Паспрабаваць гісторыю на смак

- 12:50Адукацыйныя праекты

Што елі ў каралеўскім палацы ў часы праўлення Сігізмунда І? Хто першым пазнаёміў беларусаў з кавай? Якія прадукты прывезла з сабой каралева Бона Сфорца? На гэтыя і многія іншыя пытанні знайшлі адказ маладыя педагогі — удзельнікі новага праекта Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі “Педагог — грамадзянін, сем’янін”, які днямі стартаваў у сталіцы.

— Сёння мы займаем сур’ёзную пазіцыю ў грамадска-палітычным жыцці краіны і добра разу­меем, што з маладымі педагогамі трэба право­дзіць растлумачальную работу. Таму і быў запушчаны праект “Педагог — грамадзянін, сем’янін”. Усё ўзаемазвязана: у якой краіне жыве малады чалавек, якую ён атрымаў адукацыю, якія каштоўнасці трэба культываваць, для таго каб застацца ў прафесіі, быць запатрабаваным у грамадстве, каб стварыць сваю сям’ю і правільна выхоўваць падрастаючае пакаленне, — гаво­рыць старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава.

Дарэчы, гэта не першы праект сталічнага прафсаюза. З 2015 года ідзе работа ў гэтым напрамку з моладдзю Мінска. Пачалося ўсё з адукацыйнага праекта “Настаўнік — артыст: парадыгма поспеху”. Было арганізавана супрацоўніцтва з тэатрамі, музеямі. “Мы хацелі данесці маладым людзям, што настаўнік — гэта артыст, а артыст — гэта настаўнік, каб яны маглі ўсвядоміць сваё месца ў педагагічнай супольнасці, у жыцці, — заўважае Ларыса Леанідаўна.

Наступны праект “Прафасвета” — праект фінансавай дасведчанасці. У супрацоўніцтве з Беларусбанкам праводзіліся шматлікія семінары, дзе маладыя педагогі атрымлівалі адказы на пытанні, як фарміраваць сямейны бюджэт, як траціць грошы, як правільна распараджацца імі. У снежні заканчваецца праект “Педагогі Мінска вучацца руліць”, дзякуючы якому моладзі даецца магчымасць дасягнуць сваёй мары і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Дарэчы, у кожным праекце чырвонай ніткай праходзіць элемент грама­дзянскасці, патрыятызму, тое, што павінна падштурхоўваць маладога педагога да таго, чаму ён вучыўся, да замацавання на рабочым месцы.

Мэта праекта “Педагог — грамадзянін, сем’янін”— павышэнне прафесіяналізму, узмацненне матывацыі да прафсаюзнай дзейнасці, сацыяльнае, культурнае і духоўнае развіццё моладзі, а таксама фарміраванне духоўна-маральных якасцей праз далучэнне да сямейных каштоўнасцей і традыцый.

Праект “Педагог — грамадзянін, сем’янін” разлічаны на адзін год. У ім прымуць удзел маладыя педагогі, прафсаюзныя актывісты не толькі са сталіцы, але і з розных абласцей нашай краіны.

На першым этапе праекта ў Мінск завітала дэлегацыя педагогаў з Гродна. Госці наведалі гімназію № 43, у якой назапашаны вялікі вопыт работы з маладымі спецыялістамі. 37% педагагічнага калектыву складае моладзь.
Дырэктар установы Марыя Кавалеўская правяла аглядную экскурсію па гімназіі, азнаё­міла прысутных з асноўнымі напрамкамі яе работы. Па словах дырэктара, акцэнт сёння робіцца на грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Створана музейная прастора: актыўна працуюць музей гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў і музей “Пра подзвіг вялікі і вечны”. На базе гімназіі дзейнічае міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, які, акрамя сваіх навучэнцаў, наведваюць больш за 700 вучняў з іншых устаноў адукацыі раёна.

Разам з настаўніцай медыцынскай падрыхтоўкі Вольгай Зелянко маладыя педагогі прынялі ўдзел у гатаванні торта “Мурашнік” — своеасаблівага сімвала рэалізацыі агульных ідэй і праектаў, сумеснай работы.

Старшыня гарадскога галіновага прафсаю­за Ларыса Волкава і яе намеснік Ала Канаплёва азнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з дзейнасцю маладзёжнага савета. Педагогі мелі магчымасць задаць прафсаюзным лідарам шматлікія пытанні.

Мерапрыемства працягнулася ў сценах кулінарнай студыі Le Gourmet, дзе да гро­дзенскай дэлегацыі далучыліся маладыя педагогі Мінска, прафсаюзныя лідары. Удзель­нікам была прадастаўлена магчы­масць наведаць лекцыю ад шэф-кухара, эксперта беларускай кухні і гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык на тэму “Гісторыя Беларусі праз кулінарыю ад ранняга сярэдневякоўя да нашых дзён” і прыняць удзел у майстар-класе з дэгустацыяй. Згадзіцеся, незвычайны фармат!

Лекцыя майстра была пабудавана ў адпаведнасці з кулінарнымі перавагамі беларусаў у розныя поры года і прывязкай да святочнага календара. Разам з шэф-кухарам госці паспрабавалі згатаваць сапраўдны шляхецкі бігас, стэйк па-радзівілаўску па рэцэпце канца ХІХ стагоддзя, а таксама легендарны дэсерт Агінскага з сакрэтным інгрэдыентам, які, паводле легенды, падавалі ў сядзібе Міхала Клеафаса. Яркае ўражанне пакінуў такі кулінарны прыём, як фламбаванне мяса.

Сустрэча прайшла ў інтэрактыўнай форме. Кожны госць адзначыў для сябе шмат цікавай інфармацыі пра знаёмыя і новыя стравы, а таксама навучыўся гатаваць некаторыя з іх.

— У межах праекта “Педагог — грама­дзянін, сем’янін” плануецца арганізацыя шэрага цікавых мерапрыемстваў. Мяркуецца правядзенне сустрэч у Савеце Рэспублікі, калі пачнецца абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі. Нам важна пачуць меркаванні маладых людзей па гэтым дакуменце. Запланавана таксама сустрэча з работнікамі медыцынскіх устаноў, каб пагаварыць з імі аб жаночым рэпрадуктыўным здароўі, сямейных каштоўнасцях і аб тым, як выхоўваць дзяцей у сям’і і на рабоце. Яшчэ адзін цікавы напрамак — цыкл лекцый, гутаркі з псіхолагамі, майстар-класы і трэнінгі па эмацыянальным выгаранні: як захаваць сябе ў прафесіі, у сям’і, у жыцці.

Завяршальны этап — сустрэчы з вядомымі людзьмі, палітолагамі, дэпутатамі. Наша задача — захаваць і прымно­жыць тое, што ў нас ёсць, і даць магчымасць моладзі зрабіць правільны выбар, — адзначае Ларыса Волкава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.