Паспяховае функцыянаванне, накіраванае на развіццё

- 10:49Планёрка ў рэгіёне

Іванаўскі раён — невялікі сельскі раён Брэсцкай вобласці, што, безумоўна, накладвае свой адбітак на арганізацыю сістэмы адукацыі. Але тут да сваіх тэрытарыяльных асаблівасцей ставяцца як да перавагі, а не як да недахопу, таму змаглі стварыць цэласную і эфектыўную мадэль рэгіянальнай адукацыі. Сёння ў цэнтры ўвагі гэтай мадэлі — прафесійны рост настаўніка. Набытым вопытам з намі дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Рыгор Максімавіч СЫСА.

— Рыгор Максімавіч, Іванаўскі раён сёння — гэта…
— Калі вельмі коратка, то гэта 52 установы, у тым ліку 30 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 17 устаноў дашкольнай адукацыі. Установы дашкольнай адукацыі наведвае 1705 дзяцей, а ў школах раёна вучыцца 5358 навучэнцаў.
Па выніках 2013/2014 навучальнага года медалямі ўзнагароджаны 15 выпускнікоў, пахвальным лістом “За асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў” — 81 выпускнік. Вышэйшую адукацыю атрымліваюць 46,9% выпускнікоў, у сярэдніх спецыяльных навучальных установах вучыцца 30% (па вобласці — 24,7%), у прафесійна-тэхнічных — 22% (па вобласці — 15,3%).
У школах раёна функцыянуюць 7 музеяў, 2 з якіх носяць званне “народны” (у вобласці званне “народны” маюць толькі 6 музеяў). Званне “ўзорны” атрымалі 3 дзіцячыя калектывы, у тым ліку музычны тэатр у сярэдняй школе № 4 Іванава.
З пяці абласных конкурсаў школ аграгарадкоў школы раёна тройчы ўзнагароджваліся дыпломамі першай ступені, адзін раз — другой. У 2014 годзе ў раёне праходзіў рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый.

— А можна пра кірмаш больш падрабязней?
— Сёння мы пастаянна гаворым пра тое, што трэба рабіць усё, каб настаўнік займаў годнае месца ў грамадстве. Але прэстыж педагога — гэта яго прафесіяналізм. А настаўнікі ў нас працуюць высокакваліфікаваныя, гатовыя дзяліцца сваімі метадычнымі, арганізацыйнымі, выхаваўчымі здабыткамі. У нас існуе шмат форм прафесійнага ўзаемадзеяння, але ўсе яны традыцыйныя (нарады, метадычныя пасяджэнні). Школа павінна ўвесь час рухацца наперад, развівацца, што патрабуе новых, больш эфектыўных форм работы.
Добра мець свой вопыт, але без знешніх сувязей нельга паспяхова развівацца. Гэтаму як мага лепш садзейнічае новы падыход у арганізацыі педагагічнага супрацоўніцтва, пабудаваны на ідэях кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый. Сам кірмаш праходзіць у Расіі, і мы не раз прымалі ў ім удзел. У жніўні 2014 года замест традыцыйнай жнівеньскай нарады мы правялі рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, на якім былі прадстаўлены аўтарскія работы педагогаў Іванаўскага і Столінскага раёнаў Брэстчыны, была дэлегацыя педагогаў з Яраслаўскай і Самарскай абласцей Расіі.
Кірмаш — механізм прыцягнення і прасоўвання новых методык і тэхналогій, аўтарскіх праектаў і перадавых ідэй, якія даюць якасныя вынікі ў навучанні і выхаванні. Кірмаш дазваляе ўплываць на якасць адукацыі, гэта форма работы, здольная зацікавіць, захапіць, дапамагчы выбудаваць прафесійную і жыццёвую траекторыю педагога.
Галоўная асаблівасць кірмашу ў тым, што ён паказвае настаўніку спосабы дасягнення паспяховасці і кар’ернага росту ў грамадстве з рыначнымі адносінамі, вучыць педагога годна ацэньваць сябе і сваю працу, быць мабільным і запатрабаваным не толькі ў сферы адукацыі, паднімае прэстыж настаўніка ў грамадстве.
У рамках кірмашу дзейнічала 66 стэндавых прэзентацый, было праведзена 10 майстар-класаў і на аўкцыёне рэалізавана 7 лепшых педагагічных праектаў. На кожным этапе кірмашу ў кожнага ўдзельніка была магчымасць рэалізаваць свой інтэлектуальна-метадычны прадукт. І, напрыклад, найбольшую зацікаўленасць у рамках правядзення аўкцыёну выклікаў праект намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Яячковіцкай сярэдняй школы А.А.Гарахоўскага “Ажыццяўленне кантролю за адукацыйным працэсам: электронныя праграмы па маніторынгу выніковасці навучанасці вучняў, аналізу пропускаў!”. У гэтым годзе мы зноў будзем праводзіць такі кірмаш.

— Сапраўды, гэта новая форма супрацоўніцтва, здольная садзейнічаць творчаму росту педагога. А як гэта адбіваецца на выніках навучэнцаў?
— Пэўныя вынікі ёсць. Сёлета ў заключным этапе алімпіяды прынялі ўдзел 10 вучняў раёна: 5 навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі, 1 — пахвальным водзывам.
Для ўдасканалення падрыхтоўкі вучняў да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах былі зроблены пэўныя захады. У мэтах аб’яднання патэнцыялаў адораных навучэнцаў і найбольш творчых педагогаў у раёне створана сістэма трэнерства, пры якой па кожным прадмеце вызначаны настаўнікі-трэнеры, якія працуюць не толькі з навучэнцамі, але і ўзаемадзейнічаюць з настаўнікамі на месцах. А каб трымаць сувязь з аддаленымі школамі, шырока выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя формы работы, у тым ліку ІКТ.
Прыкладам такой паспяховай сумеснай работы з’яўляецца дзейнасць педагога-трэнера па геаграфіі А.Г.Федарука, настаўніка Адрыжынскай сярэдняй школы. На працягу 7 гадоў штогод навучэнцы раёна атрымліваюць дыпломы на абласным і два гады на рэспубліканскім этапах алімпіяды па геаграфіі. У 2015 годзе нашы навучэнцы на абласным этапе алімпіяды па геаграфіі атрымалі два дыпломы, а вучань11 класа Юхнавіцкай сярэдняй школы Андрэй Валасюк заваяваў дыплом ІІІ ступені на заключным этапе і быў узнагароджаны прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у школе разам з трэнерам Андрэя рыхтавала яго маці, Вольга Еўдакімаўна Валасюк, якая выкладае геаграфію ў школе.
Пераможцамі заключнага этапу таксама з’яўляюцца вучні гімназіі Настасся Рэсько, Дар’я Гулюк, Наталля Антанюк, якіх рыхтавалі настаўнікі хіміі А.В.Таболіна і біялогіі В.А. Лялюк. Вучаніца сярэдняй школы №4 Іванава Хрысціна Сяглюк пад кіраўніцтвам настаўніка Н.В. Масюк другі раз запар стала пераможцай заключнага этапу алімпіяды па грамадазнаўству.

— І апошняе пытанне будзе тычыцца маладых настаўнікаў. Адны наракаюць на іх метадычную непадрыхтаванасць і нежаданне працаваць у школе, а другія стараюцца дапамагчы адаптавацца ў прафесіі і развіць іх ініцыятыўнасць. Што робіце вы?
— Учарашнія выпускнікі валодаюць глыбокімі тэарэтычнымі ведамі, але не гатовы да вырашэння педагагічных і псіхалагічных праблем, з якімі сутыкаюцца ў практычнай дзейнасці, маюць цяжкасці ў фарміраванні індывідуальнага педагагічнага стылю. Таму маладыя педагогі з першых дзён працоўнай дзейнасці акружаны ў нас усемагчымай увагай. Тут жа хачу адзначыць, што 80—90% маладых педагогаў — гэта нашы выпускнікі.
Для іх арганізавана метадычнае суправаджэнне як на ўзроўні аддзела, так і на ўзроўні ўстаноў адукацыі. У раёне больш за 10 гадоў функцыянуе “Школа стажора”. Апорнай школай па арганізацыі работы з маладымі педагогамі з’яўляецца гімназія Іванава, на базе якой праводзяцца заняткі Школы стажора, адкрытыя ўрокі, вызначаюцца настаўнікі-кансультанты, з якімі маладыя спецыялісты маюць магчымасць сустракацца. Маладыя спецыялісты адзначаюць асаблівую значнасць для практычнай дзейнасці заняткаў па праблемах педагагічных зносін, дзе з дапамогай актыўных форм работы адпрацоўваюцца шляхі вырашэння і папярэджання канфліктных сітуацый, разглядаюцца пытанні псіхалагічнага складніка ўрока.
У 2014/2015 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Іванаўскага раёна арганізавана стажыроўка для 14 маладых спецыялістаў. У нас усе навучальныя ўстановы ўкамплектаваны педагогамі. І мы стараемся рабіць усё магчымае і немагчымае, каб нашы настаўнікі не гублялі агеньчыка зацікаўленасці ў вачах. Падбіраючы вопытнага настаўніка для вядзення маладога спецыяліста, мы звяртаем увагу і на псіхалагічнае сумяшчэнне. І нашы вопытныя настаўнікі не з’яўляюцца кантралёрамі маладых, яны — памочнікі.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.