыі. Вы праз некаторы час убачыце, калі іх не зробіце, як цудоўна жывецца і як добра сябе адчуваеце без лішняй работы. Яна б у вас забрала рэсурс, сілы, а ў выніку нічога б не змянілася.
— Юлія Леанідаўна, педагогі ў першую чаргу думаюць пра вучняў, бацькоў, а пра сябе часта забываюць. Як навучыцца хваліць сябе? Як пахвала ўплывае на працаздольнасць настаўнікаў?
— Думаючы над гэтым, я прыйшла да высновы, што ў большай ступені менавіта настаўнікі старэйшага пакалення не думаюць пра сябе. Пастаянна кантактуючы з моладдзю, бачу, што яна якраз у першую чаргу думае пра сябе. Іх асабістыя жаданні і патрэбы выходзяць на першы план, і гэта правільна. Будучыя педагогі з гэтай задачай добра спраўляюцца. Так, ёсць маладыя людзі, якія ні да чаго не імкнуцца. Але яны знаходзяць таксама бонусы, тыя фішкі, за якія сябе можна любіць і хваліць.
Што тычыцца настаўнікаў, якія ўжо даўно працуюць у сістэме адукацыі і часта ахвяруюць сабой дзеля работы, то ім трэба працаваць над фарміраваннем пазітыўнага мыслення. У канцы рабочага дня важна знайсці хаця б тры рэчы, якія будуць вас радаваць, у сабе, у дні, які завяршаецца. І пахваліць сябе за гэта.
Мы вельмі часта жывём мінулым ці будучыняй, думаем пра тое, што было, перажываем за нешта. Знаходзіцца ў цяперашнім, быць тут і зараз, не ўмеем. Заўсёды раблю на гэтым акцэнт, калі працую са студэнтамі. Я прашу, каб яны адчулі сябе ў гэтым моманце і тут, дзе яны ёсць, каб прыслухаліся да дыхання і прааналізавалі, ці знаходзяцца са мной, у аўдыторыі, не думаючы аб нечым іншым. Канцэнтрацыя на адчуваннях цела дае цікавы вынік. Задумайцеся, наколькі вы знаходзіцеся тут, і паспрабуйце самі сабе адказаць на пытанне, наколькі жывяце цяперашнім, сённяшнім днём і гэтай хвілінай.
У мультфільме “Кунг-фу Панда” была мудрая чарапаха. Яна гаварыла, што “будучыня захавана, мінулае забыта, а цяперашняе — даравана”. Гэта мудрыя словы, таму ці не пара б і нам жыць па такім прынцыпе?
Гутарыла Наталля САХНО.