Паспяховасць дзяцей залежыць ад паспяховасці настаўніка

Педагогі навучаюць педагогаў — эфектыўны, накіраваны на павышэнне якасці адукацыі спосаб перадаваць вопыт і майстэрства. На Гомельшчыне гэтую задачу вырашае клуб педагогаў “Зорнае крыло”.

Сёлета “Зорнае крыло” адзначыць 10-годдзе сваёй дзейнасці. За гэты час членамі клуба праведзена вялізная работа ў самых розных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Зараз у яго складзе налічваецца паўсотні чалавек — настаўнікі найвышэйшага прафесійнага ўзроўню, амаль усе яны творчыя педагогі і маюць катэгорыю настаўніка-метадыста.

У вобласці клуб прафмайстэрства ўзнік у многім дзякуючы прарэктару Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вользе Блажко. У 2006 годзе яна стала ўдзельнікам конкурсу “Настаўнік года” і адным з першых членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”.

— Удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства педагогаў — гэта насамрэч вялізны вопыт, які павінен трансліравацца і перадавацца, — дзеліцца думкамі Вольга Аляксандраўна. — І мне вельмі хацелася, каб на Гомельшчыне існаваў нейкі клуб накшталт рэспубліканскага, які б аб’ядноўваў лепшых педагогаў з мэтай працаваць над павышэннем прафесійнага ўзроўню сваіх калег.

Сёння “Зорнае крыло” сабрала не толькі тых, хто ў розныя гады спаборнічаў за званне лепшага настаўніка краіны, але і ўдзельнікаў шматлікіх абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў. Дзейнасць клуба пабудавана на выязных семінарах-практыкумах. У адукацыйнай сферы кожнага рэгіёна ёсць свае пытанні і праблемы, над якімі неабходна папрацаваць. Раённы аддзел адукацыі ці адміністрацыя пэўнай установы вызначаюць тэматыку, згодна з якой для выезду фарміруецца каманда з 5—8 членаў клуба. Работа ўключае тры блокі: адкрытыя ўрокі, майстар-класы і семінар як падвядзенне вынікаў.

— Атрымліваецца, што настаўнік-прадметнік можа паглядзець 2 ці 3 адкрытыя ўрокі, затым прыняць удзел у майстар-класе і ў семінары, — тлумачыць Вольга Блажко. — Таму мы можам гаварыць пра комплекснае навучанне педагогаў раёна ці школы. Зразумела, гэта не разавая праца. Яна працягваецца потым ужо ў іншых кантэкстах: дыстанцыйныя кансультацыі, індывідуальныя тлумачэнні, метадычная дапамога і г.д.

Выніковасць такой дзейнасці — у паказчыках. Напрыклад, настаўнікі Добрушскага раёна вучыліся рыхтаваць дзяцей да паспяховага ўдзелу ў алімпіядах па прадметах, і ў хуткім часе навучэнцы сталі паказваць больш высокія веды. Значна вышэй пасля наведвання рэгіёнаў членамі “Зорнага крыла” падняліся ў рэйтынгу цэнтралізаванага тэсціравання Кармянскі, Лельчыцкі і Брагінскі раёны.

Нярэдка прыходзіцца ўносіць карэктывы ў запланаванае. Часам узнікаюць складанасці, асабліва ў невялічкіх раёнах. Так, на Брагіншчыне аказалася, што рыхтаваць выпускнікоў да цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы проста няма каму. Так склалася, што ў раёне няма вопытных настаўнікаў па прадмеце, усе — маладыя спецыялісты. На дапамогу адправіўся настаўнік-метадыст, зараз дырэктар адной са жлобінскіх школ, Алег Купрацэвіч. І зноў складанасць: ва ўсім раёне дзяцей, якія рыхтаваліся да ЦТ па фізіцы, налічылася ўсяго 8 чалавек. Зразумела, пабудаваць адкрыты ўрок з такой колькасцю навучэнцаў складана, таму Алегу Анатольевічу прыйшлося ўжо на месцы перастройвацца і замяніць адкрыты ўрок на факультатыўныя заняткі.

— Як рэагуюць педагогі ў раёнах на такія навучальныя семінары? — пытаюся ў Вольгі Аляксандраўны.

— Па-рознаму, не заўсёды прыязна, — шчыра адказвае яна. — Таму, напэўна, што адчуваюць у сабе нейкія прабелы, магчыма, у іх не занадта высокі ўзровень выкладання. Зразумела, прыедуць прафесіяналы, пасля якіх неабходна будзе мяняць свае падыходы. Дзеці ж убачаць, што такое цікавы ўрок, якім ён можа быць, што можна вынесці з гэтага ўрока. Для тых, хто лянуецца і не хоча нічога мяняць у сваёй рабоце, канечне, такі вопыт непажаданы.

Але, на шчасце, большасць настаўнікаў імкнуцца развівацца і прафесійна расці. Па словах Вольгі Блажко, часта чуеш падзяку за тое, што дзеці раскрыліся зусім па-іншаму. Часам настаўнік, які заўсёды выкладае ў класе, прызнаецца: нават не думаў, што яго дзеці ўмеюць так гаварыць, так фармуляваць фразы, ставіць пытанні, так аналізаваць.

— Бывае, што перад пачаткам адкрытага ўрока настаўнік спрабуе нібыта даць нейкія ўстаноўкі, маўляў, гэтага вучня не пытайце, бо ён нічога не ведае, гэты ніколі не гатовы і гэтак далей, — расказвае суразмоўніца. — А на справе атрымліваецца ўсё наадварот — якраз гэтыя дзеці працуюць на ўроку вельмі актыўна. Відавочна, што на гэтае дзіця ўжо навесілі нейкі ярлык, і яно не бачыць сэнсу ў тым, каб нешта рабіць на занятках. А тут раптоўна ў яго з’яўляецца шанс паказаць сябе. Наогул, што тычыцца дзяцей, то яны больш адкрытыя, гатовыя да нейкіх змен, новага ўзроўню.

Вядома, нельга прыйсці ў клас да незнаёмых вучняў і адразу пачаць з лёгкасцю працаваць. Спачатку неабходна пераадолець дыстанцыю, якая існуе паміж незнаёмым дарослым і дзецьмі. Але кожнаму педагогу вядомы пэўныя псіхалагічныя прыёмы, якія спрыяюць разбурэнню гэтага бар’ера. Дастаткова літаральна некалькі хвілін, каб выклікаць прыхільнасць навучэнцаў, і вось ужо яны з азартам уключаюцца ў работу. Па сутнасці, члены “Зорнага крыла”, праводзячы адкрытыя ўрокі, паказваюць сваім калегам узровень, да якога могуць вырасці іх дзеці, даказваюць, што на самай справе задача не складаная. Аднак для гэтага трэба спачатку вырасці самім. Як кажуць, паспяховы той педагог, які не толькі навучае, а яшчэ і сам пастаянна вучыцца.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *