Паспяховае выступленне каманды хімікаў

50-я Міжнародная хімічная алімпіяда (IChO-2018) праходзіла з 19 па 29 ліпеня ў Чэхіі і Славакіі. Выступленне беларускай каманды было паспяховым: старшакласнікі заваявалі 1 сярэбраны і 3 бронзавыя медалі. Трэнерамі каманды з’яўляліся кандыдат хімічных навук загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк і дацэнт гэтай жа кафедры Аляксандр Антонавіч Рагойша.

Тры алімпіядныя медалі атрымалі ліцэісты БДУ. “Серабро” — у Паліны Булаўскай, “бронза” — у Алега Караткова і Дзяніса Новаша. Акрамя таго, бронзавы медаль заваяваў Аляксей Гарахоўскі з гімназіі № 29 Мінска.

Міжнародная алімпіяда па хіміі — штогадовае спаборніцтва для школьнікаў з розных краін свету. Яе асноўная задача — павысіць цікавасць навучэнцаў да хімічных навук. Кожную краіну прадстаўляла каманда, у складзе якой былі 4 школьнікі і 2 педагогі.
“1-я Міжнародная хімічная алімпіяда адбылася ў Празе ў 1968 годзе, калі Чэхія і Славакія былі адзінай дзяржавай, — нагадаў кіраўнік каманды Віктар Мікалаевіч Хвалюк. — Сімвалічна, што і 50-я, юбілейныя, спаборніцтвы прайшлі ў гэтых краінах: пачаліся ў Браціславе (Славакія), а завяршыліся ў Празе (Чэхія). Сёлета за ўзнагароды змагаліся 300 школьнікаў з 76 краін свету. Увогуле ўдзельнікі атрымалі 35 залатых, 66 сярэбраных і 96 бронзавых медалёў”.

Алімпіяда ўключала два туры: эксперыментальны і тэарэтычны, якія праводзіліся ў розныя дні. Кожны з іх доўжыўся 5 гадзін. На тэарэтычным можна было атрымаць максімум 60 балаў, на практычным — 40. Кожны з тураў ацэньваўся незалежна адзін ад аднаго, а агульны вынік удзельніка вызначаўся па суме балаў за два іспыты.

Тэкст заданняў практычнага тура сёлета змяшчаўся амаль на 40 старонках, тэарэтычнага — на 53-х. Алімпіяда па традыцыі пачалася з эксперыментальнага тура, дзе прапаноўвалася 3 задачы. Першая — на арганічны сінтэз складаных спалучэнняў: трэба было іх сінтэзаваць, зрабіць экстракцыю, храматаграфію і напрыканцы вылучыць гэтыя спалучэнні. Другая задача правярала веды школьнікаў у сферы хімічнай кінетыкі. Трэцяя задача была на звычайнае цітраванне: неабходна было цітраваць ваду, вызначыць, колькі ў ёй кальцыю, магнію, натрыю, калію і г.д., а затым устанавіць, вада якой гандлёвай маркі цітравалася.

Выканаць заданні паслядоўна за 5 гадзін было немагчыма, таму алімпіяднікі стараліся рашаць паралельна па дзве задачы. Лепшыя вынікі за практыку ў беларускай каманды былі толькі ў Паліны Булаўскай.

З тэорыяй беларускія старшакласнікі справіліся добра. На алімпіядзе было прапанавана 8 тэарэтычных задач: па арганічнай хіміі, біяхіміі, аналітычнай, фізічнай, арганічнай і крышталяхіміі, тэрмадынаміцы — іх змест ахопліваў амаль увесь універсітэцкі курс.

На міжнароднай алімпіядзе пры праверцы заданняў дамінуе фармальны падыход. Калі школьнік, напрыклад, не напісаў у вызначаным месцы пэўную формулу, ён атрымае 0 балаў за задачу, нават калі рашыў яе правільна. Беларусы часам страчваюць балы з-за некарэктнага афармлення або з-за няўважлівасці.
Віктар Мікалаевіч Хвалюк адзначыў, што вынікі выступленняў беларускай каманды па хіміі могуць быць лепшымі. Неаднойчы беларусы прывозілі міжнароднае “золата”, у прыватнасці ў 2013 і 2016 годзе. У 2001-м заваявалі нават абсалютнае “золата”. Для таго каб алімпіядны поспех быў стабільным, падрыхтоўка да міжнародных спаборніцтваў павінна весціся на працягу ўсяго навучальнага года. У Расіі, напрыклад, рыхтавацца пачынаюць ужо ў лістападзе. Таксама трэба, каб у школьнікаў была магчымасць атрымаць навыкі работы на сучасным абсталяванні і з усімі неабходнымі рэактывамі. Адсутнасць доўгай сур’ёзнай трэніроўкі не лепшым чынам адлюстроўваецца на выступленнях навучэнцаў, асабліва падчас эксперыментальнага тура.

У ліку лепшых на 50-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе былі навучэнцы з Кітая, Тайваня, Паўднёвай Карэі, Сінгапура, В’етнама. Абсалютным пераможцам стаў прадстаўнік кітайскай каманды. Ён набраў 94 балы. 2-е месца (90 балаў) — у расійскага школьніка Аляксея Канаплёва. На 3-м месцы з 88 баламі навучэнец з Паўднёвай Карэі.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы школьнікаў перамяжоўваліся з пазнавальнымі экскурсіямі па Браціславе і Празе.

У наступным годзе алімпіяда адбудзецца ў сталіцы Францыі Парыжы.

* * *

“Аднойчы мама запісала мяне на дадатковыя заняткі па хіміі, з гэтага моманту пачалося маё захапленне прадметам. Асабліва добра ўдавалася рашаць задачы, — згадвае Паліна Булаўская, уладальніца “серабра”. — У той час я вучылася ў Верхнядзвінскай гімназіі, дзе хімію вяла Ала Казіміраўна Ганічава. У 8 класе мне пашчасціла выступіць за 9 клас на абласной і рэспубліканскай алімпіядах па хіміі і атрымаць свае першыя сур’ёзныя ўзнагароды”.

Дзевяцікласніцай разам з сям’ёй Паліна пераехала ў Мінск і працягнула вучобу ў сярэдняй школе № 51. Як пераможца рэспубліканскай алімпіяды без экзаменаў паступіла ў Ліцэй БДУ. У 10 класе атрымала дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе, “серабро” на Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі і на 49-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе. Новыя перамогі натхнялі Паліну ўсё больш. Бягучы год таксама стаў паспяховым для дзяўчыны: яна ўзяла “золата” на Мендзялееўскіх спаборніцтвах і “серабро” — на міжнародных.

Паліна Булаўская ўжо з’яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (спецыяльнасць “Лячэбная справа”).

Надзея ЦЕРАХАВА.