Паспрабаваць сябе ў тэхнічнай творчасці

Лагер “Крок у будучыню” дзейнічае ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі ўжо другі год. На працягу месяца школьнікі спрабуюць сябе ў розных напрамках тэхнічнай творчасці. Гэта своеасаблівае “ўсё ўключана” для тых, хто хоча пазнаёміць сваіх дзяцей з робататэхнікай, праграмаваннем, але не ведае, з чаго пачаць. Мы наведалі закрыццё чарговай змены, каб на свае вочы ўбачыць вынікі працы педагогаў.

Фінальная выстава лагера “Крок у будучыню” — адлюстраванне ўсіх заняткаў праграмы. Напрыклад, малюнкі фантастычных будынкаў і макеты звычайных дамоў выхаванцы зрабілі падчас сустрэч з педагогам па архітэктурным мадэляванні — папулярны напрамак для дзяцей, у якіх спалучаюцца здольнасці да матэматыкі і мастацтва. А каб напоўніць зроблены з макетаў гарадок сапраўднай інфраструктурай, вучні размясцілі ў ім маленькія ветраныя электрастанцыі і каруселі, што працуюць ад іх энергіі. Гэтыя ўстаноўкі яны прыдумалі і сабралі самі на занятках па робататэхніцы.

Асновы ментальнай арыфметыкі і праграмавання дапамагаюць падрыхтавацца да новага навучальнага года і развіць логіку. Каб заняткі былі цікавымі, школьнікі, атрымаўшы базавыя веды, працавалі над рэальнымі міні-праектамі. Напрыклад, у асяроддзі праграмавання Scratch яны сабралі дзве праграмы: вучні, якія ніколі не спрабавалі працаваць з кодам, склалі простую гульню, а больш вопытныя выхаванцы прыдумалі графічны рэдактар па прыкладзе Paint.

Напэўна, самымі займальнымі былі заняткі па відэаблогінгу: школьнікі навучыліся здымаць і манціраваць ролікі, паспрабавалі пісаць сцэнарыі і трымацца ў кадры. Усе выпускі іх улогаў пра жыццё лагера сабралі на канале аддзела тэхнічнай творчасці і спорту палаца, таму выхаванцы змаглі паказаць іх сябрам і бацькам.

Нарэшце, найбольш рэдкая і цікавая магчымасць, якую атрымалі вучні, — кіраванне сапраўдным дронам.

— Гэта адначасова і забаўляльны элемент, і далучэнне дзіцяці да інавацыйных тэхналогій, — падкрэсліў выкладчык Раман Русланавіч Гудзь, які выкладаў у дзяцей робататэхніку і кіраванне беспілотным лятальным апаратам. — У лагеры большасць дзяцей ніколі не займалася гэтымі дысцыплінамі, таму мы так арганізавалі адукацыйны працэс, каб ён быў нескладаным, займальным і бяспечным.

Як расказаў педагог, паспрабаваўшы такое “асарці” з розных напрамкаў тэхнічнай творчасці, дзеці ахвотна запісваюцца на заняткі ў наступным навучальным годзе, таму для школьнікаў і бацькоў такі адпачынак — своеасаблівы спосаб сарыентавацца ў модных сёння STEM-гуртках, а для палаца — магчымасць прыцягнуць новых выхаванцаў. Можна сказаць, выйграе кожны.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з архіва палаца.